Пішам справаздачу талакою!

Рубрики: Новости.

Беларусы працягваюць рыхтавацца да напісання альтэрнатыўнай нулявой справаздачы аб выкананні Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Пакуль яшчэ ёсць час, зацікаўленыя ў гэтым асобы і арганізацыі вывучаюць вопыт іншых краінаў, каб потым з тымі ці іншымі зменамі перанесці яго на беларускую глебу і прыкласці да беларускіх рэаліяў. 11 лютага пад час семінара, арганізатарам якога стаў Офіс па правах людзей з інваліднасцю, эксперты польскага фонда «TUS» Пётр Тодзіс і Малгажата Ператковіч падзяліліся сваім досведам удзелу ў напісанні альтэрнатыўнай справаздачы.

Офис по правам людей с инвалидностью, Конвенция ООН о правах инвалидов, нулевой отчет, альтернативный отчет, Петр Тодис, Малгажата Ператкович
Госці з Польшчы.

Лішне казаць, наколькі карыснай і нават цэннай была гэтая сустрэча. У адрозненне ад Беларусі, якая яшчэ толькі рыхтуецца да ратыфікацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў, у Польшчы ратыфікацыя адбылася ў 2012 годзе, і апошняя альтэрнатыўная справаздача закранала ўжо тры гады дзеяння Канвенцыі. Дакумент ствараўся цягам цэлага года, у яго напісанні ўдзельнічалі больш за дзвесце чалавек. Асабіста Пётр Тодзіс быў аўтарам раздзела пра даступнасць. Пасля напісання тэксты абмяркоўваліся, змяняліся або дапрацоўваліся, бо знайшлося і нямала спрэчных момантаў (як, напрыклад, такі: ці можа жанчына зрабіць аборт, калі пад час цяжарнасці ў дзіцяці выявіліся парушэнні ў развіцці?) Паводле польскай практыкі, канчатковае рашэнне аб тым, якія пытанні мусяць асвятляцца ў дакуменце, прымаў рэдактар – чалавек, дасведчаны ў розных пытаннях жыцця людзей з інваліднасцю.

Польскія эксперты распавялі, што праз стварэнне альтэрнатыўнай справаздачы можна дасягнуць некалькіх важных мэтаў. Перш за ўсё гэта выдатная магчымасць прааналізаваць сітуацыю аб становішчы людзей з інваліднасцю, а таксама вызначыцца з тым, якія змены патрэбныя. Акрамя таго, альтэрнатыўная справаздача можа стаць спосабам наладзіць дыялог з дзяржавай, гэта тым больш актуальна, калі справаздачу стварае не адна, а некалькі арганізацыяў. Праўда, каб дасягнуць канструктыўнай размовы з дзяржавай, лічыць Малгажата Ператковіч, трэба не крытыкаваць яе дзеянні, а спакойна выказваць свае меркаванні – у першую чаргу гэта варта зрабіць самім людзям з інваліднасцю. Хочацца думаць, што такія меркаванні, не надуманыя, а акурат узятыя з жыцця, будуць больш дзейснымі, чым крытыка. Але справаздачу можна разглядаць і як інструмент уздзеяння на дзяржаву: калі дамовіцца не атрымліваецца, можна дабіцца зменаў у лепшы бок, звярнуўшыся да міжнародных арганізацыяў, якія займаюцца праблемамі людзей з інваліднасцю. У залежнасці ад мэты, з якой ствараецца альтэрнатыўная справаздача, можна шукаць і партнёраў для яе напісання.

***

Зрэшты, не толькі тэарэтычныя выкладкі разглядаліся пад час семінара. Пётр Тодзіс і Малгажата Ператковіч далі беларусам шэраг практычных парадаў, якія, думаецца, вельмі прыдадуцца ў стварэнні папярэдняга праекта нулявой справаздачы. І, напэўна, невыпадкова перад напісаннем справаздачы беларусы раяцца менавіта з польскімі калегамі. Усё ж такі сітуацыя ў Беларусі і ў краінах Заходняй Еўропы яшчэ вельмі адрозніваецца, а да вопыту Польшчы, нашай бліжэйшай суседкі, акурат і варта прыгледзецца. І цяпер, як стала зразумела з расповеду польскіх гасцей, праблемы і складаныя пытанні ў іх краіне застаюцца, ратыфікацыя Канвенцыі, натуральна, не вырашыла іх адным махам. Напрыклад, і дагэтуль у Польшчы захоўваецца велізарны разрыў паміж становішчам інвалідаў у вёсцы і ў горадзе (зрэшты, для Беларусі гэта таксама праблема). Вельмі складаным і не заўсёды зразумелым з’яўляецца працэс атрымання інваліднасці. У Польшчы існуюць пяць сістэмаў вызначэння інваліднасці: асобна для сельскіх жыхароў, асобна для вайскоўцаў і інш. Як бачыце, яшчэ далёка не ўсе пытанні вырашаныя.

Пётр Тодзіс расказаў наступную гісторыю, якую б можна было нават назваць забаўнай, калі б не… Зрэшты, мяркуйце самі.

Два гады таму быў выпадак, калі дзяўчына з паражэннем галаўнога мозгу хацела выйсці замуж. Уласна, адзіная яе праблема была ў тым, што дзяўчына не вельмі выразна размаўляла. Кіраўнік загса не змог з ёю пагаварыць, бо не разумеў, што яна кажа. І вынес вердыкт: не дазволіў дзяўчыне пабрацца шлюбам. Кіраўнік загса запатрабаваў заключэнне псіхіятра аб тым, што дзяўчына можа выйсці замуж, аднак ніякі псіхіятр, ды і ніводзін урач увогуле, як вы разумееце, такога заключэння не дасць, бо не мае на гэта права. Будучага мужа гэтай дзяўчыны абавязалі прайсці такую ж самую працэдуру, бо ў яго таксама была невыразная мова.

– Насамрэч гэтая сітуацыя абсурдная, – выказаўся Пётр Тодзіс. – Два дарослыя чалавекі не могуць пабрацца шлюбам, бо кіраўнік загса лічыў гэта немагчымым. Недасканаласць польскага заканадаўства ў тым, што ён меў права патрабаваць гэтыя дакументы. – Тут сама сабою напрошваецца аналогія з нашай медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй, члены якой, напрыклад, маюць права вызначаць, кім могуць або не могуць працаваць людзі з інваліднасцю.

– Суд па гэтай справе цягнуўся два гады, – падсумаваў польскі эксперт, – і маладыя людзі ў рэшце рэштаў атрымалі дазвол узяць шлюб (а мне так і хочацца сказаць: значыць, гэта было сапраўднае каханне, калі яно чакала цэлыя два гады! – аўт.).

***

Пакуль жа Офіс па правах людзей з інваліднасцю рыхтуе праект нулявой справаздачы. Сама справаздача будзе прадстаўленая дзяржаве прыкладна ў канцы красавіка або ў пачатку мая.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.