Каб памятаць

Рубрики: Новости.

Добрым прыцемкам, спяшаючыся, я скіроўваю сябе з цэнтральнай вясковай вуліцы на прывычную, утаптаную палявую дарогу ў бок любімага паселішча дзяцінства – Засвяціцкі хутар. Паварочваю на вузкую сцяжынку, якая крута збочвае на левы бок адзінокіх сядзіб, і ўжо воддаль з радасцю ў душы заўважаю святло ў вакенцы сваёй роднай хаціны. Ой, як добра. Мама дома. Чакае.

Радасць сустрэчы кудысьці імгненна прападае: я прачынаюся. Уздыхнуць бы і забыцца пра гэты сон. Ведаць бы, што мамы не паміраюць, што не могуць памерці яны, яснавокія, самыя добрыя і ласкавыя, нашы чуллівыя абярэгі.

На змену нябачнай сувязі з небам прасторай я наяве ў час бяссонніцы пачынаю разважаць пра таямніцы і дзівосы чалавечай памяці: дзяцінства назаўжды прайшло, але закрываю вочы – і вось яно – рукой дацягнуцца можна і пакрочыць з гэтых дарослых цяжкіх гадоў у яснасонечныя незаходзячыя дні, бясконца плывучыя пад высокім купалам неба.

Мае ўспаміны пахнуць дзяцінствам, вясной, юнацтвам, кожным насельнікам нашага невялікага хутара.

Чэрпаць успаміны хочацца пачаць, перш за ўсё, з самай чыстай, глыбіннай, незамутненай крыніцы жыцця – вобраза сваёй матулі, якая служыла для нас, пецярых яе дзяцей, школай мужнасці, высакародства, адданай вернасці мацярынскаму абавязку. Гэта жанчына – золата высокай пробы. І пішу пра гэта не таму, што грозны, бязлітасны час вызначыў вобраз жыцця нашых родных, але і таму, што толькі значна пазней мы па-сапраўднаму асэнсавалі тую сілу пераадольвання, якой валодалі нашыя матулі ў гады вайны і пасляваенныя гады.

Канец мая 1944 года. Бацька, сувязны партызанскага атрада, цяжка паранены баявой гранатай, абяскроўлены, толькі і змог прашаптаць над схіліўшымся ў горы тварам жонкі: «Беражы дзяцей». І закрыўся свет.

Яго амаль што ўпотайкі ад вачэй каравула паліцэйскага гарнізона пахавалі на мясцовых могілках.

Вярнулася дахаты, роспач, гора, страх, душэны боль – усё разам хлынула з яе вачэй морам слёз. Яна абхапіла рукамі чатыры галоўкі сваіх хлопчыкаў-мялюзгі, стоячы каля калыскі пятага двухмесячнага немаўляці, і плакала ўголас, наўзрыд, да знямогі. Плакалі і дзеці. Старэйшы 10-гадовы Вася стараўся яе супакоіць: «Мамачка, не плач. Ну, неяк жа будзем жыць».

Так, без родных, сваякоў, бацькоў, без мужчынскай апоры трэба было самой думаць, як жыць: перанесці невыноснае, асіліць няздужанае, усё перацярпець, усё пераадолець – толькі так яна цэментавала сваю волю і вялікае жаданне зберагчы дзецям жыццё. Менавіта такі матыў служыў навігатарам курсу ўсёй яе жаночай дзейнасці.

Акрамя позняй ночы, я ніколі не бачыла матулю без працы. Летам яна завіхалася на прысядзібным участку, у піліпаўку прала кужаль, пасля Каляд ткала на кроснах прыгожыя абрусы ці проста льняное палатно для адзення дзецям. І акрамя гэтага пастаянна выпрацоўвала мінімум працадзён у калгасе.

Нягледзячы на цяжкі крыж беспрасветных будняў, матуля не замыкалася ў сабе, не азлаблялася, была вельмі прыветнай і дабрадушнай з людзьмі, з гонарам несла сваю маладую, чыстую жаноцкасць і прывабнасць.

Тым часам дзеці падрасталі, ростам цягнуліся ў бацьку, былі такія ж прыгожыя, паслухмяныя, здольныя да вучобы. Матуля трымала іх у рамках строгіх паводзін, нягледзячы на беднасць і матэрыяльную нястачу, патрабавала, каб нідзе нікому не шкодзілі, не квапіліся на чужое, абыходзіліся тым, што мелі.

Жылі надгаладзь, штодзённая нішчымніца: бульба з квасам, якой удосталь ніколі не хапала. Тоўчанае семя, цёртыя каноплі, зацірка на вадзе ў адну руку лічылася за вялікае шчасце. Хлеб на стале – няйздзейсненая мара.

Вясной выручаў падножны корм: лебяда, крапіва, шчаўе ды зайчыкава капуста, на смак кіславатая ды калючая. Дзівосна смачнымі здаваліся гарачыя бліны з мінулагодняй бульбы – гнілянікі.

З выхадам кароў на пашу хлопцаў запрашалі ў падпаскі за кавалак хлеба. А з часам хлеб стаў таксама часцей з’яўляцца на нашым абедзенным стале. Воляй абставін на наш хутар да суседкі, першага мужа якой расстралялі немцы па даносу мясцовага паліцая за сувязь з партызанамі, наведаўся прадстаўнік НКВД. Па просьбе гэтай жанчыны спасці нашу сям’ю гэты з божай душой чалавек зазірнуў і ў нашу хату. Пустата, выгляд схуднелых дзяцей, асабліва мой, страшна паралізаванай рахітам, яго вельмі ўразіў, і ён неадкладна, падрабязна распытаўшы матулю пра дзейнасць бацькі ў гады вайны, адправіў пісьмо ў штаб партызанскага руху Беларусі, адкуль прыйшло пацверджанне ісціннасці выкладзеных фактаў, і матулі прызначылі пенсію ў суме 19 рублёў у месяц.

Ішоў час. Хлопцы адзін за адным заканчвалі сямігодку і выляталі з роднага гнязда ў спецыяльныя прафтэхнічныя ўстановы, дзе іх кармілі і забяспечвалі спецадзеннем. У свабодны час шукалі ў горадзе падпрацоўку. Каб выжыць. Так у нашым родзе з’явіліся будаўнік, электрык, механізатар, шахцёр. Не забывалі дарогу і да матулі. Брат Мікалай прама з СПТУ паехаў на асваенне цалінных зямель у Казахстан і адтуль прысылаў нам пшаніцу.

Толькі пасля кожны з іх самастойна набыў вышэйшую адукацыю і згодна профілю – прыстойныя пасады: дырэктар завода, афіцэр марфлоту, начальнік цэха, рэдактар газеты. Месца пражывання – розныя крайнія пункты былога СССР: Нарыльск, Новасібірск, Омсукчан, Таймыр.

Толькі мне, самай малодшай з іх, пашчасціла быць побач з мамай, бо прапанову здаць мяне ў дом-інтэрнат яна катэгарычна адвергла. Я да скону гадоў буду ўдзячна ёй за гэта. Дзякуючы яе настойлівасці, я пазбавілася інваліднасці. Кожны вечар мая матуля рабіла кампрэсы на ноч (яны мелі форму сплеценых карэнняў, густа пасаджаных у адну лунку непрарэджаных буракоў) з распаранага ў печы муравейніка. Сасновыя ігліцы калоліся, было балюча, я плакала, але мама працягвала рабіць такія працэдуры, пасля якіх паступова выпрамляліся косці ног, і к шасці гадам я стала хадзіць, як звычайныя дзеці.

Так я сталела на сваім хутары сярод сваіх людзей, убірала ў сябе іх сялянскую мудрасць, вучылася адрозніваць дабро ад зла, магчымасць чуць неаднаразова паўторныя расповеды аб самых драматычных эпізодах ваеннай пары кожнай сям’і. Іх жыццё, як і маёй матулі, было подзвігам.

Праглядваецца на ўзгорку ад нашай хаты травяністая сцяжынка метраў у 400 да дабротнай сядзібы Івана Фёдаравіча і Вольгі Тарасаўны. Побач з сядзібай луг, па краях заросшы кустарнікам. Як жа незабыўна хораша па вясне там спявалі салаўі!

У самым канцы вайны сядзібу Івана Фёдаравіча нечакана напаткала смяротная трагедыя. Напярэдадні Вялікадня ў Чырвоную суботу гаспадыня-маці шасцярых дзяцей рыхтавалася да свята: напякла пірагоў, адварыла мяса, нафарбавала яек – і ўсё гэта паставіла на палічку ў варыўню. Замкнула і не паспела адыйсці ад дзвярэй, як раптам перад носам з’явіліся двое бандытаў-коннікаў з аўтаматамі наперавес і, пачуўшы пах смакаты, злосна запатрабавалі адчыняць будыніну. Жанчына, спужаўшыся, згубіла ключ у траву, пакуль шукала, бандыты пусцілі ў яе аўтаматную чаргу. Збілі замок і ўсё адтуль выграблі. На пачутыя стрэлы выскачыла свякроў жанчыны і з крыкамі: «А, сволачы, што ж вы нарабілі!» ад новай аўтаматнай чаргі снопам звалілася на зямлю. Так Чырвоная субота для гэтай сям’і стала крывава-чырвонай.

Праз некаторы час на шасцярых малалетніх дзяцей прыйшла новая гаспадыня, маладая ўдава з трыма ўжо дарослымі дзецьмі, вязень Нямеччыны Вольга Тарасаўна. Гэта была вельмі смелая, адчайная жанчына, удалая працаўніца. Здавалася, яна нікога і нічога не баялася. Яна магла апоўначы, у цемры, не звяртаючы ўвагі на воўчыя зграі, прайсці з палкай з суседняга сяла на свой хутар; з Заходняй Беларусі самаходам прыгнала кабылу, адна з вяскоўцаў на той час трымала пчол, вялікую чараду гусей, іншай жыўнасці.

Жыла сям’я заможна, бо сам Іван Фёдаравіч увесь пасляваенны час працаваў загадчыкам магазіна.

Калі я прыбягала да дзяцей брата Івана Фёдаравіча – Валодзі, то мой позірк заўсёды са страхам спыняўся на пасцелі бабулі Мікіціхі – цешчы гаспадара, вельмі худой, высокай жанчыны, цела якой усё трэслася, хадзіла хадуном. Яна не магла сама паесці, падыйсці да стала. Яе кармілі з лыжачкі. Такі стан – следства трох пахавальных на сыноў, загінуўшых на франтах вайны.

Адметным, паважаным жыхаром нашага хутара лічыўся мясцовы лекар Андрэй Адамавіч. Гэта быў невысокага росту дзядок з капой белых, як снег, валасоў. Прадмовай яго суразмоўя заўсёды быў выраз: «суць справы такава». Калі мая матуля прыйшла да яго са скаргай на боль у сэрцы, ён, праслухаўшы яе фанендаскопам, паставіў дыягназ: «Суць справы такава. Ты не глядзі, як жыве твой сусед справа – Іван, а глядзі, як жыве сусед злева – Архіп. Тады тваё сэрца балець не будзе».

Сапраўды, Архіп, аднавокі бядняк, жыў у паўзямлянцы, без падлогі, амаль нічога не трымаў з жыўнасці, меў двух сыноў, жонку. Мне нават невядома было, на якія сродкі існавала гэта сям’я.

Больш трагічнага лёсу, які быў у Наталлі Езупавай, у вёсцы знайсці было нельга. Наталля, з чорнымі маленькімі вачыма, са смуглым тварам, была звычайна маўклівай і нават рэдка калі ўсміхалася. На тое была свая прычына.

У маладосці ў Наталлі складвалася ўсё як трэба. Выйшла замуж за такога ж беднага селяніна, як і сама. Усё багацце набывалі ад зямлі асабістымі рукамі. Радаваліся нараджэнню кожнага дзіцяці. А іх у сям’і было васьмёра: пяцёра сыноў і тры дачушкі. Гаспадара цікавіла магчымасць
як мага больш зарабіць грошай. Тады некаторыя вяскоўцы ездзілі то ў Амерыку, то ў Сібір. Аднойчы і да іх заглянуў вярбоўшчык з Фінляндыі. Абяцаў камфортнае жыццё. І Васіль, галава шматдзетнай сям’і, рызыкнуў да пачатку вайны, у чуткі аб якой ніхто не верыў, паспрабаваць знайсці шчасце ў чужой краіне. Усяго некалькі месяцаў прабыла сям’я на новым месцы. Пачалася вайна. Муж Наталлі пайшоў на фронт, іх жа хутчэй прасіў збірацца ў эвакуацыю. Васьмёра дзетак разам з матуляй змаглі дабрацца толькі да Ленінграда, ды так і засталіся ў галодным і халодным горадзе. Галоднай смерцю паміралі адзін за адным дзеці: Валодзя, Ніна, Ваня, Міша, Гена, Вася. У вушах Наталлі стаяла просьба: «Мамачка, есці. Есці хочацца». Чым накарміць? Што зрабіць? Тыя 125 грамаў хлеба ў суткі, ад якой матуля адмаўлялася дзеля малых, не змаглі выратаваць іх. Не выратоўвала і ўтойванне смерці малых. Так да моманту адкрыцця «дарогі жыцця» праз Ладажскае возера ў Наталлі засталося толькі дзве дачушкі: Анюта і Марыя. Старэйшая Анюта з цяжкасцю змагла даставіць хворую матулю з малодшай сястрой дахаты, якая, на шчасце, уцалела ў гады вайны. Муж Наталлі загінуў на фронце.

Краіна паступова залечвала раны ваеннай разрухі. Людзі – раны душэўныя, рубцы сардэчныя.

Мае радкі – гэта даніна павагі любімым людзям, дарагім мясцінам, без якіх не было б дня сённяшняга. Каб цаніць яго, трэба памятаць кошт мінулага.

Ніна БУРКО,

старшыня Бярэзінскага

раённага таварыства інвалідаў,

в. Капланцы

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.