ДомовичОК

Рубрики: Новости.

Лекавыя зёлкі для душы і цела

Сябры, напэўна, шмат для каго з нас слова «ўтульнасць» узімку абазначае кубак духмянай гарачай гарбаты. Яшчэ ўтульнасць – гэта добрая кніга, якой далёка да заканчэння, і мяккае пакрывала, і сабака пад бокам, які кладзе галаву на калені і старанна грэе зазяблага гаспадара. Але найперш усё ж гарбата: набытая ў краме або завараная з сабраных улетку зёлак. Найлепш, канешне, зёлкавая! Спачатку развязваю ільняны мяшэчак з неадбеленага палатна – яго выткала на кроснах мая бабуля, а перад тым разам з маці і сёстрамі рвала і мяла лён, потым трапала яго, ачышчала ад кастрыцы, часала, прала… і было гэта амаль сем дзесяцігоддзяў таму. Развязваю – і адчуваю пахі летняга луга: рамонкаў, піжмы, медуніцы, канюшыны…Лекарственные травы, группа Re1ikt, заваривать травяной чай, глинтвейн, травы против болезней

Золак не заспаў,

Мяне вецер абудзіў.

Морак не растаў,

Сон яшчэ не адпусціў. <…>

 

Я на месцы, тут

Пачынаю пошук.

Што патрэбна нам,

Пакладу ў кошык.

Травы на лузе высокія: сядзеш на зямлю – і схаваешся ад усіх. Ірвеш зёлкі, і рукі пачынаюць пахнуць гаркава: гэта трапілася сцябліна палыну. Не адкідваю яе, кладу да ўжо падвялых зёлак. Для гарбаты палын, канешне, не заварыш, але бабуля знойдзе, што з ім зрабіць. Калі яго запарыць і піць па некалькі кропляў гэтага горкага пітва (болей нельга), палепшыцца апетыт: як і ўсе бабулі, мая бабулечка ўпэўненая, што ейныя ўнукі – самыя худыя. Я ж, каб не піць палын, была гатовая з’есці ўсё, што заўгодна, таму відавочна, што ён сапраўды станоўча ўплывае на апетыт. Сухія сцябліны палыну таксама прыдадуцца дома: калі пакласці іх, напрыклад, на гарышчы, мышы будуць абыходзіць яго бокам. Дарэчы, баяцца шэрыя шкоднікі і паху звычайнай лясной папараці.

Вось сардэчнік – сама назва расказвае пра яго. Гэтая непрыметная расліна з дробнымі бледнымі кветачкамі, вядома, не для гарбаты, але пра яе ведаюць усе, хто лечыць сэрца. Праўда, найчасцей п’юць аптэчныя кроп-лі, але як на маю думку, то вось так удыхнуць свежы пах толькі што адламанай сцябліны пасярод бяскрайняга луга таксама было б карысна – і для сэрца, і для душы. Кладу сардэчнік да іншых зёлак: бабуля запарыць яго, і разам з настойкай глогу гэта будуць лекі для дзядулі.

Вось сярод травы пабачыла жоўтыя кветкі, падобныя да буйных рамонкаў, – гэта дзівасіл. Ён дапамагае ад розных хваробаў, асабліва ж прыдасца для лячэння страўніка.

Побач заўважаю ўжо іншыя жоўтыя кветкі, нібы жоўтыя зорачкі – гэта святаяннік, ці зверабой. Нашыя продкі лічылі, што гэтая сціплая расліна дапамагае ад дзевяноста дзевяці хваробаў. Казалі, што як без мукі нельга спячы хлеб, так без святаянніку нельга лячыць многія хваробы. І гарбата з яго сцяблінак атрымліваецца вельмі смачнай і духмянай.

 * * *

Гэтай зімою ўтульнасці маім вечарам дадаў беларускі гурт «Re1ikt», які ў снежні прэзентаваў свой новы альбом «Лекавыя травы». Музычны напрамак суполкі можна назваць рок-фолькам, мне ж асабіста больш падабаюцца фальклорныя матывы ў песнях гурта. Асабліва зацікавіла новая праца музыкаў: ужо сама назва альбома «Лекавыя травы» нібыта пераносіць у дзяцінства, у духмянае лета, у поле, на луг… Цікавай атрымалася і вокладка дыска: на ёй фотаздымак траўніцы Зоні Ігнатаўны Рудзько з вёскі Рэчань Любанскага раёна.

Альбом сапраўды адметны, чаго вартае хаця б тое, што ра-зам з песнямі ўласнага сачынення (ёсць сярод іх і дзве песні, напісаныя па творах «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» Яна Баршчэўскага і «Балотны агонь» Якуба Коласа) музыкі змясцілі на дыску і народныя спевы. Вось, напрыклад, такія радкі:

Чаго ты, лося, чаго ты, дзікі,

К зямле прылігаіш?

А ці ты, лося, ці ты, дзікі,

Сцідзёну зіму чуіш?

 

Чую-ня чую, віджу-не віджу,

Не цёплыя будзіць.

Лісточак рыіць, земельку крыіць,

Сцідзёна зіма будзіць…

 * * *

А на заканчэнне я прапаную вам, шаноўныя чытачы, у адзін з халодных лютаўскіх вечароў (бо зіма ж яшчэ не заканчваецца) прыгатаваць глінтвейн, смачны і карысны напой для гэтай пары году. Хаця класічны глінтвейн гатуецца з выкарыстаннем віна, я прапаную вашай увазе іншы варыянт – з вінаградным сокам (замест яго можна ўзяць таксама яблычны або вішнёвы).

Што ж, пачнем. Нам спатрэбіцца літр вінаграднага соку,  шклянка вады, палавінка яблыка, дзве долькі апельсіна і адна долька лімона, 4-5 шт. гваздзікі, 4-5 гарошынаў духмянага перца, крыху молатага імбіру, дзве лыжкі разынак, мёд або цукар на ваш смак.

Спачатку ў каструлю, падрыхтаваную для напоя, трэба наліць шклянку вады і дадаць усе спецыі (яны не павінны быць молатымі, бо напой стане мутным). Пасля таго, як вада закіпіць, патрымаць на агні 5-7 хвілінаў і выключыць агонь, дадаць мёд ці цукар, даць ім растварыцца, а вадзе – крыху астыць. Потым дадаць разынкі, долькі апельсіна і лімона, нарэзаны яблык, уліць сок і зноў нагрэць. Цяпер галоўнае – не даць напою закіпець. Як толькі на яго паверхні з’явіцца пенка, глінтвейн трэба зняць з агню.

Прыгатаваны па гэтым рэцэпце глінтвейн можна ўдасканаліць, дадаўшы ў яго карысныя зёлкі: напрыклад, размарын і шалфей, альбо больш прывычныя для нас мяту, мелісу, зверабой ці скрыпень. Тады не вельмі прывычны для нашага беларускага смаку глінтвейн адразу займее знаёмы зёлкавы водар і смак.

Дзякуючы таму, што напой мы гатавалі без віна, піць яго можна хоць кожны дзень, і сцюдзёная зіма нам будзе не страшнай. А за ёю, канешне, надыйдзе новая вясна, новая цеплыня, будуць новыя надзеі і чаканні… Кажучы словамі адной з песень гурта «Re1ikt»,

 Сонца садзіцца, каб узняцца,

Як дрэнна ні было б, усё паправіцца.

Скрозь шэры асфальт сцябло праб’ецца,

Іншым чалавек раніцай прачнецца.

Ніна КАЗЛЕНЯ

В печатной версии газеты «Вместе!» ДомовичОК поделится некоторыми кулинарными хитростями.

Домовичок просит читателей делиться с ним вкусными рецептами, учить рукоделию, рассказывать о простых и интересных хитростях, облегчающих вашу жизнь, присылать любимые шутки и анекдоты, народные поверья и легенды… И другие познавательные мелочи, которыми вы хотели бы с ним поделиться.

Домовичок ждет ваших писем! И заранее говорит спасибо!

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.