Юныя ратавальнікі на варце бяспекі

Рубрики: Новости.

Уменне хутка ацаніць становішча, знайсці выхад з надзвычайнай сітуацыі, аказаць першую медыцынскую дапамогу пацярпелым – менавіта гэтаму можна навучыцца, стаўшы членам Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных (БМГАРП). У сталічнай СШ № 190 неабыякавым, ініцыятыўным і актыўным школьнікам выдалі першыя пасведчанні юных ратавальнікаў.

Але юнакам трэба не толькі насіць гэтае ганаровае званне, трэба сваім прыкладам, энергічнасцю і зацікаўленасцю пацвярджаць яго: прапагандаваць здаровы лад жыцця, вывучаць асновы бяспекі жыццядзейнасці і навучаць іншых, удзельнічаць у дабрачынных акцыях і займацца спортам.

Дарэчы, сваю гісторыю БМГАРП пачала ў 2001 годзе. Яна з’яўляецца адной з найбуйнейшых арганізацый Беларусі, якая дзейнічае ва ўсіх рэгіёнах.

Малодшы інспектар ІНіП Першамайскага РАНС Васіль Удовін знаёміць з насычанай дзейнасцю арганізацыі: «Кожны год праходзіць Рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці «Ратавальнікі вачыма дзяцей». Праводзіцца ў 9-ці намінацыях: «Сачыненне», «Аповед», «Верш», «Малюнак», «Плакат», «Вырабы», «Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі», «Мяккая цацка», «Фотаздымак». У форме займальнага інтэлектуальнага шоу праводзім конкурс па «Асновах бяспекі жыццядзейнасці». Свае веды і навыкі выжывання ў прыродных умовах можна прадэманстраваць у дзіцячым палявым лагеры «Ратавальнік».

Самым яскравым і доўгачаканым для моладзі лічыцца Рэспубліканскі і Міжнародны злёты юных ратавальнікаў-пажарных. У Беларусь прыязджаюць юныя ратавальнікі з усёй рэспублікі і замежных краін. У рамках злётаў праводзяцца круглыя сталы, а таксама больш за 10 конкурсаў і спаборніцтваў.

Важнае і кранальнае слова школьнікі пачулі ад вядучага спецыяліста Мінскай гарадской арганізацыйнай структуры РДГА «БДПТ» (Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства) Васіля Касценка: «Дазвольце называць вас, даражэнькія мае, калегамі. Вы неабыякавыя і зацікаўленыя. У нашай арганізацыі працуюць людзі, якія імкнуцца аб’яднаць усе нашыя намаганні і пераламаць абстаноўку з пажарамі і надзвычайнымі здарэннямі. Таму запрашаю і вас узаемадзенічаць, размаўляць з людзьмі, каб вучыць іх прадухіляць бяду. За 2015 год ужо здарылася 5 тысяч пажараў, загінула 150 дзяцей. Тэндэнцыя ідзе да памяншэння, але ўсё роўна, калі гіне адзін чалавек – гэта закранае стрункі нашай душы. Таму ў вашых руках зрабіць усё, каб звесці гэтыя лічбы да нуля. Таму няхай Гасподзь бласлаўляе вас на ўсіх жыццёвых шляхах!»

Вельмі відовішчнымі з’яўляюцца спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце. Тут юныя ратавальнікі-пажарныя спаборнічаюць у пажарнай эстафеце, пераадольваюць стометровую паласу з перашкодамі, уздымаюцца па штурмавой лесвіцы…

Таму пасведчанні БМГАРП школьнікі атрымлівалі з рук чэмпіёна свету па пажарна-выратавальным спорце, трэнера зборнай Алега Урбановіча: «У нас зараз праводзіцца шмат спаборніцтваў, выступаюць як хлопцы, так і дзяўчаты. У гэтым годзе чэмпіянат свету адбыўся ў Гродна, дзе наша краіна заваявала тры залатыя медалі. Каманда дарослых паспяхова выступіла ў Санкт-Пецярбургу і заняла другое месца. Я запрашаю ўсіх жадаючых далучацца да нашага клуба па пажарна-выратавальным спорце. У нас ёсць сучасны манеж, трэнажорная зала. І клуб наш зусім бясплатны. Таму смела прыходзьце і запісвайцеся!»

Усім юным ратавальнікам рэдакцыя газеты «Вместе!» жадае працавітасці, поспехаў, творчай актыўнасці і натхнення!

Ганна ЯКІМОВІЧ

Фота Таццяны БАБКОВАЙ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.