Вялікае шчасце мацярынства

Рубрики: Новости.

Улягліся эмоцыі, і Ганна Бахур, інвалід першай групы з Івацэвічаў, якая стала мамай, адчувае сёння сябе самай шчаслівай. Яны з мужам Анатолем, таксама інвалідам першай групы, проста свецяцца радасцю і любоўю. Яшчэ б! На вачах расце іх надзея і апора – сыночак Косцік. У праваслаўнае свята Ражства Багародзіцы, 21 верасня, яму споўнілася два месяцы. Хлопчык развіваецца нармальна, набірае ў вазе і выглядае дагледжаным і задаволеным.Анна Бахур, сын Костик, Ивацевичи

Сёння Ганна Бахур і яе муж Анатоль удзячны ўсім, хто падтрымліваў іх і верыў, што сям’я будзе разам. Скажу больш, сёння няма вінаватых, бо шчасце іх накрыла з галавой. І калі раскласці ў доказ па паліцах усю гісторыю, то выяўляецца толькі радасць ад таго, што людзі ў нас добразычлівыя, умеюць спачуваць і дапамагаць. Патрэбен быў час, каб зразумець, што ніхто не хацеў Ганне прычыніць боль. Але і закон парушыць таксама ніхто не меў права. А па літары закона за сынам Косцікам бацькі-інваліды першай групы не маглі забяспечыць паўнавартасны догляд, і дзіцяці пагражала незайздросная будучыня – дом малюткі. Пэўна, іншая пара інвалідаў, мо, і не справілася б з дзіцем. Толькі не Ганна.

Яе мацярынскаму інстынкту здзіўляліся нават урачы, яе прага самой выхоўваць доўгачаканага сына пакарыла ўсіх, хто сутыкнуўся з ёю ў жыцці. Ганна сама гадавалася ў інтэрнаце. Маці не толькі адмовілася ад яе ў раддоме, яна яшчэ да гэтага не хацела, каб дзяўчынка з’явілася на свет, рабіла аборт. Але! Насуперак усяму, Ганна нарадзілася. Толькі з наступствамі аборта – калекай. У яе не было аніякіх шанцаў ні хадзіць, ні самой есці, ні апранацца. І зноў звыш было наканавана жыццелюбівую дзяўчынку ратаваць. Пажылая нянька пашкадавала дзіця, якое ляжала абрубкам у ложку, і стала вучыць малую хаця б хадзіць, потым апранацца, браць у рукі відэлец, кубачак падносіць да губ… Далей нянька з Баранавічаў навучыла Ганну чытаць і нават пісаць.

Потым Ганну перавялі ў іншы дом-інтэрнат, але прага да жыцця не давала ёй спыніцца, яна навучылася маляваць, і сёння яе карціны ўпрыгожваюць сцены Косаўскага дома-інтэрната, з якога пачалося яе дарослае, а потым цудам і самастойнае жыццё. Зноў жа, дзякуючы добрым лю-дзям, якія памятаюць яе і сёння, перажываюць за яе ўсёй душой.

Ганна выйшла замуж, асвоіла не адну прафесію і стала актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія праводзіліся ў Івацэвіцкім ТЦСАН. Яе карціны куплялі людзі, яна спрытна спраўлялася з фотаапаратам і відэакамерай, стала заўважнай асобай на спартыўных спаборніцтвах сярод інвалідаў.

Да нараджэння сына яна з мужам старанна рыхтавалася, у кватэры зроблены добры рамонт, прычым з душой і густам. Сцены кватэры таксама ўпрыгожваюць карціны Ганны. А калі нарадзіўся Косцік, яна на дзіва спрытна брала дзіця на рукі, карміла яго і мяняла яму памперсы. Я бачыла гэта, калі наведвала Ганну яшчэ ў бальніцы, спрабавала дапамагчы памяняць памперс малому, але ў мяне гэта атрымлівалася, хутчэй, нязграбна.

Калі Ганна забіла ў набат, яе пачулі і кінуліся дапамагаць. І за кадрам засталося, колькі на самой справе было задзейнічана людзей ад раённага да самага высокага рангу, каб не пазбавіць жанчыну магчымасці расціць дзіця ў сям’і, даверыць ёй гэта, нягледзячы на фізічныя недахопы і мужа, і жонкі. І сёння мне хочацца гаварыць толькі аб велічыні і сіле любові, аб тым, што беларусы – цудоўныя людзі. Пачынаючы ад урачоў, сацыяльных работнікаў, міністраў, дэпутатаў да прадпрымальнікаў, якія сабралі сям’і Ганны грошы у падтрымку, суседзяў, знаёмых і незнаёмых і нянек, якіх выдзеліла дзяржава ў дапамогу маме-інваліду. Многіх Ганна не прасіла дапамагаць ёй, а людзі дапамагалі. Толькі сярод прадпрымальнікаў гэта і гандлёвы дом «Жако», і «Карнізы. Жалюзі. Рольшторы», магазін «Бум», «Погляд», цырульня «Юлія», ТДА «Авант Маркет», ПВУП «Кронер Сістлі», прадпрымальнікі А.Н. Дылько, Н.В. Шавель, Е.К. Вайткевіч, Н.П. Маўрычава, С.П. Аўгусціновіч, С.П. Барнеевіч, С.П. Варава, Несцярук, А.Н. Зубко, І.К. Церашонак і многія іншыя, каму Ганна перадавала асабісты дзякуй. Дарагога каштуе такая дапамога. Як і падтрымка іншых.

Аб станоўчым вырашэнні пытання Ганны клапаціўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 Леанід Кавалевіч, а праз яго былі падключаны профільная камісія Палаты Парламента і іншыя дэпутаты, пытаннем Ганны займалася Міністэрства аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны насельніцтва краіны, асабіста брала пад кантроль сітуацыю намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава. У выніку сумесных намаганняў прынята неардынарнае рашэнне, і сям’я шчаслівая, што можа выхоўваць сына, удзячная, што дзяржава паклапацілася аб іх, і ім выдзелена ў дапамогу нянька.

Можна з асцярогай гаварыць: а што будзе далей? Як яны пераадольваць будуць цяжкасці, калі дзіця падрасце, раптам прастудзіцца, залезе на дрэва, ці як да яго будуць адносіцца іншыя дзеці ў садку, школе… Можна думаць усяляк. Але ўсе довады – гэта не прычына пазбаўляць маці шчасця мацярынства. І не трэба забываць, што ўсялякія цяжкасці пільнуюць бацькоў у любой сям’і. Ведаю толькі адно: ні для якога дзіцяці любові многа не бывае. Не патакання. А любові. Калі сітуацыя Ані была яшчэ не вырашаная, адзін бацюшка суцешыў нас так: «Трэба зразумець Божы промысел. Чаго хоча Бог? Бог хоча адно – выратавання душ і маці, якая нарадзілася насуперак усяму, і яе мужа-інваліда, і дзіцяці, і тых людзей, якія будуць дапамагаць гадаваць дзіця». З гэтых слоў у душы пасяліліся спакой і ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. А сёння трэба толькі дзякаваць усім за любоў, спагаду і радасць дапамагаць. Бо як казаў той жа бацюшка, дапамагаючы іншым, мы найперш дапамагаем сабе, мы ратуем сябе.

Валянціна БОБРЫК

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.