Наш еўрапейскі Полацк

Рубрики: Новости.

Фестиваль экологических видов транспорта, Полоцк, полацкедзеУ сярэдзіне верасня мне давялося пабываць у Полацку. Спраўдзілася даўняя мара, ды яшчэ і з адной важнай акалічнасцю: акурат тымі днямі ў горадзе праходзіў Еўрапейскі тыдзень мабільнасці – маштабнае мерапрыемства, якое арганізатары ахарактарызавалі як «фестываль экалагічных відаў транспарта». Апошнім часам пра забруджванне атмасферы шкоднымі выкідамі не кажа толькі лянівы, а нелянівыя спрабуюць павярнуць гэтую сітуацыю ў лепшы бок. Адным з такіх паваротаў і стаў Еўрапейскі тыдзень мабільнасці ў Полацку.

*  *  *

Уласна, чаму Полацк? Тлумачыцца гэта проста: менавіта ён першым з нашых гарадоў падпісаў Хартыю аб еўрапейскай мабільнасці, таму і мае асобы статус. А самым пачаткам, як расказаў першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка, стала падпісанне Пагаднення мэраў аб памяншэнні выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу. Адным з пунктаў пагаднення было паляпшэнне транспартнай сістэмы і экалагічнасць транспарта. Вынікам і стала правядзенне ў Полацку Еўрапейскага тыдня мабільнасці. Гэтае мерапрыемства ладзіцца і ў іншых гарадах Еўропы, дзе людзі актыўна ездзяць на веласіпедах і дзе развіваецца сістэма гарадскога грамадскага транспарта. Вена, Лондан, Стакгольм, Мадрыд – цяпер да іх у кампанію трапіў і Полацк, а пасля яго эстафету падхапілі Мінск, Наваполацк…Фестиваль экологических видов транспорта, Полоцк, полацкедзе

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці – праект для Беларусі ўнікальны, таму пры яго правядзенні арганізатары звярталі ўвагу на вопыт іншых гарадоў Еўропы, дзе сустрэць веласіпедыстаў – звычайная справа. Да прыкладу, можна ўзгадаць вялікабрытанскі Оксфард, які называюць не толькі ўніверсітэцкім горадам, а яшчэ і горадам веласіпедаў: на вуліцах іх сапраўды незлічоная колькасць.

*  *  *

Натуральна, ніводзін горад не стане сам па сабе зручным для людзей. Каб гэта адбылося, трэба прыкласці намаганні, і немалыя.

Міхаіл Шчыпцоў, інжынер грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвеераў* на транспарце», на прэс-канферэнцыі расказаў, што пад час працы над праектам быў даследаваны горад, яго інфраструктура, рэжымы руху і яго бяспека.

– У бліжэйшы час будзе паляпшацца стан праблемных месцаў руху горада. Плануецца, што да 2020 года Полацк будзе ўяўляць сабою прастору, дзе мірна ўжываюцца аўтамабілісты, веласіпедысты і пешаходы,  – выказаў спадзяванне эксперт.

Фестиваль экологических видов транспорта, Полоцк, полацкедзеЗадумы сапраўды значныя: у Полацку плануецца зрабіць пешаходную вуліцу ў цэнтры, вырашыць праблемы руху ў пэўных раёнах: у горадзе шмат чыгуначных пераездаў, і каля іх будуць будавацца развязкі. Ёсць і яшчэ ідэі, якія ўзрадуюць веласіпедыстаў: у планах – штогод павялічваць працягласць веладарожак прынамсі на адзін кіламетр, стварыць агульны велагараж на халодны час году і грамадскую веламайстэрню (такая, напрыклад, ёсць у Мінску).

Начальнік аддзела транспартных сістэмаў унітарнага прадпрыемства «БЕЛНДІПгорадабудаўніцтва» Ганна Луцковіч расказала аб тым, што праведзеныя даследаванні інфраструктуры Полацка будуць выкарыстаныя пры распрацоўцы горадабудаўнічых праектаў і дазволяць выпрацаваць стратэгію транспартнай сістэмы Полацка на наступныя гады.

Таксама Ганна Луцковіч упэўненая, што пешаходны рух, магістральна-вулічная сетка і грамадскі пасажырскі транспарт павінны развівацца разам, бо гэта адзіная транспартная сістэма горада. У ёй павінны камфортна існаваць усе ўдзельнікі руху, у асаблівасці маламабільныя групы грамадзянаў, падкрэсліла выступоўца.

Акрамя таго, вядома, што цяпер на грамадскім транспарце перамяшчаецца прыкладна 30% гараджанаў, і іх колькасць кожны год змяншаецца, бо павялічваецца колькасць аўтамабіляў. У параўнанні з 2003 годам яна вырасла ў 1,5 разы (тут узгадваецца класічнае «Автомобиль не роскошь, а средство передвижения!») Вось і вымалёўваецца неабходнасць спрыяць развіццю экалагічных відаў транспарта: гэта дазволіць Полацку і яго жыхарам дыхаць больш чыстым, незабруджаным аўтамабільнымі выкідамі паветрам. Ды і сам горад, думаецца, стане чысцейшым і ўтульнейшым. У гэтым можна было пераканацца пад час фестывальных мерапрыемстваў на плошчы Свабоды, пабачыўшы, як палачане ўдзельнічаюць у велаконкурсах, атрымліваюць парады па рамонту веласіпедаў і весяляцца на велакарнавале – так-так, было і такое, і задавальненне ад веласвята атрымлівалі і дзеці, і дарослыя.

*  *  *

Натуральна, мяне як карэспандэнта газеты Беларускага таварыства інвалідаў цікавіў і іншы бок мабільнасці – той мабільнасці, якую я, на жаль, не пабачыла на вуліцах горада. Хаця для зручнага перасоўвання людзей створаныя, здаецца, усе ўмовы – прынамсі, у цэнтры Полацка. За паўдня мне давялося пабачыць нямала мамаў з вазочкамі, дзетак з самакатамі, цэлую сям’ю на роліках і нават хлапцоў на скейтбордах. А акрамя таго – яшчэ і запрэжанага ў воз каня (і гэта непадалёк ад цэнтральнай плошчы!), які, праўда, аказаўся больш шпаркім, чым аб’ектыў майго фотаапарата. Вось дзе сапраўды экалагічны транспарт! І вельмі мабільны да таго ж: хочаш  – едзь на возе, а хочаш – скачы конна.

А вось чалавека на мыліцах ці, тым болей, у інвалідным вазку я за гэты дзень так і не пабачыла. Іх, канешне, і ў Мінску не так часта сустрэнеш на вуліцы, што казаць пра невялікі горад. Але ж  – магчыма, гэта ўжо прафесійная дэфармацыя – слова «мабільнасць» у маёй свядомасці непарыўна звязанае з інваліднасцю, хаця, здаецца, для іншых гэта зусім не так.

Фестиваль экологических видов транспорта, Полоцк, полацкедзеЗрэшты, здаецца, сітуацыя ў горадзе зусім не безнадзейная. Я пацікавілася ў Міхаіла Шчыпцова, ці ўлічваюцца пры паляпшэнні інфраструктуры Полацка інтарэсы людзей з абмежаванымі магчымасцямі? Прыемна было пачуць у адказ энергічнае «Канешне!» і тлумачэнне:

– Мы адаптуем пешаходную інфраструктуру для руху людзей з інваліднасцю. Будуць паніжацца бартавыя камяні: незалежна ад таго, робіцца новы тратуар ці рамантуецца стары, гэта будзе абавязкова. 10% прыпыначных пунктаў у год будуць рэканструявацца з улікам гэтых патрабаванняў, – распавёў Міхаіл Шчыпцоў. Што ж, можна спадзявацца, праз дзесяць гадоў усе прыпынкі грамадскага транспарту ў горадзе будуць даступнымі для інвалідаў. Цікаўлюся, якая сітуацыя ў Полацку з самім транспартам.

– Кожныя два гады горад будзе закупляць па адным аўтобусе з нізкай падлогай, каб людзям-інвалідам, пажылым людзям і мамам з каляскамі было зручна перасоўвацца.

Сапраўды, гучыць гэта аптымістычна. Застаецца спадзявацца, што так будзе і на справе і Полацк, найстаражытнейшы беларускі горад, ужо досыць еўрапейскі горад, у хуткім часе атрымае статус яшчэ і самага даступнага ды мабільнага. А там, глядзіш, і іншыя беларускія гарады падцягнуцца.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

* Сюрвеер – чалавек, незалежны эксперт, які даследуе, правярае пэўны факт, яго наяўнасць ці адстутнасць.

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.