Заселены востраў

Рубрики: Новости.

Відаць, сам Бог не хацеў, каб я апоўдні патрапіў да Марыі Скікевіч. Спачатку сеў не на той тралейбус. Потым думаў, як трапіць з метро «Пушкінская» да метро «Каменная Горка». Як вядома, язык давядзе да Кіева, а тут проста вуліца Нёманская, што на ўскрайку мікрараёна Захад-3. Незнаёмы раён, невядомыя назвы – рэбус. Там мяне ўжо чакалі, і ўваходныя дзверы былі расчынены. Заходзь. Слухай. Рабі высновы.

Без мужа

Безумоўна, спачатку трэба прывесці запіс, які з’явіўся на сайце нашай газеты «Вместе!» 6 ліпеня гэтага года: «Марыя Скікевіч. Я жыву ў Мінску, мне 41 год, знаходжуся дома па догляду за дачкой, інвалідам 1-й групы, недзеяздольнай. Вельмі патрэбна работа на даму. Адукацыя сярэдняя. Была б задаволена дапамогай у пошуку работы. Маб. тэл. 8-029-185-80-18 (Vel)». Усё. Коратка і ясна: патрэбна дапамога.

Трэба сказаць, кватэра Марыі мяне крыху здзівіла. Усё прыгожа, чыста, прыстойна. Калі б я не ведаў, да каго еду, лічыў бы, што тут жывуць людзі нябедныя. Але – не вер вачам сваім. Спачатку выслухай. Што я і зрабіў.

Старэйшай дачцэ Насці 21 год. Яна інвалід 1-й групы, хвароба – затрымка псіхічнага развіцця. Я не ўрач, нічога канкрэтнага пра гэта сказаць не магу. Проста прывяду словы маці:

– Калі іду ў магазін, лячу назад, бы на крылах. Дачка даверлівая і добрая. На любы званок адчыняе дзверы. Карацей, заходзь і рабуй. Бяры што хочаш. І гэтага не пазбегнуць. Жыву, як на парахавой бочцы…

Мужа ў Марыі няма. Ён памёр летась ад цукровага дыябету. А Марыя засталася адна з трыма дзецьмі: дачкой-інвалідам, старэйшым дваццацігадовым сынам і малодшым пяцігадовым сыночкам Антонам, які вельмі цікавіўся маім дыктафонам і фотаапаратам.

Муж памёр нечакана (але ж смерць заўсёды нечаканая). Калі можна так сказаць, яму зараз лягчэй. А ўвесь цяжар зямных праблем апынуўся на плячах жонкі. Уявіць іх памер даволі складана, амаль немагчыма. Але я пастараюся, каб чытачы гэта ўявілі.

Неабходныя падрабязнасці

Белдзяржстрах выплочвае Марыі 20% яе былога заробку. Жанчына працавала на мотавелазаводзе, і ёй адрэзала пальцы на адной руцэ. Пальцы прышылі, але страта працаздольнасці яўная. Зараз Марыя – апякун сваёй дачкі. Ні капейкі за гэта яна не атрымлівае, бо Белдзяржстрах выплочвае ёй тыя няшчасныя 20%, гэта 1 млн 600 тыс. рублёў. Прыкладна столькі ж атрымлівае дачка-інвалід. Нават пяцігадовы Антон мае свой заробак – таксама 1 млн 600 тыс. рублёў з-за страты карміцеля. Разам выходзіць каля 5 млн рублёў. На гэта трэба жыць.

У Марыі апрача іншых, не менш важных клопатаў, адзін найважнейшы – знайсці надомную работу. Гэта вялікая праблема. З інтэрнэта Марыя не вылазіць, але нічога знайсці не можа. Ніводная аб’ява аб наборы на работу міма яе не праходзіць. Тэлефонныя званкі звычайна не даюць ніякіх вынікаў. Каля іх дома адкрылася мноства магазінаў, аднак уладкавацца ёй туды проста немагчыма. Там звычайны графік: два дні па 12 гадзін работы, два дні адпачынку. Калі ў вас дома дачка-інвалід, то шанцаў на такую працу няма. Марыя спрабавала дамовіцца з начальствам, каб можна было працаваць з 8 да 17 гадзін – не, не дазволілі. Капіталізм у нас, здаецца, ужо наступіў?

Камуналка і іншае

Калісьці сям’я жыла ў Шабанах, у свекрыві, у 2010 годзе пераехалі на новае месца. Сям’я атрымала сацыяльнае (бясплатнае) жыллё толькі таму, што дачка Марыі – інвалід.

Пераезд у новую кватэру – гэта заўсёды радасць. У гэтым выпадку радасць таксама была, але разбаўленая горыччу. Кватэра была пустая, што натуральна. У новых жыльцоў маёмасці было малавата – не нажылі. Адным словам, кватэру трэба было абстаўляць мэбляй. Вось толькі ніякіх накапленняў сям’я не мела. Трэба было браць крэдыт, і не адзін.

Што ж рабіць? Узялі крэдыты. Агульная іх сума складае больш за 80 млн рублёў. Абставілі кватэру. Але нечакана памёр муж, і Марыя сама зараз разбіраецца з крэдытамі. Усяго іх чатыры. Кожны месяц Марыя выплочвае банку 3 млн рублёў.

– Цяпер мне можна жыць вечна,  – нявесела жартуе жанчына, – каб паспець выплаціць усе крэдыты. Вось вам і ўвесь сакрэт вечнага жыцця, дзякуй банкам.

Да крэдытаў дадамо плату за камунальныя паслугі. Летам яна вагаецца ад 300 да 350 тыс. рублёў, зімой бывае больш за 500 тыс., плюс 3 млн крэдыту. Пры гэтым будзем памятаць, што агульны даход сям’і складае 5 млн рублёў.

– Мы жывем ад пазыкі да пазыкі, – спакойна канстатуе Марыя. – Бярэш пазыку, потым аддаеш. Не аддасі, дык потым не дадуць. Нармальнае чалавечае жыццё. Іншы раз, праўда, хочацца закрычаць «каравул!». Бо больш на розум нічога не прыходзіць…

Старэйшы сын з імі амаль не жыве. У яго ёсць дзяўчына, магчыма, будзе вяселле. Сын працуе і калі-нікалі падкідвае маці капейчыну. Але надзея на яго слабая. Рана ці позна ён створыць сваю сям’ю. З часам яму будзе каго карміць самому.

Надомная праца

Некалі ў Мінску быў камбінат надомнай працы. Усё было цывілізавана. Спецыяльныя людзі развозілі па кватэрах матэрыялы, давалі заданне: зрабі тое і тое, я прыеду, палічу і разлічуся. Камбіната цяпер няма. Дзе-нідзе працуюць толькі інваліды. Але ў іх свая парафія, Марыя да яе дачынення не мае.

– Ведаеце, званіла я ў раённы цэнтр занятасці, – расказвае яна. – Ну і што? Мне адказалі, што такім, як я, надомную работу не даюць. Няма, сказалі мне, такога палажэння, такой інструкцыі.

Паблізу ад Мінска, у Дзяржынску, такі камбінат ёсць. Быў бы жывы муж, ён бы лёгка адвозіў жонку ў Дзяржынск па матэрыял і потым дадому. Але няма мужа. Няма работы. Цікава, няўжо гэта безвыходны выпадак? Няўжо нельга абысці гэта дурное палажэнне і даць Марыі надомную працу?

– Я ж не хлеба прашу, – гаворыць жанчына. – Дайце мне магчымасць зарабляць на гэты хлеб! Гэта ўсё, чаго я прашу!

З іншага боку, калі б Марыя была інвалідам, тады яна магла б разлічваць на надомную працу, мець лішніх паўтара-два мільёны…

Пакуль мы гаварылі, вакол стала круціўся Антон. Жывы, жвавы хлопчык, усім цікавіўся. «А гэта ў цябе фотаапарат? А, і ў нас такі ёсць! А гэта што?» – і паказвае на дыктафон. Маці ўздыхае:

– Антон расце. Адзенне трэба купляць, абутак. А потым школа… Ды грошай больш не становіцца…

Раз на год Марыя мае магчымасць звярнуцца ў Фрунзенскі райвыканкам і папрасіць грашовую дапамогу. Ёй даюць да 5 млн рублёў. Але толькі адзін раз на год. Дзіўна ўсё гэта, дзіўна. Там жа ведаюць, як жыве гэта сям’я, і вядома, што кармілец памёр – няўжо нельга знайсці выйсце з гэтага становішча?

Незнаёмая жанчына з Чырвонага Крыжа параіла Марыі збіраць прышчэпкі. Прывяла ў прыклад нейкую бабулю, якая такім чынам зарабляе 1,5 млн рублёў. Дала свой тэлефон, маўляў, звані, калі надумаеш. Марыя дагэтуль спрабуе дазваніцца. Апарат упарта маўчыць. І гэта надзея растаяла, бы воблака ў небе…

Лахатрон

Што такое лахатрон, сучаснаму чалавеку тлумачыць не трэба. Гэта калі вас дураць па-дробнаму (маю на ўвазе велічыню сумы, якую вы «ахвяруеце» якім-небудзь прайдзісветам). Паколькі Марыя ўвесь час шукае хоць нейкую работу, то яна, бы насякомае, паляцела на свет.

Ёй прыйшло пісьмо з нейкай таямнічай канторы. Невядомыя прапанавалі выгадны «бізнес». Марыі на дом высылаюць пасылку з дэталямі для зборкі аўтаручак, інструкцыю, а самае галоўнае – разліковы рахунак, на які яна павінна перавесці 100 тыс. рублёў. Чалавек у становішчы Марыі паверыць у гэта вельмі лёгка. Вось яна і купілася. Адправіла 100 тыс. на той разліковы рахунак і стала чакаць пасылку. Дачакалася. Прыйшла тая пасылка. Набітая самым выпадковым смеццем. Адпаведна, змест пасылкі пайшоў непасрэдна у смеццепровад. Марыя не ведала, смяяцца ці плакаць? У рэшце рэшт, заплакала: шкада было грошай…

Да гэтага лахатрона дадалося яшчэ вось што. У мужа-нябожчыка была машына. Пасля яго смерці яна так і стаяла у двары. Пакуль нехта п’яны не ўрэзаўся ў яе. Шукаць яго? Званіць у міліцыю? А хто там будзе слухаць адзінокую жанчыну, якая прымушана сядзець дома з дачкой-інвалідам? На жаль, у нас чуюць толькі сілу.

Іншыя падрабязнасці

У гэтым жа доме, на восьмым паверсе, жыве Марыіна сяброўка па няшчасцю, нехта Барашкіна. Яе дачцэ 18 год, і яна таксама інвалід. Праўда, тая жанчына жыве не адна. Муж не муж, але мужчына там ёсць. І ён прыносіць грошы. Такая атрымліваецца сям’я. Тым не менш, у хаце ёсць мужык, ён працуе і зарабляе. Што яшчэ трэба той жанчыне, у якой дачка таксама інвалід?

Гэта, так бы мовіць, аптымістычны варыянт развіцця падзей.

– Ах, калі б муж застаўся жывы, – уголас марыць Марыя. – Ды мы з ім у адным магазіне працавалі! Ён два дні дзяжурыць, я гляджу за дачкой. Потым я два дні працую, а ён дома. Так і жылі б. А што? Я б фасоўшчыцай лёгка ўладкавалася! Ды што там гаварыць…

У самым пачатку, пасля смерці мужа, з банка пазванілі і ветліва папярэдзілі: прадавайце што-небудзь, але крэдыты вяртайце. Я ж кажу: капіталізм у нас практычна наступіў. Чым жыве капіталізм? Грашыма і выгадай. Пакрысе і мы так пачынаем жыць? Я не веру ў гэта. Вышэй за ўсё ў нас заўсёды былі праўда і справядлівасць.

– Вось пасля гэтага званка з банка я і задумалася. Што ж мне рабіць? Кухню разабраць ды прадаць? Альбо тэлевізар? У нас усё, лічы, куплена ў крэдыт. Дык як тады быць, каму першаму плаціць: магазіну ці банку? Вось таму я і прадала заручальныя пярсцёнкі. Я ж не купляла золата, каб потым спецыяльна прадаваць. Мы проста жылі…

Зараз банкі крыху супакоіліся, маўчаць. Мо таму, што Марыя сабрала усе дакументы і сама пайшла ў банк. Верагодна, там нарэшце зразумелі, з кім маюць справу. Праўда, калі была затрымка з выплатай аднаго з крэдытаў, з банка званілі і пагражалі судом.

Гэты момант мяне зацікавіў. Што з Марыяй мог зрабіць суд? Пасадзіць у турму? Пакараць штрафам? Ці яшчэ неяк пакараць?

А вось фатаграфавацца Марыя адмовілася:

– Ай, навошта гэта… Размовы пойдуць… Не трэба.

Так што мне давялося сфатаграфаваць толькі дом, дзе жыве Марыя Скікевіч. Ды моўчкі пажадаць ёй хоць колькі ўдачы. Гэта ўсё, што магу. Праўда, сэрца ўсё роўна сціскаецца, калі я ўзгадваю пра Марыю. Яна хоча зарабіць на дастойнае жыццё сабе і сваім дзецям. Але ёй гэтай магчымасці не даюць.

Сяргей ШАЎЦОЎ

Фота аўтара

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.