Пуцёўка ў жыццё. Літаратурнае

Рубрики: Новости.

Таццяна Хвагіна – краязнаўца, усё яе жыццё звязана з турызмам. У свой час працавала экскурсаводам, метадыстам і кіраўніком турыстычнага бюро. Цяпер – намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі рэгіянальнага турызму Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладае краязнаўства, экскурсазнаўства і шмат іншых турыстычных дысцыплін, распрацоўвае і праводзіць экскурсіі на самыя розныя тэмы і робіць усё магчымае для развіцця турызму ў Палессі. На яе рахунку – навукова-папулярныя кнігі, турыстычныя даведнікі.

– Таццяна Аркадзьеўна, дзе ваша малая радзіма?

– Баранавічы. Аднак малой радзімай лічу не толькі горад, але і наваколле – ціхую плынь Мышанкі, навакольныя вёскі і былыя мястэчкі са старажытнымі касцёламі і царквамі. Я ганаруся тым, што тут, у фальварку Завоссе, з’явіўся на свет геніяльны паэт Адам Міцкевіч, тут сцежкі Яна Чачота і Ігната Дамейкі, тут тварыў кавальскія цуды і складаў вершы Паўлюк Багрым.

– Як пачалі пісаць? Што стала штуршком для творчасці?

– Выдумляць розныя гісторыі альбо казкі мне падабалася яшчэ ў пачатковай школе. Першая настаўніца Зінаіда Ягораўна Абраменкава ўхваляла маю прагу да творчасці. Таксама – класныя кіраўнікі ў сярэдняй школе № 14, выкладчыкі рускай мовы і літаратуры Валянціна Барысаўна Комач і Ганна Дзмітрыеўна Мельнікава. Калі вучылася на філфаку БДУ, пісала вершы і прозу, часцей штосьці смешнае. Усур’ёз гэтыя літаратурныя спробы я ніколі не ўспрымала і паехала па размеркаванні настаўнічаць на Віцебшчыну.

– А як вы прыйшлі да турызму?

– Праз некаторы час вярнулася ў Баранавічы, ды не знайшлося месца ў школе. А хацелася вучыцца далей, цікавіла гісторыя, архітэктура, мастацтвазнаўства, але ў савецкія часы без накіравання ад якой-небудзь установы атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю было немагчыма. Даведалася, што Баранавіцкае бюро падарожжаў і экскурсій набірае слухачоў на курсы экскурсаводаў. Гэта быў 1977 год. Курсы ўжо працавалі, але мяне прынялі і нават паабяцалі ўзяць на працу. Справа пайшла, я вучылася і паралельна праводзіла экмкурсіі на Вільнюс, Нясвіж, Мір, Навагрудак і, вядома ж, па родных Баранавічах. Праца экскурсавода – вельмі цікавая і цяжкая адначасова.

Дарасла да старэйшага метадыста, вучыла іншых экскурсаводаў, была дырэктарам Пінскага бюро падарожжаў… Усяго, што ўмясціла амаль сорак гадоў турыстычнай працы, не пералічыш. Менавіта Баранавіцкае бюро падарожжаў і экскурсій зрабіла мяне прафесіяналам.

– Наколькі я ведаю, у свой час гэта адна з найбуйнейшых і паспяховых устаноў.

– У 1980-я гады Баранавічы былі сапраўдным турыстычным цэнтрам саюзнага значэння. Вось што значыць геаграфічнае становішча! Тут перакрыжоўваліся турыстычныя шляхі на Мінск і Хатынь, Брэст і Белавежскую пушчу, Вільнюс і Гродна. Ад Баранавіч рукой падаць да Нясвіжа, Міра, Навагрудка, Слоніма, Жыровіч. У Баранавічы ехалі аматары вандровак з усіх куткоў СССР. У цэнтры горада новая турыстычная гасцініца «Гарызонт» з рэстаранам. Раніцай з галоўнай плошчы стартавала ў розных кірунках шмат турыстычных аўтобусаў. Калектыў бюро падарожжаў на чале з Валерыем Высоцкім шмат рупіўся, каб задаволіць гасцей, ды не пакінуць без увагі мясцовае насельніцтва, якому таксама прывівалі смак падарожжаў.

Маленькі метадычны аддзел пад кіраўніцтвам старшага метадыста Соф’і Клімец з удзелам лепшых спецыялістаў пастаянна ўдасканальвалі экскурсіі. Кожны распрацаваны тэкст – гэта тая ж кніга. Добрая экскурсія – толькі палова справы. Баранавічам пашчасціла на такіх таленавітых экскурсаводаў, як Тамара Палятаева, Тамара Варэнік, Лілія Яскевіч, Ала Кібальчыч. А як не ўспомніць нашага старэйшага экскурсавода Людмілу Лобач, яе адмысловы народны гумар і мілагучную родную мову!

– І вось экскурсійныя тэксты натхнілі на кнігу…

– Неяк мне ў рукі трапіла кніга Адама Мальдзіса «Беларускі экватар», якая стала ўзорам таго, як можна спалучыць цікавую краязнаўчую інфармацыю і добрую літаратурную форму. Паспрыяла і захапленне творамі Уладзіміра Караткевіча. Часам пераказвала некаторым школьным групам «Дзікае паляванне караля Стаха», канечне ж, не замест экскурсіі, а калі дзеці на зваротным шляху прасілі распавесці што-небудзь цікавае. Ніколі не забуду: да надыходу 1982-га заставалася ўсяго пара гадзін. Мне трэба было пасля экскурсіі ў Нясвіж прасачыць, каб группу школьнікаў з Краснаярска пакармілі і размясцілі ў інтэрнаце. І хутчэй дамоў – за святочны стол. Раптам высветлілася, што з-за аварыі (быў страшэнны мароз) у рэстаране няма святла. Прасілі пачакаць. І вось мы расселіся пад адзіным невялічкім ліхтаром у зале чакання чыгуначнага вакзала. Тут я і пачала свой расказ пра «дзікае паляванне»… Незаўважна вакол сабраліся і іншыя пасажыры. І мне захацелася навучыцца пісаць так, каб было цікава ўсім.

– Як хутка ўдалося здейсніць мару?

– Чакаць прыйшлося больш за дваццаць гадоў. А тады я толькі падзялілася сваёй марай са знаёмым рэдактарам адной газеты, які калісьці клікаў мяне на працу ў далёкі Надым. Ён паспачуваў: жыцця не хопіць, каб без сувязей і падтрымкі выдаць краязнаўчую ці якую іншую кнігу. Так што доўгі час толькі назапашвала веды і займалася «турыстычнай руцінай».

З Баранавіч мяне перавялі ў Пінск дырэктарам бюро падарожжаў і экскурсій, і я засяродзілася на развіцці турыстычнай справы ў палескім краі, дзе багаты патэнцыял ніяк не знаходзіў увасаблення ў цікавы прадукт. Праз некаторы час у сталіцы Палесся адбыўся сапраўдны турыстычны бум. Але праз пяць гадоў не стала ні СССР, ні прывычнага масавага экскурсійнага турызму. Усе кінуліся за мяжу, хто – паглядзець, а найчасцей купіць ці прадаць.

Але хтосьці павінен быў ратаваць экскурсійную справу ад поўнага знішчэння! Такія знайшліся. Зразумелі, што «савецкія экскурсіі» не зусім адпавядаюць патрабаванням часу. Зноў пачалі распрацоўваць тэксты. Дапамагло і веданне польскай мовы: шмат цікавага пра Пінск і Палессе было напісана і выдадзена ў міжваенны час. Зноў пісалі экскурсійныя тэксты, да якіх дадавалі некалькі вершаў і газетных артыкулаў. І толькі ў 2002 годзе мая любоў да Палесся, захапленне гісторыяй Пінска вылілася ў кнігу, якая пабачыла свет пад назвай «Пінск. Чароўная казка Палесся».

Аднойчы мне патэлефанаваў старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікола Чырскі, які ў той час працаваў кансультантам у Міністэрстве спорту і турызму. Сказаў, што некалькі сталічных выдавецтваў адгукнуліся на прапанову прысвяціць старажытным гарадам Беларусі, у тым ліку і Пінску, годныя альбомы. Далі згоду і на тое, што аўтарамі будуць экскурсаводы, але толькі ў тым выпадку, калі змогуць напісаць нешта вартае. Мне выпала супрацоўнічаць з выдавецтвам «Універсітэцкае», якое, пакуль выйшла кніга, аб’ядналася з выдавецтвам «Вышэйшая школа». Узрушаная прапановай, я памчала ў Мінск, каб абмеркаваць будучую кнігу. Выданне будзе на беларускай мове, яшчэ на рускай і англійскай. Напісала так хутка, што сама здзівілася. Быццам кніга ўвесь час «сядзела» ў галаве – заставалася толькі пакласці перад сабой аркуш паперы… Але невядома, што скажа выдавецтва… Адвезла рукапіс у Мінск, аддала рэдактару Ганне Уладзіміраўне Новікавай. Раніцай наступнага дня пачула: «Усё доб-ра, галоўнаму рэдактару спадабалася!». Так мне далі пуцёўку ў літаратурнае жыццё. За першай кнігай пайшла другая – «Палессе ад Буга да Убарці», трэцяя…

– Чытач ваш першы твор прыкмеціў?

– Так, я стала шчаслівым аўтарам кнігі, папулярнай у жыхароў Пінска. Важную ролю адыгралі і прыгожыя здымкі фотамастака Алега Бабінца. Выдавецтва планавала, што кніга затрымаецца на паліцах некалькі гадоў, а ўвесь тыраж разышоўся за пару месяцаў. Патрыятычныя пінчукі нават шукалі яе ў іншых гарадах. І паляцелі кнігі ў ЗША і Канаду, паехалі ў Польшчу і Ізраіль да родных ды знаёмых. Часам людзі падыходзілі проста на вуліцы і дзякавалі за кнігу. Некаторыя нават рабілі экскурсіі па мясцінах, якія трапілі на старонкі выдання…

– Вы пішаце пра гісторыю краю, вядомых асоб, што ўславілі Палессе, пра архітэктурныя помнікі, багатую этнаграфічную спадчыну. А як сталася, што закранулі яўрэйскую тэму?

– У Пінска шмат цікавых старонак, звязанных з яўрэйскай гісторыяй. Вуліцамі старога горада ў свой час хадзілі гімназіст Хаім Вейцман – першы прэзідэнт Ізраіля і кучаравая дзяўчынка Голда Мабовіч, потым вядомая як прэм’ер-міністр Ізраіля Голда Меер. І, як заўсёды, спачатку былі экскурсіі па яўрэйскіх мясцінах Пінска і Палесся, а потым – праца разам з іншымі аўтарамі над кнігай «Халакост на Піншчыне». Мне давялося рабіць літаратурную апрацоўку ўспамінаў Іцхака Южука, лёс якога ўвабраў у сябе ўсю трагедыю і волю да жыцця яўрэяў-літвакоў, якія мірна жылі на Палессі каля 500 гадоў і сталі ахвярамі фашысцкага генацыду. Гэта была цяжкая праца. Часам не магла спаць – жахліва ад таго, што пачула пра рабочы яўрэйскі лагер у Ганцавічах, уцёкі яго вязняў, пагосцкае гета…

– А новыя праекты – на чарзе?

– Так, заўсёды памятаю пра аматараў падарожжаў, іх патрэбы і пра тое, што без цікавых кніг, даведнікаў і фотаальбомаў турызму і экскурсій не будзе. Спадзяюся, чытачам спадабалася кніга «Ад Белавежскай пушчы да палескіх балот», створаная разам з экскурсаводам і краязнаўцам Анатолем Варавам. Перапрацавала выданне «Пінск – сэрца палескага краю». Пішу даведнікі і артыкулы. Шмат планаў. Можа быць, дойдзе справа і да няскончанага эсэ, прысвечанага маім вандроўкам па свеце. А можа, перайду на казкі. Шмат іх у свой час склала для сваёй дачушкі, засталося толькі перанесці на паперу.

Раіса МАРЧУК

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.