Вольчыны перабіранкі

Рубрики: Новости.

У ліпені самаму найстарэйшаму члену Беларускага таварыства інвалідаў Вользе Філіпаўне Плакса споўнілася 107 гадоў. Разам са старшынёй Нясвіжскай раённай арганізацыі інвалідаў грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Галінай Антонаўнай Галабурда мы напраўляемся ў вёску Асмолава, што ў дзесяці кіламетрах ад Нясвіжа.

Чырвоныя, белыя, немцы, палякі…

…Першая сусветная, Другая сусветная, Польшча, Беларусь… Усё гэта самым мудрагелістым чынам пераплялося ў біяграфіі Вольгі Філіпаўны Плакса.

– Зажылася я ўжо, – вінавата ўсміхаецца бабуля, вітаючыся з намі і запрашаючы ў хату.

Бабуля Волька жыве адна. Сама сабе гатуе з прадуктаў, якія вырошчвае на агародзе. Штосьці дастаўляюць работніца раённай сацыяльнай службы дапамогі ці ўнукі. Стараецца падтрымліваць чысціню ў сваёй маленькай утульнай хатцы.

Прыхарошвае сваё жыццё баба Волька ўспамінамі ці тэлеперадачамі, але ў апошнія чатыры гады зрок стаў падводзіць. Пакуль адно вока бачыць. Гэта і дазваляе глядзець па тэлевізары любімыя праграмы пра здароўе, але ўжо больш прыходзіцца слухаць. Час ад часу да бабулі зазіраюць суседзі. Амаль штодня прыязджаюць унукі Сяргей і Віталій са сваёй жонкай. Абодва хлапцы жывуць у райцэнтры. І праўнучку прывозяць – бабуліну радасць. Хутка другі праўнучак з’явіцца на свет. Дай Бог прычакацца.

Сваю біяграфію, якая расцягнулася на цэлы век і закранула два стагоддзі, бабуля Волька памятае да драбніц, як быццам усё гэта здарылася з ёй ўчора. У яе, як на далоні – уся наша гісторыя.

– Я з восьмага года (1908, – аўт.), пачынае свой няхітры расказ кабета. – Гадавалася сіратою. Мне было паўтара года, як мама памерла. Быў яшчэ брацік меншы ад мамы, але рана памёр. Я сама родам з Малева. Дзявочае прозвішча Валочнік. Там ужо няма родзічаў. Усе пазміралі. Нікога няма. Адно мачышына дачка ёсцяка.

Бабуля перабірае сухімі жылістымі рукамі фалды фартушка, цярэбіць у памяці дзіцячыя галодныя ўспаміны. Як была гола і боса. Пра жыццё з мачыхаю.

– Я не ведала, што гэта не родная мама. У бацькі з ёю яшчэ сямёра дзяцей было. Як старэйшая, усіх іх гадавала. Як падрасла, стала адчуваць, што быццам лішняя ў сям’і. Маці часцяком зрывала злосць на мне. Бацька адводзіў вочы. Аднойчы пайшла да суседкі. І тая кажа: «Воля, а ты знаеш, што гэта не твая мама? Твая мама памерла». Я прыбегла і гавару. А маці кажа: не слухай, няпраўда. І толькі праз некалькі год я ўсё ж дазналася праўды. Як кажуць, чужая кашуля не прыстане да цела, так і мама. Ну але дзе ж ты дзенешся!? А бацька Філіп шкадаваў.

Да пана ў двор хадзіла на падзёнку. Пры Польшчы ж было. Усякую работу рабіла, як узялася ў гады, то і з канём упраўлялася, і снапы вазіла. Лён пан расціў, рвалі мы з жанчынамі, рассцілалі на лугу. Затым церлі. А лён, як высахне, цвёрды. Трэба было сілы яго памяць. А мне было мо 14 гадочкаў, тоненькая была, як снітачка. Але ж ішла. Спачатку лён патрэбна было адбіць пранікам, затым на церніцу пакласці, памяць ільняную трасту. Нарэшце траплом ачысціць валакно ад кастрыцы. Я ўсё ўмела – паламаць даўгунец, памяць трасту, але сілы скруціць яго не было, дык я кладу на церніцу ды паскакваю, каб сцябліны адбіць. Намеснік пана, які наглядаў за нашай работай, пашкадаваў мяне, сказаў, каб матка прыходзіла, перацерла ільнотрасту за мяне. Мачыха, праўда, паслухала. У той дзень пайшла, а назаўтра не. А я ж баюся, што больш на работу не возьмуць, дык сама мучылася, але хадзіла штодня ў панскі двор.

Памятаю, пані прыязджала з Альхоўкі, тоўстая такая, на паўкарках. Прасіла: «Жанчынкі, прыходзьце жаць». А мне хочацца зарабіць, бо ні сукеначкі, ні чаравікоў, а ўжо ў дзеўкі бралася. Мачыхіна дачка кажа: дык едзь і ты. Я ўвішная была, абароцістая, жала хутка. Але ручкі тоненькія – не магла сноп звязаць, не дам рады. Дык я два снапы нажну, перавяселка сабе і сястрыцы пакладу, а тая ўжо вяжа снапы. Пані плаціла, злотыя давала. Ужо колькі – не помню.

Яшчэ, памятаю, ягады збірала, насіла пану.

Вось так і перабіваліся. Гора было. Добра жылі тыя, у каго зямля была свая – таму і хлеба хватала, усяго хватала. А як мой бацька быў з сіратаў, бедны, то зямлю арэндаваў, – успамінае Вольга Філіпаўна, – рэнту кожны месяц выплачваў. Калі ж, нарэшце, выплацілі, выкупілі тую дзесянціну, тут і саветы прыйшлі. Не пакарысталіся мы сваёй зямелькай.

Як кравец з Асмолава Вольку палюбіў

– Бедных дзяўчат ніхто не хацеў замуж браць. Таму мачыха ўжо з сямі год вучыла мяне прадзенню, каб сама сабе на пасаг напрала. Маімі цацкамі ў дзяцінстве былі прасніца, верацяно ды чаўнок з цэўкай. Як падрасла, навучылася снаваць пражу, а затым і ткаць палатно.

– Я не граматная, у школе ніводнага дзянёчка не была. Меншыя брацікі і сястрычкі ўзімку бегалі ў школу. Мяне ж бацька не пускаў, бо работы па дому было шмат. Я ад іх крыху наўчылася. Сама праз сябе панімаю трохі. Грошы панімаю.

Але Волечка ўрадзілася прыгажуняй. Да таго ж здатнай і да работы, і да спеваў – у царкве спявала ў хоры.

– Пазнаёміліся мы з мужам тут жа, у Малеве. Ён краўцом быў. А тады кравец – вялікі чалавек быў. Усё ўмеў – касцюмы шыў і нават паўшубкі з авечых скураў. Па хатах хадзіў, шыў каму што трэба было. А я тым часам ткала ў знаёмых. Я ўмела ткаць. І посцілкі, і ручнікі.

Вольга Філіпаўна абводзіць позіркам залу.

– Вось і гэтыя посцілкі сама ткала, – паказвае на капы, якія засцілаюць канапу і ложак. – Яны ў сорак ніткоў. Перабіранкамі называюцца. Але іх трэба ўдваіх ткаць. Адна з аднаго боку закідвае чаўнок, другая з другога.

Залюбаваўся кравец работаю ўвішных рук ткачыхі. Палюбіўся яму ціхі нораў дзяўчыны, яе напеўны голас.

– Узяў ён мяне за руку і павёў да бацькі згоды на шлюб прасіць. І ў тую ж зіму прывёў мяне ў Асмолава. Жылі яны на хутары, адразу за лесам, за Гайкамі. Дзесяць душ было ў свёкра ў хаце. А я пасцельку сваю з каморкі прынясу, падушачку, ды на столачку пасцялю. Так і пераначуем з чалавекам, затым зноў туды, у каморку, пасцельку закіну. Гэта цяпер асобныя пакоі, спальні. А тады ўсе разам у адным спалі – дзевяры, нявесткі, бацькі, дзеці… Бывала, братава печ распаліць, бліноў напячэ, мачанку зробіць. І кожны сабе апалонікам начэрпае на талерачку, і ядзім.

Пажылі так некалькі гадоў, дык я ж не ўчаснік, праўда? Я ж баюся і ў кубелец пайсці, скварачку адрэзаць. Яны з ножыкамі пойдуць і адрэжуць. А я не пайду, бо гэта ж не маё. Я ж з пустымі рукамі да іх прыйшла. І кажу свайму мужыку: нічога не будзе, давай сваё што думаць, прыдбаць.

Гэту хатку паставілі мы самі. Ніхто не памагаў. Якая ж гэта была некалі жызня. Трэба было кароўку трымаць, трэба было салому красці. Зелле трэба было рваць, сена не давалі. Агоралі хатку, назаўтра пераязджаць, а ноччу ён памёр. Так утраіх з малымі дочкамі і перабраліся ў свой домік…

Вам бабу Вольку? Вунь там яна жыве, залатыя ручкі ў яе

Едучы ў Асмолава, мы спыніліся ля магазіна і спыталі, дзе жыве Вольга Плакса. Мясцовыя жыхары распыталі, а затым паказалі на акуратненькі

Здароўя жадае Галіна Галабурда.

ашаляваны і пафарбаваны ў сонечны жоўты колер домік – вунь там яна жыве. Залатыя ручкі ў яе. Чаму так? Бо ўсё ўмее рабіць, і дом і надворак трымае ў парадку.

Мы расказалі бабулі Вольцы, як яе назвалі вяскоўцы.

– Чула, што так мяне празывалі, – смяецца жанчына. – Бо ўсё сама навучылася рабіць. І мужчынскую, і жаночую работу.

– А як адной, без гаспадара? – быццам пытаецца і сама адказвае на пытанне Вольга Філіпаўна. – Перабраліся мы ў дом. Дзверы ёсць, а прыбудоўкі няма. Зіма ўжо найшла. Як адчыніш дзверы, дык снег ляціць у хату. Я і пайшла на брыгаду, каня ўзяла, на воз кінула пілку ды сякеру, паехалі з дачкой Ірачкай у лес, нарэзалі латаў, слупоў. Надумалася сама зрабіць будку – і атрымалася! Дык мой сусед на брыгадзе падсмейваўся: каму трэба сталяра? У мяне ёсцяка жанчына хароша – што ні возьме – усё зробіць. Шчыт бляхаю аббіла, каб цяпло праз столь не выходзіла.

– Усё ўмею – і касу накляплю, і сама пасею, і сама забараную. Усё, – падсумоўвае бабуля.

І цяпер не сядзіцца ёй на месцы. Дактары сказалі, што рабіць няможна. А яна выйдзе ў двор, дзе што ні па яе, то і зробіць. Хочацца ж, каб усё было па-людскі. Усяго шкадуе.

Мы праходзілі ў хату ўздоўж агарода. Падзівіліся, што грады чыстыя, ні зялінкі пустазелля. Морква, агуркі, бурачкі, гарбузы, цыбулька… Усе соткі бульбай засаджаны, абагнатыя, кругом кветкі цвітуць – цуд, ды толькі!.

– Хто ж вам палоў? Мо самі?

– Дзе ж сама, ужо сама ўсё не адолею. Дапамагае жанчына, якая абслугоўвае (з раённага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, – аўт.). Плачу ёй з пенсіі. Пенсія хоць невялікая – крыху больш за два з паловай мільёны, але дабаўляюць, што доўга жыву, патроху набіраецца.

Вольга Філіпаўна працавала даяркай у мясцовым калгасе.

– За тры кіламетры хадзіла даіць каровы. А за што? За капейкі. А праца была цяжола, бо ўручную. 17 кароў трэба было падаіць.

Пра руплівасць і абавязковасць характару бабулі Волькі гаворыць такі факт.

– Жанчынкі, мілыя, я ўся парэзана, у мяне 4 аперацыі было. Але выжыла, як на жыццё, то будзеш жыць…

Памятаю, лета на двары, пшаніца паласкуецца, трэба жаць ды касіць. Няма каму, а мне на чарговую аперацыю. Дык я збегла з бальніцы і зжала дзялянку, снапы паставіла ў копкі. Тады вярнулася ізноў у бальніцу. Дактары крычалі, што магла б памерці. Не хацелі класці, аперацыю рабіць. Але набаго зрабілі, камень дасталі. Праўда, пакінулі бінт. Я 10 год мучылася. Паехала на праверку ў Мінск, і мяне ўзяў прыступ. Прызналі, што ізноў камень. Але выявілася, што клык бінту, дык ім няма чаго й казаць. Вось як было. Тады доктар і гаворыць: «Цяпер я буду цябе лячыць, будзеш 150 год жыць» (смяецца). Але дзе ж вы бачылі, родненькія. Цяпер жыць можна – і абутыя, і адзетыя, і грошы – колькі ні ёсць. І ўнукі прывозяць усё. Але ж гады…  Затрымалася я на гэтым свеце…

– Слава Богу, што яшчэ бачыце, яшчэ чуеце, – падтрымліваем размову. – Ды на сваіх нагах яшчэ.

Адзінае багацце Вольгі Фёдараўны

Унукі і праўнукі – адзінае багацце Вольгі Фёдараўны.

А вось дачку сваю, Ірыну, Вольга Філіпаўна пахавала. Яна памерла ад анкалогіі. Гэта страшэннае гора маці не можа перажыць да сённяшняга дня. Ірына была памочніцай і дарадчыцай ва ўсім. Другая дачка, Раіса, жыве на Капыльшчыне. Яна таксама ўдава. Хварэе. Прыязджае радзей.

У бабулі Волькі ёсць унукі і праўнучка. Ужо паўгодзіка. Другога праўнучка чакае. Расказвае бабуля Волька пра іх, і вочы свецяцца радасцю.

– Адна ўнучка доктарам дзіцячым у Слуцку працуе. Купіў бацька кварціру ёй. Стараюцца, робяць. Другі ўнук ваенны, на трэцім курсе вучыцца, а унучка ад другой дачкі – фармацэўт, у аптэцы працуе ў Гомельскім раёне. Усе дзеці далёка, – уздыхае бабуля. – Дзяцей не трэба далёка аддаваць. Трэба, каб пры сабе былі.

Усе родныя бабулю да сябе завуць. Але пакуль на сваіх нагах, не хоча ні да кога ехаць.

– Чаму, жыла ў дачок. Забіраюць і цяпер на зіму. Як памірала дачка, плакала і пытала: з кім ты, мамачка, будзеш дажываць? Ля яе ўсе сабраліся, і вялі гаворку пра мяне. «Ня ведаю, – кажу, – можа ў дом інвалідаў пайду». «Не пазор, ты, мамачка, нас, не ідзі ты ў дом інвалідаў». Адзін унук, жанаты, прапанаваў, каб я з яго цешчай жыла, удваіх весялей. А дачка пазвала да сябе ды і кажа: «Мамачка, паслухай мяне ў паследнюю мінуту, не ідзі ў чужую хату. Яна хазяйка над сваім усім, а ты будзеш чакаць, што табе пададуць. А пакуль на сваіх нагах, жыві дома, сама сабе гаспадыня».

Цёпленька ў сваёй хатцы бабулі Вольцы, унук газ правёў, ацяпленне зрабіў.

– Прыедзе, уключыць кацёл і мне кажа, каб не шкадавала грошай на цяпло. А як пенсіі не хваціць, то заплацім мы. Дык цяпер добра, чаму б і не жыць…

Унукі бабулі дапамагаюць. Сыны Ірыны жывуць побач, у Нясвіжы. Яны працуюць, абодва забяспечаныя. Што трэба, ёй прывозяць.

– Віталічак, што нежанаты, газаўшчыком робіць. І дом харошы. Але адзін. А мне ўсё роўна шкада: і маладой картопелькі ўкапаю, і цыбулькі нарву…

Папрасіла бабуля, каб курэй ёй купілі. Для сябе весялей, і занятак ёсць. Да таго ж і яечка свежае штодня. Раней жа трымала свіней, кароўку. Цяжка без занятку.

– А хто вам дапамагае, акрамя ўнукаў?

– Гасударства, няможна казаць, памагае. Якія празнікі, прывозяць падарункі,  – пералічвае Вольга Філіпаўна. – І з райсабеса на дзень нараджэння, і з раёна дажа начальнік прыязджае. Кажа, што вельмі палюбіў тую жанчынку, таму што яна не ўнывае, усё расказвае, вясёлая. На Дзень пажылых прыязджаюць. І з калхоза наведваюць. І старшыня сельсавета не раз быў. І з раённай арганізацыі інвалідаў. Няма чаго абіжацца. Спасіба і за гэта.

– А якая помач патрэбна вам? – пытаемся.

– Якая тут помач, – задумалася бабуля Волька. – У мяне быў апарат, што даўленне мераць, ды спорціўся. Але што ж я буду тут заказываць?! За ўсё спасіба!

– А печка у вас для красаты?

– А хто ж будзе яе раскідаць? Хай будзе. Усякія случаі могуць быць, – заключае мудрая бабуля. – Дровы назапасіла. Я ж на групе (2-я група інваліднасці, – аўт.), то і торф прывозяць, і дровы.

У спальні бабулі стаіць тэлевізар – унукі на дзень нараджэння сабраліся і падарылі. Бабуля глядзіць яго з задавальненнем.

– Была і машына сціральная, дык спорцілася. А я ж нецярплівы чалавек, мне ўсё трэба каб было чыста, дык ужо як рукамі патаўку – якое там мыццё. Унукі то крычаць, і нявестка. Яны забіраюць гразнае на Нясвіж і прывозяць ужо чыстае.

– Ой, ужо, можа, як дажыву, – уздыхае Вольга Філіпаўна. – Колькі мне засталося. Надаела жыць, – ізноў плача, успомніўшы дачку. – Ніякай радасці няма, што мне за інцярэс.

Другая дачка, Раіса, таксама хароша, няможна казаць. І газ увяла, і воду гарачу, і халодну. І на работу яшчэ ходзіць. Ёй ужо больш за 70. Рабіла бухгалтарам. Выйшла замуж у Семежава. Затым у магазіне працавала,а цяпер у калхоз на работу ходзіць. Колькі ўзнагарод у яе! У мяне дзеці ўсе слаўныя! Выхоўвала, як магла. З дзяцей, якія ў горы рошчаныя, лепшы толк палучаецца. І працавітыя, і дабрадушныя, і прыветлівыя, – ганарыцца Вольга Філіпаўна.

Сталі развітвацца.

– Ой, каб я ведала, што вы прыедзеце, я б вас пачаставала, – клапоціцца, перажывае бабуля Волька. – Я ж не гультайка. У мяне ўжэ і капуста ёсцяка. Морква толькі нейкая слабая. Бурачкі чырвоныя добра ўрадзілі. Супчык сама сабе звару.

– Я з суседзямі дружу. З усімі харашо, – кажа бабуля напаследак. – Калі мне абіда, то мне няхай будзе абіда, а я баюся пакрыўдзіць каго. Нельзя сказаць плахога слова другому чалавеку. Жыць трэба спакойна і набожна, з усімі ў згодзе, ні з кім не сварыцца і ні на што не наракаць.

Вось так у міры і ў згодзе жыве, а не дажывае, свой век гэтая працавітая і мудрая жанчына. На развітанне мы пажадалі ёй, каб яшчэ доўга хадзіла і на сваіх нагах памерла.

– О, каб я была ў Бога заслужаная, і каб нікому рукі не ацяла!.. Гэта было б за шчасце!

PS. Восем чалавек Нясвіжскага раёна пераступілі 100-гадовы рубеж і лічацца доўгажыхарамі. Сярод іх – 1 мужчына і 7 жанчын.

Лілія ЗІЗІКА

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.