Горад, якога няма

Рубрики: Новости.

Нашыя чытачы могуць успомніць, што пра праект «Даступны горад», які цяпер рэалізуецца ў Беларусі, мы ўжо неаднаразова

Маленькі валанцёр дапамагае вымяраць вышыню поручня.

згадвалі на старонках газеты. Яго здзяйсняюць Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў, агенцтва сацыяльных праектаў «B2S» і, канешне, валанцёры. Менавіта яны, па сутнасці, ажыццяўляюць праект: абследуюць і абмяраюць будынкі, змяшчаюць інфармацыю пра іх на сайце freeway.by, якой потым можа скарыстацца кожны ахвочы. Лішне казаць, наколькі гэта зручна. Паступова колькасць гарадоў, далучаных да праекта, павялічваецца, а нядаўна ў іх лік увайшлі і Баранавічы. Горад дастаткова вялікі, хаця і не раённы цэнтр, але 170 тысячаў жыхароў – значная лічба. Зусім нядаўна, 1 жніўня, праект быў прэзентаваны ў Баранавічах, з ім маглі пазнаёміцца зацікаўленыя асобы і арганізацыі.

Маглі, але, падобна на тое, што не захацелі ці не змаглі гэта зрабіць. Знаёмства з праграмай адбылося ў аддзеле культурных праектаў Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В.П. Таўлая, у ім удзельнічаў ІТ-кансультант агенцтва сацыяльных праектаў «B2S» Аляксей Казлоўскі, які вёў мерапрыемства, і двое валанцёраў з Баранавічаў. І больш нікога. Пасля кароценькага абмеркавання ўсе выйшлі на вуліцу і праверылі на даступнасць саму бібліятэку – абмерылі пандус, ганак, уваходныя дзверы, парог – усё гэта з дапамогай маленькага памочніка-валанцёрчыка, які з захапленнем арудаваў рулеткай, расцягваў мерную стужку і правяраў, ці вытрымаюць поручні вагу аднаго дзіцяці (яны, дарэчы, вытрымалі).

Вынікі ўсцешылі: пандус да бібліятэкі зроблены пад невялікім ухілам, з парэнчамі, месца на ганку, здаецца, дастаткова шмат, каб там можна было развярнуцца на інвалідным вазку, парог зусім невялікі – нават не парог, а парожак, і пры неабходнасці ў дзвярах адчыняецца другая створка, каб патрапіць у бібліятэку можна было без праблемаў. Праўда, цяпер будынак звонку рамантуюць, і да яго давядзецца прабірацца праз груды пяску і будаўнічых матэрыялаў, але гэта, на шчасце, толькі часовыя перашкоды.

Потым агледзелі прыбіральню, адзначылі тое, што яна таксама прыстасаваная для карыстання людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі: месца ў памяшканні не бракуе, ёсць спецыяльны поручань. Так што бібліятэка для людзей з інваліднасцю адкрытая і даступная, былі б ахвочыя яе наведаць. І, як расказалі супрацоўнікі, прынамсі адзін такі чалавек ёсць – хлопец у інвалідным вазку часам прызджае, каб згуляць у настольныя гульні.

А якой шырыні дзвярны праём?

Пасля заканчэння прэзентацыі я прайшлася па галоўнай вуліцы роднага горада і паглядзела на яго ўжо іншымі вачыма. На абодвух баках вуліцы шмат крамаў і крамак – кніжных, мэблевых, ювелірных, з сувенірамі, адзеннем і абуткам, ёсць прадуктовыя крамы і кавярні… Так, напэўна, у любым горадзе, тым больш невялікім, дзе на галоўнай вуліцы канцэнтруецца жыццё, дзе збіраюцца гараджане. Амаль усе крамы знаходзяца на першых паверхах тыпавых пяціпавярховых дамоў. З тымі памяшканнямі, што будаваліся разам з узвядзеннем жылога дома, амаль няма праблемаў: каб зайсці ў іх, трэба пераадолець невысокі парог. Але шмат якія крамы былі перабудаваныя з кватэраў на першых паверхах дамоў і знаходзяцца па-за дасягальнасцю і інвалідаў-калясачнікаў, і мамаў з дзіцячымі вазочкамі. Калі ж пандусы дзесьці і ёсць, то такія высачэзныя, што ад іх галава кружыцца: нават майму неспрактыкаванаму воку відаць, што ў інвалідным вазку па ім не падняцца.

Вось каго, напэўна, варта было б сабраць на такую сустрэчу-прэзентацыю – уладальнікаў і дырэктараў крамаў ды розных установаў, што знаходзяцца ў цэнтры ды непадалёк яго. Можа быць, тады гэтая справа – вартая, патрэбная справа – будзе мець плён. А пакуль што даступныя Баранавічы, як у песні – гэта горад, якога няма.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.