Вандроўка на край Беларусі

Рубрики: Новости.

Варыць кашу спадар Эрык Кондрат, з цікавасцю глядзіць на гэта пісьменніца-казачніца Наталля Бучынская.

Мёры – невялікі горад на поўначы Беларусі, Мёрскі раён мяжуе з Латвіяй. На гербе горада – белы лебедзь з расхінутымі крыламі, і гэта невыпадкова: кажуць, што так шмат азёраў, як на Мёршчыне, няма больш нідзе ў Беларусі, і іх упадабалі не толькі лебедзі, але і людзі.

Прысмакі, смакоцці, ласункі…

Менавіта тут, на паўвостраве Мёрскага возера, прайшоў 27 чэрвеня кулінарны фестываль «Еўрапейскія прысмакі», арганізатарамі якога былі адміністрацыя Мёрскага раёна і беларускі фонд «Інтэракцыя». Зладжанае свята было па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, кіраўнік якога Майра Мора так патлумачыла ідэю фэсту:

– Нацыянальная кухня – самы дэмакратычны і дынамічны аспект культуры. Людзі розных краінаў пераймаюць кулінарныя традыцыі адно аднаго, прывозяць новыя ідэі і нязвыклыя інгрэдыенты з падарожжаў, – асобна М. Мора падкрэсліла наступнае: – Беларусь для мяне – адметнае месца на карце Еўропы: тут прайшлі дзесяць гадоў маёй дыпламатычнай працы. У маіх успамінах заўсёды застануцца добрыя ўражанні пра беларусаў, з якімі мне пашанцавала сустракацца і працаваць, пра культуру і традыцыі беларусаў, але асабліва я буду памятаць пра найлепшыя рысы характару беларусаў: гасціннасць, шчырасць і дабрыню.

Лішне казаць, наколькі прыемна было чуць гэтыя словы і адчуваць гонар за сваю краіну, якога, па-мойму, нам, беларусам, так часта бракуе. Удвая прыемна было, што словы гэтыя прагучалі па-беларуску – у адрозненне ад прамоваў нашых суайчыннікаў, якія чамусьці аддалі перавагу рускай мове. І гэта было насамрэч дзіўна і крышачку крыўдна.

…Паглядзець жа і пакаштаваць на фестывалі сапраўды было што. З Латвіі, з гістарычнай вобласці Латгалія прыехалі зацікаўленыя людзі і прывезлі ў Беларусь свае мясцовыя хлеб, сыр, піва, гарбаты з зёлак… А некаторыя стравы гатаваліся проста на месцы: цікава было паглядзець, як спадар Эрык Кондрат з Лудзы на адкрытым агні варыў кашу з шэрага гароху са шкваркамі – яна атрымалася вельмі смачнай! Дарэчы, з Латгаліі ў Беларусь прывезлі не толькі стравы, але яшчэ керамічны і драўляны посуд ды цацкі з дрэва. А фальклорны гурт «Рыкшала» (па-беларуску гэта значыць «Жменька») з Лудзенскага краю спяваў падчас фэсту надзвычай прыгожыя і мілагучныя народныя песні.

Не адставалі ад латышоў і беларусы, гаспадары аграсядзібаў з Віцебшчыны, якія прывезлі ў Мёры традыцыйныя стравы са сваёй мясцовасці. Як

Таццяна Шульга побач з працамі сваіх выхаванцаў.

лічыць каардынатар праекта «Бэлла Кузіна» па Віцебскай вобласці Ала Хорань, Падзвінне на іх надзвычай багатае:

– На Віцебшчыне сустракаюцца такія стравы, якіх няма больш нідзе ў Беларусі. Напрыклад, налівашка – яна гатуецца так: у свіную кішку наліваецца цёртая бульба, потым запякаецца – і такая смаката атрымліваецца!

У іншым месцы можна было пабачыць, як на распаленым у драўлянай калодзе агні пяклі бліны: проста ставілі на калоду патэльню, і праз хвіліну-другую – калі ласка: блінцы з полымя, з жару! Гэта тры жанчыны з аматарскага аб’яднання стараверскай кухні, гульні і фальклору пры доме культуры ў в. Більдзюгі Шаркаўшчынскага раёна частавалі наведнікаў фэсту сваімі традыцыйнымі стравамі.

Творцы і «талакоўцы»

У вясёлай мітусні, напоўненай зманлівымі пахамі, у мяне атрымалася пабачыцца і пагаварыць з загадчыцай мёрскага аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджаемага пражывання Таццянай Шульгой. Вось што расказала Таццяна Паўлаўна:

– На пастаяннай аснове нашае аддзяленне наведваюць дваццаць пяць інвалідаў 1-й і 2-й групаў. У асноўным гэта маладыя інваліды ва ўзросце ад васямнаццаці да трыццаць аднаго года, але ёсць і старэйшыя.

Экасцяжына ў Ельні (злева — сама сцяжына, справа — заезд-пандус).

У нас дзейнічаюць тры працоўныя майстэрні: «Крама цудаў» па стварэнні вырабаў з ільновалакна і гліны, майстэрня па вырошчванні садавіны і гародніны – мы вырошчваем агурочкі, памідорчыкі, баклажаны, а таксама экзатычныя для нас кавуны. Усе гэтыя прадукты потым мы адпраўляем у аддзяленне кругласутачнага знаходжання, дзе жывуць састарэлыя людзі. А зусім нядаўна, у гэтым го-дзе, адкрылася трэцяя майстэрня – паліграфічная. Мы закупілі абсталяванне і цяпер робім календары, брашуры, разнастайныя буклеты – напрыклад, пра славутыя мясціны Мёршчыны, а таксама інфармацыйныя і прафілактычныя буклеты па здаровым ладзе жыцця, прафілактыцы шкодных звычак.

Гляджу на раскладзеныя на стале вырабы: вось прыгожыя каробачкі-шкатулкі з выявай лебедзя, як на гербе Мёраў, вось сімпатычны шэры буслік, побач – календары, даволі прафесійна, як на маю думку, зробленыя.

– Таксама ў нас дзейнічаюць розныя клубы, – працягвае расказваць Таццяна Паўлаўна, – напрыклад, клуб «Падарожнік». Для вандровак у нас ёсць спецыяльны аўтамабіль на восем пасадачных месцаў, ёсць там і месца для інваліднага вазка, так што нават «цяжкія» рабяты могуць з намі ездзіць. Мы ўжо з’ездзілі ў Мінск, праехаліся па цікавых мясцінах нашага раёна.

Вось так пякуць бліны на драўлянай калодзе.

Таксама ў нас створаная брыгада ўзаемадапамогі «Талака». Гэта, так бы мовіць, нашае асабістае вынаходніцтва. У «Талацэ» аб’ядналіся шэсць адзінокіх маладых інвалідаў, якія дапамагаюць адно аднаму ў побытавых справах: клеяць шпалеры, прыбіраюць у доме і вакол яго. Гэтыя маладыя людзі не карыстаюцца дапамогай сацыяльных работнікаў, а спраўляюцца самі. Напрыклад, вось прывезлі машыну дроваў нашай дзяўчыне з інваліднасцю, і што ёй рабіць? Тады нашыя хлопцы паклапаціліся пра гэта, прыйшлі, усё склалі, прыбралі. «Талака» дзейнічае ўжо другі год, і мы вельмі радыя, што нашыя выхаванцы так аб’ядналіся. Акрамя ўсяго мы дапамагаем яшчэ і сіротам, якія скончылі навучацца ў інтэрнатах, вярнуліся ў Мёрскі раён і не маюць тут сваякоў. Вось нядаўна маладая жанчына з трыма дзецьмі папрасіла «талакоўцаў» дапамагчы ёй з пераездам – яна атрымала сацыяльнае жыллё.

– А яшчэ, – працягвае Таццяна Паўлаўна, – у нас ёсць малады чалавек Дзмітрый Віткоўскі, яму дваццаць восем гадоў. Мы доўга думалі, якой справай яго зацікавіць, а ён сам спытаўся, ці ёсць у нас выжыгацель. Канешне, ёсць! – усміхаецца мая суразмоўца. – Дзіма пачаў выпальваць і за два месяцы стварыў дваццаць выдатных працаў. Потым мы паказалі іх на выстаўцы, запрасілі хлопца разам з сям’ёй, склалі для яго вершы…

Яшчэ адна выстаўка – паказ вышытых стужкамі карцінаў – адбылася ў студзені. Мы па праграме адаптацыі да працоўнай дзейнасці прынялі хлопца-інваліда 3-й групы па слыху Сашу Наркевіча. Шэсць месяцаў ён працаваў, вышываў стужкамі пано. Іх мы адправілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання і ўпрыгожылі пакоі нашых старэнькіх жыльцоў.

Жураўліныя мясціны

Ёсць каля Мёраў унікальнае месца – гэта ландшафтны заказнік «Ельня», які знаходзіцца на тэрыторыі верхавога балота Вялікі Мох і займае

Помнік ненароджанаму дзіцяці.

больш за дваццаць тысячаў гектараў. Нехта, магчыма, усміхнецца скептычна: маўляў, вялікае дзіва – балота! Іх па ўсёй Беларусі лічыць  не пералічыць, адно Палессе чаго вартае. Але Ельня сапраўды шмат чым адметная.

Увосень тут адначасова збіраюцца каля пяці тысячаў шэрых журавоў, для якіх Ельня з’яўляецца апошнім «прыпынкам» і месцам адпачынку перад доўгім пералётам у цёплыя краіны. Навукоўцы змаглі адсачыць перамяшчэнне адной з птушак і высветлілі, што пасля адпачынку на Ельні журавель разам з іншымі птушкамі ляцеў трое сутак і спыніўся толькі ў Ізраілі, дзе і правёў халодныя месяцы.

Акрамя таго, у заказніку створаная адмысловая экасцяжына даўжынёю ў паўтара кіламетры, якая пачынаецца каля краю балота побач з назіральнай вышкай і заканчваецца ля неверагодна прыгожых азёраў. Уласна, экасцяжына – гэта драўляны насціл з метр шырынёю, з невялікімі «балкончыкамі», дзе можна прысесці на лаўку або проста пастаяць ды адпачыць, са зручным заездам-пандусам, зробленым па ўсіх правілах. Без перабольшвання, Ельня была б выдатным месцам для адпачынку людзей з інваліднасцю, калі б не адзін момант: да самой экасцяжыны трэба ісці пешшу прыкладна з кіламетр па самай натуральнай экадарозе з ямамі і лужынамі. Гэта, канечне, таксама па-свойму захапляльна, але для людзей у інвалідным вазку ці на мыліцах такая дарога будзе неадольнай перашкодай перад магчымасцю патрапіць у Ельню. Застаецца спадзявацца, што ў будучым гэта зменіцца і ландшафтны заказнік пасярод балота пакажа вялікім і малым гарадам выдатны прыклад па стварэнні безбар’ернага асяроддзя.

***

Пра Мёры і ваколіцы горада можна расказваць доўга, але лепей іх, канешне, убачыць. Што асабліва ўразіла мяне ў Мёрах – гэта касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча, каля якога некалі ксёндз Ула-дзіслаў Пятрайціс паставіў помнік ненароджанаму дзіцяці: Дзева Марыя пад паднятым нажом гільяціны закрывае сабою дзіцятка. Ля помніка нехта пакінуў маленькага цацачнага мядзведзіка, а адразу за агароджаю касцёла можна пабачыць радзільнае аддзяленне бальніцы.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.