Горад памяці Смаленск

Рубрики: Новости.

Удзельнікі марафона з Тулы частуюць беларусаў хлебам-соллю.

Напярэдадні 22 чэрвеня, дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у Расіі прайшоў міжрэгіянальны грамадска-патрыятычны марафон «Гарады Перамогі», які быў арганізаваны Цэнтральным Міжрэгіянальным саветам Усерасійскага таварыства інвалідаў. У ім удзельнічалі прадстаўнікі гарадоў воінскай славы Бранска, Варонежа, Курска, Вязьмы ды іншых, а таксама прадстаўнікі гарадоў-герояў Масквы, Тулы, Смаленска і Мінска. Так, лёс і мужнасць беларускай сталіцы ў гады Вялікай Айчыннай не былі забытыя нашымі ўсходнімі суседзямі. Яны запрасілі на заключны этап марафона, які адбыўся ў Смаленску цягам пяці дзён, з 19 да 23 чэрвеня, прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў»: старшыню Баранавіцкай ГА Жанну Парфір’еўну Сасніцкую, старшыню Брэсцкай ГА Іну Дзмітрыеўну Куўшынаву, старшыню Віцебскай АА Міхаіла Ягоравіча Каралюна, старшыню Гомельскай АА Мікалая Анатольевіча Сімановіча, старшыню Полацкай АА Надзею Мацвееўну Юзэфовіч.

***

Ад Мінска да Смаленска мы даехалі за чатыры з лішнім гадзіны. Нават не адразу заўважылі, што перасеклі мяжу, зразумелі гэта толькі тады, калі пабачылі надпісы на дарожных указальніках на рускай мове замест беларускай. А там ужо і да самога горада было недалёка.

Смаленск – старажытны. Ён равеснік нашага Полацка, цягам стагоддзяў яго гісторыя была звязаная з Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай, а потым – з Беларускай Народнай Рэспублікай і Беларускай ССР. Прыехаўшы туды, нельга не залюбавацца незвычайнай прыгажосці цэрквамі, самыя старыя з якіх былі пабудаваныя яшчэ ў ХІІ стагоддзі. Панарама Смаленска сапраўды ўражвае – горад падобны на велізарны зялёны востраў, над якім, нібыта маякі, высяцца пабудаваныя на ўзгорках велічныя храмы.

***

Нас, удзельнікаў марафона, прытуліў санаторый «Змена» у хваёвым бары на ўскраіне Смаленска. Увечары, пасля знаёмства і абмеркавання

Удзельнікі марафона з Тулы частуюць беларусаў хлебам-соллю.

планаў на наступны дзень нехта з удзельнікаў пайшоў адпачываць, нехта хацеў пабачыцца са старымі знаёмымі, паразмаўляць… А нехта спяваў. Да старых ваенных песень, што гучалі з дынамікаў, далучаліся ціхія мілагучныя спевы – спявалі, сабраўшыся купкамі ў альтанках, спявалі, проста шпацыруючы па дарожках пад высокімі хвоямі. Песні гучалі і гучалі, у звонкай вечаровай цішыні іх было далёка чуваць. І мы, стоячы побач, неўзабаве таксама загаварылі пра вайну:

– Я нядаўна дзеда знайшла…

– А мой бацька ў дваццаць тры гады загінуў…

– А мой дзед быў сувязным у партызанаў, немцы яго схапілі і расправіліся…

Нехта з нас яшчэ сказаў крыху здзіўлена:

– Мы ж заўсёды пра вайну гаворым. Як быццам іншай тэмы няма, заўсёды пра яе ўспамінаем.

І яго падтрымалі: сапраўды, так і ёсць. Што б ні казалі, мы яшчэ занадта добра памятаем пра вайну: і людзі сталага веку, і, я ўпэўненая,

Крапасная сцяна і вежа Грамавая.

маладзейшыя таксама. Мяне, да прыкладу, аддзяляе ад тых часоў тры пакаленні – бацькава, дзедава і прадзедава, але я выдатна ведаю, як у гады вайны ў хату майго прадзеда, які жыў у адной з палескіх вёсак, прыходзілі партызаны, прыносілі ежу і прасілі яе згатаваць. Пра гэта дазнаўся нехта з вяскоўцаў, які быў у самаахове (Беларускі корпус самааховы быў створаны, каб дапамагаць нямецкай паліцыі), і калі да прадзеда чарговы раз зайшлі партызаны, у двор завіталі і паліцаі. Партызаны паспелі сыйсці з хаты, адстрэльваючыся, пабеглі да лесу, які быў непадалёк. Іх не схапілі, але забралі прадзеда. Пра тое, што рабілі з ім тыя два тыдні, ён нічога не казаў. Відаць, расказваў мне бацька, яго ўсё-такі моцна білі, бо пасля таго выпадку ён пражыў зусім нядоўга.

Таму мы сапраўды памятаем – памятаем не легенды і гераічныя падрабязнасці, а вось такія простыя падзеі і ўрыўкі з той вайны.

…А песні ўсё гучалі. У нас пад вокнамі спявалі пад гітару «Журавлей» і пасля гэтага яшчэ доўга маўчалі.

 

***

Пад час патрыятычнай акцыі «Свечка Памяці».

У цішы магутных хвояў добра дыхалася і добра думалася. Калі ўжо бліжэй да ночы пацішэў шум і смех галасоў, я шкадавала, што не змагу намаляваць цішыню. Яна была такая звонкая, глыбокая – і трывожная. Такой, напэўна, была і ноч на 22-е чэрвеня 1941 года, калі ніхто не чакаў бяды, але яна ўжо набліжалася да нас хуткаю хадою.

У памяць аб гэтым у глухую гадзіну начы мы збіраліся да Вечнага Агню, на патрыятычную акцыю «Свечка Памяці». Гэты помнік усталяваны ў Скверы Памяці Герояў непадалёк крапасной сцяны, побач з якой пахаваныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Тут ляжаць людзі, імёны якіх ці, прынамсі, подзвігі якіх вядомыя бадай што кожнаму. Гэта сяржант Міхаіл Ягораў, які раніцай 1 мая 1945 года ўзняў Знамя Пермогі над дахам Рэйхстага. Гэта Марыя Акцябрская, жонка камісара, які загінуў напрыканцы лета 41-га, і тады жанчына вырашыла сама адправіцца на фронт. Пасля таго, як ёй некалькі разоў адмовілі ў гэтым, М. Акцябрская аддала ўсе свае грошы на будаўніцтва танка Т-34, на якім потым і служыла механікам-вадзіцелем. Яна загінула ў 1943 годзе.

Там, пад смаленскай крапасной сцяною, ляжаць і іншыя людзі, іншыя героі. Мы прыехалі да Вечнага Агню яшчэ зацемна, а пакуль чыталі іх імёны, ужо развіднела. Над месцамі апошняга спачыну гарэлі лампады, такія ж лампадкі і свечкі мякка цяпліліся ў руках тых, хто прыйшоў да помніка. Чамусьці там не атрымлівалася шмат гаварыць, хацелася толькі стаяць, засяроджана гледзячы на полымя, думаць, адчуваць, зябка паводзіць плячыма ад ранішняга холаду і слухаць, як з ціхім шыпеннем рвецца ўверх і калышацца на ветры агонь.

(Заканчэнне чытайце ў наступным нумары.)

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.