Беларусь для кожнага

Рубрики: Новости, Проекты.

Праект «Belarus N» быў распачаты 28 мая ў Мінску. Калі казаць коратка, яго мэта – павышэнне турыстычнай прывабнасці Беларусі як для саміх жыхароў краіны, так і для замежных гасцей. Арганізатарамі праекта сталі сетка аўтазаправачных станцыяў «Белоруснефть» і камунікацыйнае агенцтва «Группа НЭФ».

Nевядомая і Nовая

Ад сябе дадам, што не толькі замежнікам трэба паказваць багацці Беларусі, а і нашым суайчыннікам. Бо вось так бывае: жывеш і не ведаеш, што ў адной вёсачцы непадалёк твайго роднага горада яшчэ стаіць, хай сабе і напаўразбураная, але жывая сядзіба са складанай гісторыяй – і сваёй, і гаспадаровай. А ў другой вёсачцы быў некалі замак, зруйнаваны ў адной з войнаў, а яе забудова і дагэтуль засталася такой жа, як і ў XVI ст., калі вёска была вялікім і вядомым мястэчкам. І гэта – толькі кроплі ў моры тых адкрыццяў, што яшчэ чакаюць нас на нашай зямлі. Што ж казаць пра замежнікаў, калі мне самой яшчэ колькі гадоў таму даводзілася адказваць на пытанні кшталту «Беларусь? А дзе гэта?», і паказваць на карце, і расказваць, і тлумачыць…

Не дзіўна, што «Белоруснефть» вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і стаць, так бы мовіць, зыходнай кропкай для тых, хто выпраўляецца ў вандроўку па краіне. Плануецца, што пяцьсот з лішнім аўтазаправачных станцыяў стануць такімі месцамі, дзе можна атрымаць інфармацыю пра турыстычныя маршруты і набыць усё неабходнае для падарожжа.

Дарэчы, самі маршруты будуць створаныя па розных тэмах.

– Спачатку мы планавалі арганізаваць рэкламную падтрымку аграсядзібаў, што знаходзяцца непадалёк аўтазаправак «Белоруснефть», – расказаў дырэктар агенцтва «Группа НЭФ» Алег Барысавіч Раманаў. – Аднак потым прыйшлі да высновы, што больш цікава будзе стварыць тэматычныя маршруты, напрыклад «Рыцарскі», «Сырны», «Водны» і інш. Пакуль што такіх тэматычных накірункаў у нас пятнаццаць, думаецца, далей будзе болей. І асноўная ідэя ў тым, каб кожны маршрут, нягледзячы на тое, што ён аб’яднаны адной тэмай, быў разнастайны: напрыклад, у «Сырны» маршрут мы плануем уключыць наведванне музея сыру і аграсядзібы «Мышыны дом», магчымасць пакаштаваць такую нязвыклую для беларусаў страву, як фандзю, а пры жаданні можна будзе нават самому падаіць карову.

Яшчэ адна адметнасць новага праекта ў тым, што быў створаны і паступова будзе ўдасканальвацца турыстычны інтэрнэт-партал belarusn.by. Плануецца, што там будзе сабраная інфармацыя пра турыстычныя маршруты і мясціны адпачынку, будзе магчымасць анлайн-браніравання.

«Быць разам карысна для іх і для нас»

Пра тое, якія варыянты адпачынку ёсць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, расказала мне Валерыя Анатольеўна Кліцунова, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання «Отдых в деревне»:

– Мы збіраемся сур’ёзна займацца гэтай справай. Цяпер знаходзіцца ў стадыі рэгістрацыі праект па даступнасці турыстычнай (і не толькі турыстычнай) інфраструктуры, які будзе здзейснены ў Валожынскім раёне. Яго мы, дарэчы, будзем рэалізоўваць разам з Беларускім таварыствам інвалідаў.

Калі ў нас толькі з’явілася ідэя стварэння даступных турыстычных аб’ектаў, ёю сапраўды зацікавіліся. Так, шмат хто з гаспадароў аграсядзібаў прыехаў на семінар, які мы праводзілі ў мінулым годзе. Ужо ёсць некалькі сядзібаў, якія стварылі даступную, адаптаваную для інвалідаў інфраструктуру: напрыклад, гатэль-сядзіба «ОС», «Надежда – ХХІ век», у некаторых сядзібах гэтая праца пакуль яшчэ не скончаная, але, думаю, рана ці позна гэта будзе. У нас ёсць задума ў Валожынскім раёне стварыць безбар’ернае асяроддзе, каб гэта было не ў адной асобна ўзятай аграсядзібе, а паўсюль. У планах – адкрыццё турыстычнага агенцтва для людзей з інваліднасцю (лішне казаць, што яно будзе першым у Беларусі). Ёсць яшчэ ідэя зрабіць экасцяжыны, даступныя для інвалідаў-калясачнікаў. Першая такая сцяжына ўжо ёсць у Расонскім раёне, цяпер плануецца стварыць яшчэ адну ў Налібоцкай пушчы.

Увогуле ж любая цывілізаваная краіна павінна гэтым займацца, клапаціцца пра кожнага свайго грамадзяніна. Нядаўна я была на стажыроўцы ў Амерыцы, – падзялілася ўспамінамі Валерыя Анатольеўна, – і бачыла, якія ідэальныя ўмовы там створаныя для людзей з інваліднасцю. Трэба сказаць, што там быў прыняты акт аб даступнасці ўсёй інфраструктуры для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, так што ў Амерыцы ніводзін аб’ект нават не адчыніцца, калі ў ім не створаныя спецыяльныя ўмовы для інвалідаў. А яшчэ я даведалася пра адмысловыя турыстычныя агенцтвы, якія дапамагаюць арганізаваць адпачынак здаровым людзям і людзям з інваліднасцю разам. Вось гэта і ёсць, на маю думку, сапраўдная інклюзія.

Летась да нас на сядзібу «У Рыся», што ў Свіслацкім раёне, прыехалі маладыя інваліды. Яны ўвесь час былі з намі, яны зрабілі цудоўны канцэрт… І гэта было так натуральна! Увогуле, да такога трэба прывыкаць, бо для нас людзі з інваліднасцю – гэта нешта неверагоднае, незвычайнае. А інваліды павінны быць на вуліцах, яны павінны быць часткай нашага грамадства, гэта карысна для іх і для нас.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота мае ілюстрацыйны характар

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.