Хрыстос з дзіцячага дома

Рубрики: Новости.

Раней я думала, што такое бывае толькі ў душакранальных фільмах: адчыняеш дзверы з калідора, заходзіш у пакой – і насустрач кідаюцца дзеці: «Мама, мама, мама!..» А іх перарывае вокліч выхавацелькі: «Гэта не вашыя мамы, гэта цёці!» Першая ж думка: толькі не плакаць пры людзях. Я ж не маленькая. Маленькія – там.

А самі малыя, якія да гэтага сядзелі па перыметры дывана і паслухмяна гуляліся з цацкамі, проста абляпляюць цябе з усіх бакоў, просяцца, каб іх узялі на рукі або проста патрымалі на каленях. Сядаюць па двое, па трое, гарнуцца бліжэй, заглядваюць у вочы. Усміхаюцца або паглядаюць насцярожана – усё ж такі незнаёмыя людзі.
А праз паўгадзіны называюць цябе мамай. Аказваецца, так бывае. Пра гэта я даведалася, калі нядаўна разам з моладдзю з нашай царквы паехала ў адзін з дзіцячых дамоў. Месца і імёны я не называю, думаю, што вялікай патрэбы ў гэтым няма – наўрад ці дзіцячыя дамы вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго.

…Дзеці там самыя розныя. Пакуль мы гулялі з малымі, выхавацелька крыху расказала пра кожнага. Хаця ўсе іх гісторыі, у прынцыпе, падобныя – бацькоў пазбавілі правоў на дзіця, як правіла, па адной прычыне: п’янства. Ад кагосьці «мамы» адмовіліся яшчэ ў радзільні, а адну дзяўчынку знайшлі кінутую на лецішчы. Відаць, тое, што яе ўсе-такі знайшлі і выратавалі, было для яе сапраўднай удачай.

У адной групе са звычайнымі дзеткамі ёсць і тыя, якія адстаюць у развіцці. Нехта, напрыклад, у чатыры гады яшчэ не размаўляе. Праўда, і адна з магчымых прычынаў гэтага відавочная: хлопчык нарадзіўся ў сям’і алкаголікаў. Часам характары дзяцей разабраныя да апошняй дробязі, прасочаныя ўжо на гады наперад: «Человека из него не будет, бандитом будет» – гэта сказалі пра рухавага і сапраўды шкадлівага хлопчыка. Баюся толькі, што такімі ж неспакойнымі былі ці не ўсе трохгадовыя дзеці. Але тут да характару дзіцяці дадаюцца яшчэ і лёсы яго бацькоў – таму і робяцца такія высновы.

Маленькія глядзяць цікаўнымі вачанятамі і зусім спакойна рэагуюць на крыкі выхавацеляў, ад якіх я сама з непрывычкі ўздрыгвала. Адразу думаецца: так жа нельга з дзецьмі! А потым разумееш: можна. І трэба, і павінна. Таму што іначай не атрымаецца навесці парадак у групе, дзе дзесяць малых носяцца адно за адным, крычаць, плачуць, смяюцца, б’юцца і валяюцца па падлозе. Увогуле ж выхавацелямі там можна толькі захапляцца. Па-мойму, каб згадзіцца на такую працу, трэба знайсці ў сабе вялікія сілы і здольнасць любіць чужых дзяцей або, прынамсі, клапаціцца пра іх.

…Пераабдымаўшы па чарзе амаль усіх дзетак, звяртаю ўвагу на хлопчыка, ці не самага маленькага сярод усіх. Пакуль астатнія бегалі, тузалі адно аднаго, крычалі і вішчалі, ён ціхенька сядзеў на дыванку і перабіраў дэталі канструктара. Нават не будаваў з яго нічога, проста ўважліва разглядваў, нібыта вельмі сур’ёзна аб нечым думаў.

Калі я ўзяла яго на рукі, ён спачатку гэтак жа засяроджана круціў у ручках канструктар. Я падала хлопчыку цацачную малпачку – ён паслухмяна ўзяў і пачаў гуляцца ўжо з ёю. Мы з ім ціхенька гаварылі – дакладней, гаварыла я, а ён прос-та паглядаў на мяне, здаецца, усё больш уважліва з кожнай хвілінай. А потым прыгарнуўся бліжэй, усміхнуўся і ўсё глядзеў і глядзеў, вачанятаў не адводзіў, ды ўжо і не адыходзіў ад мяне. На жаль, з дзеткамі мы змаглі пабыць не вельмі доўга, усё ж такі ў іх свой рэжым дня. Але калі мы ўжо сыходзілі, Мішка стаяў ля дзвярэй пакоя і глядзеў услед.

Выхавацелька Мішу вельмі хваліла – спакойны хлопчык, харошы, добры. Потым высветлілася, што ў дзіцячым доме ён зусім нядоўга, толькі нядаўна хлопчыка забралі з сям’і. Пакуль што забралі на паўгода, далі бацькам шанец выправіцца і вярнуць дзіця. Хочацца думаць, што так будзе.
Але дарэчы ўзгадваецца гісторыя адной знаёмай жанчыны, якая, маючы сваіх дзяцей, узяла апеку над хлопычкам з дзетдома. Ён пражыў у новай сям’і ўжо некалькі гадоў, калі яго родная мама нарэшце ўспомніла, што ў яе ёсць дзіця, і забрала хлопчыка да сябе. Юрыдычна яна мела на гэта права, ды і сама, відаць, выправілася, раз ёй аддалі дзіця, але ж… Здаралася, што яе сын, тады яшчэ дашкольнік, раніцай сыходзіў ад роднай маці да колішняй прыёмнай мамы (яны жылі адносна недалёка), а ўвечары вяртаўся назад. Так і жыў фактычна ў дзвюх сем’ях. Можа быць, канешне, проста прывыкла дзіця за некалькі гадоў, а можа, у прыёмнай сям’і яму было лепей, хто ведае?

На заканчэнне скажу, што зусім малым дзеткам часта шанцуе: іх усынаўляюць або бяруць пад апеку. Бывае, што будучых бацькоў не палохаюць нават складаныя медыцынскія дыягназы ці тое, што дзіця адстае ў развіцці ад іншых. Як неаднаразова ўжо было заўважана, нават такія дзеткі, калі яны трапляюць у сям’ю, хутка «выраўніваюцца» са сваімі аднагодкамі. Усё ж такі любоў (і сям’я!) робяць амаль немагчымае. Са старэйшымі дзецьмі складаней, іх усынаўляюць радзей.

І я не магу не ўзгадаць словы Ісуса Хрыста, запісаныя ў Евангеллі ад Мацвея: «…і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае…» Колькі ж нас, хрысціянаў, людзей, якія вераць у Бога глыбока і шчыра, пакідаюць Хрыста ў дзіцячым доме?

Ніна КАЗЛЕНЯ, фота аўтара

Фота мае ілюстрацыйны характар

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.