Калі гучаць званы душы

Рубрики: Новости.

Великая Пасха, Вялікдзень, Пасхальная неделя, обычаи и традиции, кулич, в битки, Воскресение Христово, Свято-Елисаветинский монастырь в Новинках в МинскеХрыстос васкрос!.. Усюды радасць,

Усё глядзіць смялей, святлей;

Вялікі Мучальнік, здаецца,

Абняў ўсіх ласкаю сваей.

Янка Купала

Ведаеце, яшчэ не пашанціла мне сустрэць галоўнае свята ўсіх вернікаў – Вялікдзень – у традыцыях і парадках, як гэта спрадвеку заведзена, у беларускай вёсцы. Ну, гэта, спадзяюся, у мяне наперадзе. Затое пацікавілася, як жа раней святкавалі Пасху ў сельскай мясцовасці.

Перад Вялікаднем трэба было абавязкова прывесці хату ў парадак. Мылі драўляную падлогу, вокны, заўсёды вешалі беласнежный фіранкі на вокны, бялілі печ, аднаўлялі кіёту з іконамі. Калі неабходна, рамантаваліся, чысціліся калодзежы. У Вялікі чацвер традыцыйна мыліся ў лазні, засцілалі ложак чыстай бялізнай, таму яго яшчэ ў народзе завуць Чыстым.

У Вялiкую Суботу каля царквы асвячалi духмяныя кулiчы, фарбаваныя яйкі і яйкi-маляванкі, соль. Раней была традыцыя загадзя вырасціць у місцы пшанічку ці першую зялёную траўку, на якую клалі самыя прыгожыя яйкі, нібы райскія птушкі знеслі! Зразумела, што ў Свята радаваліся ўсяму: цяплу, небу, зямлі, свету, сваякам і чужым. Уваскрэсенне Хрыстова – гэта ўваскрэсенне і прыроды, аднаўленне жыцця. Менавіта вясковая вясна адметная сваёй пяшчотай, цеплынёй, а Вялікдзень – благадаць жыцця, бо смерці няма.

Загадзя накрывалі багаты святочны стол: яйкі, запечаны парсючок, каўбасы, кулічы, тварожная пасха… Часта ўбiралі абрус дзеразой – першай лясной зелянiнай. З гэтай жа дзеразы плялi вянкi для Плашчанiцы – чатырохкутнай хусты з выявай знятага з крыжа цела Хрыста Збавiцеля. Яе выносяць напрыканцы вячэры Вялiкай Пятнiцы на сярэдзiну храма i пакiдаюць да пасхальнай паўночнiцы.

У стражытнасці ў першы дзень Вялікадня вяскоўцы адразу пасля царквы хадзiлi на могілкі – хрыстосавацца спачатку з памерлымі продкамі. Бралі чырвонае свянцонае яйка і каталі яго па магілцы ці клалі на магілку. І толькі пасля ішлі дадому і хрыстосаваліся, цалаваліся з роднымі: «Хрыстос уваскрос!» Дарэчы, гэтай традыцыі прытрымліваюцца жыхары некаторых вёсак Клецкага раёна. Такая своеасаблівая падзяка: «перш чым сабе – продкам». Святары гавораць, што гэткай традыцыі ў Царкве ніколі не было. Яна з’явілася ў савецкі час, калі чалавек быў пазбаўлены духоўнай сувязі і далёка стаяў ад Царквы. А дзе яшчэ можна было сустрэцца з тым светам? Толькі на могілках. Прыходзіць да памерлых забараніць ніхто не мог.

Великая Пасха, Вялікдзень, Пасхальная неделя, обычаи и традиции, кулич, в битки, Воскресение Христово, Свято-Елисаветинский монастырь в Новинках в МинскеЛічылася, што свянцонае пасхальнае яйка можа патушыць пажар, з яго дапамогай шукалі карову, якая згубілася ў лесе. Абавязкова праводзілі яйкам па спіне скаціны, каб яна не хварэла і каб поўсць была гладкай. Дзяўчаты з пасхальнага яйка ўмываліся, ім гладзілі твар, каб быць прыгожай і румянай. Шкарлупкі і крошкі змешвалі з зернем для пасеву, каб добры ўраджай быў. А яшчэ давалі ў корм скаціне для задароўя.

Забаронена выкідваць шкарлупку яек і ўсё тое, што было асвечана ў храме. Трэба гэта спаліць, а попел закапаць там, дзе людзі і жывёлы не будуць папіраць яго нагамі. Ці апусціць у рэчку.

На першы дзень Пасхi старэйшым дзецям дазвалялi званiць у званы – колькi пажадаюць. Вёска, лясы і палі напаўняліся звонам, які сiмвалiзуе голас Божы, таму, напэўна, ён i валодае цудадзейнай сілай. На працягу ўсяго Светлага тыдня любы чалавек можа, спытаўшы блаславення настаяцеля, падняцца на любую званiцу i паспрабаваць сябе ў якасцi званара. Адначасова палячыць сваю душу i цела.

Гэта вельмi даўняя набожная традыцыя – выказванне Пасхальнай радасцi, бласлаўлёны звон ад службы i да службы. Заканчваецца Лiтургiя – можна званiць да вячэры, заканчваецца вячэра – можна званiць усю ноч да Лiтургii. Таму Светлы тыдзень у народзе завецца яшчэ Званiльны. Са старажытных часоў менавiта ў гэты час нараджалiся званары, бо кожны мог выпрабаваць сябе i стаць званаром. Асаблiва любiлi гэту справу дзецi. Малыя, якiя яшчэ да звона не дараслi, хадзiлi хрыстаславiць па хатах. Звычайна яны яшчэ i вымаўляць добра не маглi «Хрыстос уваскрос!», але абавязкова кожны быў адораны за такое вiтанне фарбаваным яйкам, пiражком цi цукеркай.

Пасля дзяцей каля хат з’яўлялiся валачобнiкi – гэта тыя ж хрыстаславы, толькі ўжо дарослыя. Мужчыны, жанчыны збіраліся гуртамі, бралі гармонік і прыходзілі пад акно вітаць гаспадара і гаспадыню песнямі. Нярэдка пыталіся, ці ёсць у хаце нявесты, калі няма, то пелі дзеткам. Хросныя бацькі абавязкова павінны прыйсці ў госці да сваіх хрэснікаў – павіншаваць са Святам і, канечне, прынесці падарунак – пасхальныя яйкі. Прычым лiчылася абавязковым правiлам адорваць дзяцей не адным, а двума чырвонымi яйкамi. І гэта зусiм не выпадкова: дарослыя тым самым жадалi, каб у будучым цяперашнiя хлопчыкi i дзяўчынкi стварылi свае сем’i. А значыць, жылi ў пары i на новым вiтку жыцця прадоўжылi свой род.Великая Пасха, Вялікдзень, Пасхальная неделя, обычаи и традиции, кулич, в битки, Воскресение Христово, Свято-Елисаветинский монастырь в Новинках в Минске

Моладзь звычайна гуляла «ў біткі». Сэнс гульні заключаецца ў тым, каб стукнуўшы сваім яйкам, разбіць яйка суперніка, а сваё захаваць цэлым. З задавальненнем каталі яйкі па стале. Па краях раскладваліся прызы: прысмакі, цукеркі, кветкі. У цэнтры клалася яйка. Кожны ўдзельнік па чарзе падыходзіў да стала і штурхаў яго ў кірунку жаданай рэчы. Калі яйка дакацілася і кранула прыз – пераможца яго забіраў.

Між іншым, амаль кожная беларуская вёска захоўвае свае адметныя традыцыі святкавання Вялікадня. І гэта частка нас, нашай культуры. Таму з адкрытым сэрцам, радасцю і надзеяй: «Хрыстос уваскрос!»

Ганна ЯКІМОВІЧ

Фота інакіні

Алены СТРАШНОВАЙ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.