Халакост. Паўзабытае

Рубрики: Новости.

Расстрэл

Я, вядома, мог і не ведаць ніколі. Тут справа выпадку: мог ведаць, а мог і не. Сапраўды, якія адносіны я мог мець да расстрэлу 115 яўрэяў і яшчэ 15 беларусаў восенню 1941 года у вёсцы Мілаславічы? Але выпадак – рэч, несумненна, заканамерная. Гэта да таго, што вёска Мілаславічы ёсць радзіма маёй маці, і пра расстрэл я ведаю, можна сказаць, ад сведкі.

Сям’я маці жыла там  да вайны, у час вайны і пасля яе. Ужо потым разляцеліся. А тады ўсе былі там і з’яўляюцца ускоснымі сведкамі. Так, маці дакладна ведае сведчанні жанчыны, якая бегала на месца расстрэлу і бачыла роў, дзе закапалі трупы, бачыла зямлю, якая варушылася…

Людзей расстрэльвалі у былым графскім садзе. З усіх, каго немцы мелі расстраляць, выпадкова выратаваліся толькі, здаецца, дзве дзяўчынкі. З адной маці сябравала, магчыма, яе звалі Роза ці Рая. Астатнія ляжаць пад сціплым абеліскам. Цэлымі сем’ямі…

Да вайны тут быў яўрэйскі калгас «Нойе лебен». Усяго іх было два: другі насіў імя Сталіна. Пасля вайны ў гэтых калгасах працаваць ужо не было каму.

Першы раз я трапіў у Мілаславічы ў 1965 годзе. Тады былі яшчэ жывыя дзед і баба. Памятаю дакладна: ціхая рэчка Іпуць, яна цяче і ў маім Добрушскім раёне, царква, уся пабітая кулямі і снарадамі ў тую вайну – па сутнасці, ўсё. Мала, але ў памяці засталося.

Так што нічога выпадковага.

Пошук

Я вырашыў пачаць з самага простага: патэлефанаваў у музей Вялікай Айчыннай вайны. Пра сам факт расстрэлаў там ведалі, але пра гэты, мілаславіцкі – не. Параілі звярнуцца ў Нацыянальны архіў, паглядзець матэрыялы Надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў гітлераўцаў падчас вайны. Магчыма, там штосьці ёсць. Аказалася, менавіта штосьці.

Ускосныя факты, з якіх цэласнай карціны не складвалася. Гэта зразумела: першыя экзэмпляры актаў ішлі прамым ходам у Маскву, на месцы заставаліся толькі копіі, іншы раз не было і іх. Спадзявацца на матэрыялы камісіі таксама не прыходзілася – вядома, якія былі ўмовы для работы.

І што рабіць? Ехаць у маскоўскі архіў? Штосьці з галіны фантастыкі. Ехаць у Мілаславічы, шукаць жывых сведак? А хто там застаўся, і ці памятае, ведае што-небудзь? Па-іншаму не выходзіла ўсё роўна. Я паехаў і не памыліўся. На той час у Клімавічах быў краязнаўчы музей, там тады працаваў Аляксандр Мартынавіч Кажамяка. Аляксандр Мартынавіч шмат гадоў збіраў матэрыялы аб знішчэнні яўрэяў на Клімаўшчыне. Думаю, больш поўных звестак па гэтым пытанні няма нідзе. Па той простай прычыне, што пошукам усур’ёз ніхто не займаўся.

Лета 41-га

З боку немцаў у гэтым раёне наступалі войскі знакамітага аса танкавых прарываў Гудэрыяна. Самі Мілаславічы брала 10-я мотадывізія.

Баі былі вельмі жорсткія. Гэта я ведаю і без дакументаў, па аповедах. Уся вёска адседжвалася хто дзе мог. У гэтых месцах быў контрудар нашых войскаў, Мілаславічы ўзялі зноў. Але катастрофа ў раёне Крычава, дзе былі абкружаны некалькі нашых дывізій, прадвызначыла і лёс Мілаславічаў: савецкія войскі былі выбітыя адтуль канчаткова, і вайна пакацілася далей. А тут пачалася акупацыя. І «канчатковае вырашэнне» яўрэйскага пытання…

На жаль, мне не ўдалося дакладна высветліць, хто адказны за знішчэнне яўрэяў. У музеі Вялікай Айчыннай вайны мне растлумачылі, што адказнасць за гэта ў першыя месяцы нясе вермахт. У мяне сумненні наконт гэтага. Справа ў тым, што масавыя пакаранні яўрэяў пачаліся ў канцы кастрычніка – пачатку лістапада. На гэты момант фронт быў ужо даволі далёка. Тылавыя службы ўжо былі павінны дзейнічаць.

Але ва ўспамінах сведкаў канкрэтна не ўказана, хто расстрэльваў: «чорныя» СС, «зялёныя» СС, гестапа, спецыяльныя армейскія зондэркаманды. Яшчэ гадоў 10-15 таму гэта пытанне вельмі цікавіла нямецкі бок. Немцам гэта важна, я разумею. Але нам, верагодна, ужо не. Нам засталіся магілы і памяць.

Дакументы – 1

«Эйхман стаў абсалютным гаспадаром аддзела IV B. Ён захоўваў пастаянны кантакт з Кальтэнбрунерам і часта атрымліваў прамыя загады ад Гімлера, хоць у адміністратыўных адносінах працягваў падпарадкоўвацца Мюлеру. Менавіта яму было даручана «канчатковае вырашэнне» яўрэйскай праблемы, іншымі словамі, поўнае знішчэнне яўрэяў Еўропы. Палітыка поўнага антысемітызму, пачатая ў Германіі пагромамі, арганізаваная Гейдрыхам у 1938 годзе, завяршылася гэтым рашэннем. Па ацэнках, зробленых у Нюрнбергу, яна каштавала жыцця 6 млн яўрэяў у Германіі і акупіраваных краінах. Улада Эйхмана над яўрэямі стала поўнай пасля пастановы ад 1 ліпеня 1943 года, якую падпісаў Борман: яўрэі пазбаўляліся права звяртацца ў звычайныя суды і падпадалі пад выключную юрысдыкцыю гестапа…»

( Жак Дэлару. «Гісторыя гестапа». Парыж, 1962 г.)

«Эйхмана павесілі 1 чэрвеня 1962 года ў турме Рамлех. Цела было спалена, і прах развеяны над морам далёка ад берага…»

Мне здаецца, што-нішто з гісторыі пытання трэба нагадваць. Гэта карысна. Напрыклад, у Гейдрыха бабка была яўрэйкай, тым не менш, гэты страшны чалавек ні ў чым не сумняваўся. А Эйхмана ізраільская разведка Масад знайшла і выкрала з Аргенціны. Там у нацыстаў быў своеасаблівы плацдарм. Усё ў Эйхмана завяршылася ў Ізраілі…

Гісторыя

Яўрэі пасяліліся ў Беларусі даўно. Ужо ў статуце Вялікага Княства Літоўскага меліся артыкулы, якія датычыліся непасрэдна яўрэяў. У 1926 годзе нацыянальны склад насельніцтва БССР быў такім: беларусы – 80,6%, яўрэі – 8,2 %, рускія – 7,7 % і г.д. Але ў 1970 годзе суадносіны былі адпаведна такія: 81%, 1,6% і 10,4%.

Дарэчы, да вайны яўрэйскія калгасы былі ў Карпачах, Міхаліне, Родне, а не толькі ў Мілаславічах. У Клімавічах працавала прамысловая арцель «Першае мая». Як можна зразумець, нацыянальных праблем не ўзнікала. Маці нагадвала, што беларусы жылі з яўрэямі нармальна, сябравалі, уступалі ў шлюбы, і нікога гэта асабліва не напружвала. Варта нагадаць, што да рэвалюцыі якраз ў гэтых мясцінах праходзіла рыса аседласці яўрэяў, далей якой ім сяліцца не дазвалялася. Узаемаадносіны паміж двума народамі, такім чынам, складваліся вякамі.

Падчас вайны на Клімаўшчыне было знішчана 1346 чалавек. Пераважную большасць іх складалі яўрэі.

Дакументы – 2

«У кастрычніку 1941 года нямецкімі войскамі быў ачэплены г. Клімавічы, нямецкія салдаты пад кіраўніцтвам афіцэраў пад канвоем усіх жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці  гналі за бальнічны гарадок у памяшканні былых гаражоў. Дапытаная ў якасці сведкі Палякова Ніна Уладзіміраўна паказала: «Грамадзянка Міхліна Хая у ноч з 6 на 7 лістапада 41-га года нарадзіла дзіця. Калі 8 лістапада да яе на кватэру забег нямецкі салдат і прапанаваў выходзіць на вуліцу, яна не змагла рухацца. Гэты салдат прыстрэліў Міхаліну на ложку і тут жа застрэліў дзіця. Калі немцы вялі калону жанчын і дзяцей, грамадзянка ва ўзросце 70 год не змагла рухацца і ўпала, нямецкі салдат застрэліў яе на месцы з аўтамата…»

Сведка Какоцька Ніна Парфіраўна паказала: «Калі калону вялі на расстрэл, немцы жорстка збівалі людзей і, не вытрымаўшы здзекаў, настаўніца Забельшанская Раіса Маркаўна, ва ўзросце 35 год, кінулася ў калодзеж».

Расстрэл яўрэйскага насельніцтва адбываўся ў г. Клімавічы прыкладна за 500 метраў ад рысы горада ў паўднёвым напрамку. Расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў партыямі па 10-15 чалавек. Дзяцей жывымі кідалі ў ямы, а некаторых дзеля жарту падкідвалі ўверх і расстрэльвалі.

Сведка Палякова Ніна Уладзіміраўна паказала: «У дзень расстрэла яўрэйскага насельніцтва было знішчана больш 800 чалавек. Крыкі асуджаных былі чутныя ў горадзе. Дзяцей жывымі кідалі ў яму. Так, 6-месячнае дзіця Равінай Любы жывым нямецкі салдат кінуў у яму. Калі маці закрычала і кінулася яго ратаваць, немец застрэліў яе з аўтамата».

(З матэрыялаў Надзвычайнай камісіі).

«Спіс Шындлера»

Ёсць поўныя спісы загінуўшых па ўсіх сельсаветах Клімавіцкага раёна. Указаны прозвішча, імя, імя па бацьку, прафесія, апошняе месца работы, год нараджэння. Па Мілаславіцкаму сельсавету спіс наліч-вае 130 чалавек.

Самы стары – Мордух Суперфін – 1860 года нараджэння, калгаснік. Самы малады – Гіршык Шапіра – 1941 года нараджэння, проста дзіця, якому на дзень смерці не споўніўся нават годзік.

Пад абеліскам ля школы ляжаць: Кугеневы Хана, Моня, Мілька, Орлік, Моня, Гірша, Мелька, Майсей, Цыпа, Аня, Еся, Вова, Хаша і Бася. Увесь род. Тут жа: Рыжэнскія, Суперфіны, Гурэвічы, Воранавы, Ніхашкіны, зноў Кугеневы, Сэндзеравы, Бэйдзеравы, Баравікі, Шапіры, Ашэравы, Кугелевы, Сінельнікавы. Мужчыны і жанчыны, дзяўчынкі і хлопчыкі, калгаснікі і прадаўцы, вучні і вучаніцы, разумныя і не вельмі, добрыя і злыя, вясёлыя і сумныя, – тут яны аб’ядналіся ўсе разам і назаўсёды.

З імі ляглі беларусы: Душкін, Гайкоў, Арцюхоў, Окунеў, Васіленка, Шлыкаў, Затрымайлаў, Нікіценка і іншыя. Асобна я напішу – у гэтай брацкай магіле ляжыць Шэванда Уладзімір Сямёнавіч. Гэта мой далёкі родзіч па маці. Мяркую, гэта сын аднаго з маіх васьмі дзядоў.

Зямля вам пухам.

А вы б спрабавалі ўявіць сябе на месцы гэтых людзей? Увогуле, гэта не для слабанервовых. Самымі праўдзівымі сведчаннямі былі б сведчанні чалавека, які стаяў на краі ямы і застаўся жывы. Але ў Мілаславічах жывых яўрэяў не засталося. Так што можна толькі спрабаваць уявіць. Навошта я гэта пішу? Толькі з адною мэтай: не трэба абстрактна ўяўляць смерць. Асабліва чужую. У кожнага з загінуўшых на той вайне смерць была вельмі канкрэтнай. І ўсе хацелі жыць. Давайце разумець хоць гэта.

Жывыя

Калі пачалася вайна, некаторыя яўрэі паехалі ў эвакуацыю. Колькі іх было, якія ў іх прозвішчы, дзе яны зараз, увогуле ці жывыя – я не ведаю. І не даведаюся.

З успамінаў Фіры Маркаўны Школьнікавай дакладна вядома, шо двое – Айзік Суперфін і яго дачка Бася – выратаваліся. Сама Фіра Маркаўна была ў эвакуацыі. Да вайны жыла ў Мілаславічах, потым перабралася ў Клімавічы. Жывая яна ці не – не ведаю таксама.

Калі пайшлі чуткі пра яўрэйскія расстрэлы, Суперфіны вырашылі ратавацца паасобку. У Айзіка Супефіна было трое дачок і сын. Пра двух дачок і сына нічога невядома. Верагодна, яны загінулі. Айзіку і Басі дапамог мясцовы жыхар Якаў Клечыкаў. Ён хаваў іх ад немцаў у хляве. Потым выправіў у дарогу, бо хаваць было небяспечна. Потым Бася апынулася ў Касцюковічах. Адтуль яе разам з іншымі адправілі ў Германію. Працавала ў селяніна. Калі іх мясцовасць вызвалілі, яна вярнулася на радзіму.

Бацька Айзік трапіў у партызанскі атрад. Потым яго пераправілі ў Маскву. Там ён жыў у сястры. Дзякуй Богу, хоць нехта выжыў.

Ніколі болей…

«Асаблівую трывогу выклікаюць дваістыя адносіны мясцовых улад да магіл: дагледжаныя помнікі забітым воінам, партызанам, падпольшчыкам і закінутыя – расстраляным яўрэям. Такое бачым у Оршы, Клімавічах, Касцюковічах, Мілаславічах, Прылуках…» (Часопіс «Век», 1989 г.,№ 2). Мне было сорамна чытаць гэта. Нібы я рабіў нешта непрыгожае, а мяне схапілі за руку. Тым не менш, што ёсць, тое ёсць.

Факт не надта шырока вядомы: тратуар адной з вуліц Мінска засцелены плітамі з яўрэйскіх могілак. Рабілі гэта не немцы…

У сярэдзіне 80-х у Лос-Анджэлесе праходзіў кангрэс эмігрантаў з СССР. Якраз падчас кангрэсу была гадавіна масавага расстрэлу яўрэяў у Бабіным Яры. Вырашылі адзначыць. Нехта з рускіх абурыўся: «Чаму зноў толькі яўрэі?! Там забівалі і іншыя нацыянальнасці!» Яму адказаў таксама рускі, пісьменнік Віктар Някрасаў, сам кіяўлянін: «Толькі яўрэяў забівалі за тое, што яны яўрэі». Па-мойму, адказаў выдатна…

…И солнце, что встает

Над местечком в Литве и Польше,

Никогда больше

Старика-еврея, что бормочет псалмы.

Не осветит оно

Старика, что бредет в синагогу.

(Ицхак Кацнельсон. «Песня убитого еврейского народа»)

…Я хачу сказаць, што гэтыя людзі жылі на нашай зямлі. Яны былі часткай нашага народа, нашай культуры, нашага фальклору. Яны таксама стваралі культуру, навуку, мастацтва, эканоміку Беларусі. І яны прынялі на ёй пакутніцкую смерць. І ўсе свае неіснуючыя грахі гэтым, толькі гэтым, загладзілі.

Нам застаецца гэта проста ведаць, помніць і заставацца людзьмі.

Сяргей ШАЎЦОЎ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.