На Гасподніх сцежках
У нас у рэдакцыі ўжо колькі часу ляжаў зборнік вершаў з пяшчотнай назвай «Ручаёк гаварлівы». Яго аўтаркі – пінскія паэткі Тамара Лазнюха і Вольга Курдзюмава, бабуля і ўнучка. Самы ж першы верш старэйшай паэткі, Тамары Пятроўны, тлумачыць назву кнігі:
Паэтычнае слова – шчырых
сэрцаў парывы
Ды святога натхнення дзіця.
Беларуская мова – ручаёк гаварлівы,
Срэбнасць гукаў, што ў неба ляцяць.
Гэтыя ж словы гучаць і ў іншым вершы:
Наша родная мова –
Ручаёк гаварлівы
Апынуцца гатовы
Вершам новым, шчымлівым.
Ад яе, ад мовы, тонкімі нітачкамі цягнуцца і іншыя вершы: пра бацькоўскую хату, сваю вёску, пра родны Пінск (хаця і нарадзілася паэтка ў вёсцы Дамашыцы на Піншчыне, але з самім горадам у яе таксама звязана шмат успамінаў – і, натуральна, вершаў), пра беларускіх паэтаў і, канешне, пра Беларусь:
Я за тое ўдзячна Айчыне,
Што ў абдымкі мяне прыняла.
Беларуская мова – дзяўчына –
Мне вяночак з рамонкаў спляла.
<…>
І адкуль бы вятры ні падулі,
На Радзіме знаходжу цяпло.
Беларуская мова – матуля –
Ты і шчасце, і моц, і святло!
Вельмі светлыя і лёгкія словы знаходзіць Тамара Лазнюха ў вершы-прысвячэнні сваёй унучцы Вользе. І мімаволі ўзнікае думка, што паэтычны талент можа пераходзіць у спадчыну:
Узрост твой параўнаю я з вясною.
Што ёсць яшчэ цікавей у жыцці?
У творчасці сцяжынкаю адною
Нам сам Гасподзь наканаваў ісці.
Да глыбіні вякоў гады імчацца.
Зямную шчодрасць сэрцам успрымай.
Жадаю дасягнуць вяршыні шчасця.
Жыві. Пішы. Квітней, як звонкі май!
Увогуле ж пераказаць, працытаваць усе вершы Тамары Пятроўны няма магчымасці ды й, думаю, неабходнасці. «Ручаёк гаварлівы» яе натхнення па-ранейшаму струменіць ды бруіцца на жыццядайнай (вершадайнай!) Піншчыне, і з’яўляюцца на свет Божы ім жа натхнёныя-нашаптаныя радкі. Пра гэта таксама неаднаразова піша Тамара Лазнюха, выяўляючы разам з іншымі рысамі сваёй душы ці не асноўную з іх – веру. Глыбокую, непахісную веру ў Бога, якую жанчына здолела захаваць за шмат гадоў цяжкай хваробы і яе наступства – нерухомасці. І тым больш пранікнёна гучаць наступныя вершаваныя радкі:
Ранак пачынаецца з малітвы,
Дзе падзяка за Святло ўначы…
Альбо вось такія словы:
Узмацняе на Гасподніх сцежках
Кожная хвіліначка святла…
Дарэчы ўзгадваюцца вядомыя словы аб тым, што Бог ніколі не дае крыжа цяжэй, чым можа вытрымаць чалавек. А калі – не проста вытрымаць, а яшчэ і дзякаваць за яго атрымліваецца?
Прыкутая да ложка болем…
Ды слава Богу! За дзяцей,
За ўнукаў, што з маёй няволі
Прадоўжаць сцежку да людзей…
І дзесьці на краі свядомасці з’язляецца ўпэўненасць у тым, што камусьці гэтыя ды іншыя радкі, неверагодныя ў сваёй простасці, стануць падтрымкай і святлом у жыцці.
Зборнік вершаў гартала
Ніна КАЗЛЕНЯ
Тамара ЛАЗНЮХА
Урачыстасць
У зелень апранутыя бярозкі
Хвалююць сэрцы радасцю жывой.
А вецер то працяжнікі, то коскі
Заносіць у жыццёвы сшытак свой.
Спявае ўсё ў святым прыродным хоры,
Прыгожа так, як у чароўным сне.
Музыкі, выканаўцы, дырыжоры
Ствараюць шматгалосы гімн вясне.
Крок за крокам
Ляціць вясна па свеце белым,
Спяшаецца, бо час яе…
Перада мною ліст паперы,
Складаю верш… Душа пяе.
З краін далёкіх на радзіму
Вяртаецца птушыны спеў,
І кожны чалавек успрымае
Ласунак сакавітых дрэў.
Сады як малаком абліты,
Цудоўны водар, прыгажосць…
Заўважыць пчолак працавітых
Тутэйшы і заезджы госць.
І на палях кіпіць работа,
Дзянёк вясновы корміць год…
І славіць сонейка прырода,
З падзякай Богу ўвесь народ.
Пытанне без адказу
Красавік крыляе гэтак, як павінна,
І чароды птушак з выраю ляцяць.
А гады мінаюць хутка і няспынна,
Час настаў падводзіць вынікі жыцця.
Дзесьці ў гэты момант
нарадзіўся хтосьці,
А камусьці стаўся найапошнім дзень.
На зямлю трапляем на нядоўга ў госці,
Па дарогах лёсу сам Гасподзь вядзе.
Сонейка садзіцца нізка надвячоркам,
На начное неба ўзыйдзе зоў надзей –
Месяц і сястрычкі – залатыя зоркі,
З іх мая якая? І калі ўпадзе?..
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.