Паштарская казка, або Што адбываецца на пошце ўначы?

Рубрики: Новости.

16 лютага, акурат у першы дзень Масленічнага тыдня, заснавальніца арт-студыі «Казка» Алена Масла (чытачы могуць узгадаць, што пра яе мы ўжо пісалі раней) зладзіла імпрэзу – вядома, казачную. Гэтым разам у Доме дружбы Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі пісьменніца прадставіла кнігу чэшскага аўтара Карэла Чапека «Паштарская казка», што пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура». З чэшскай мовы казку пераклаў Сяргей Сматрычэнка, а ілюстрацыі зрабіла Крысціна Пержукова.

Сёлета, 9 лютага, адзначалася 125 гадоў з дня нараджэння К. Чапека. Пра жыццё пісьменніка расказаў гасцям Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі Мілан Экерт, яго расповед дапоўнілі паэт Сяргей Панізнік і мастачка Аксана Аракчэева ды іншыя. А масленічныя песні разам з гас-цямі імпрэзы праспяваў лідар гурта «Вурай» Сяржук Доўгушаў.

Карэл Чапек вядомы бадай што ва ўсім свеце сваімі раманамі, п’есамі, а таксама казкамі – на першы погляд звычайнымі, але на самой справе вельмі важнымі і патрэбнымі. Бо менавіта ён напісаў казкі пра дактароў, паліцэйскіх, разбойнікаў і валацугаў (чым не прафесіі?) ды шмат іншых цікавых гісторыяў – пра прынцэс і цмокаў, напрыклад.

Вось і «Паштарская казка» распавядае пра тое, як у рукі паштару Калбабу аднойчы трапіў непадпісаны ліст… І што было рабіць? Напэўна, спадар паштар і сам не ведаў, як тут быць, але аднойчы, выпадкова заснуўшы на пошце, ён пабачыў паштовых карлікаў, ад якіх і даведаўся пра адрасата таго самага ліста. Адказны паштар не пашкадаваў часу і абыйшоў ледзьве не ўсю Чэхію, але ліст прынёс каму трэба (а яго чакала закаханая дзяўчына…) і тым уратаваў каханне.

Пад час імпрэзы Юрый Жыгамонт, вядомы як вядоўца тэлепраграмы «Падарожжы дылетанта», зачытаў самы пачатак казкі, спыніўшыся, вядома, на самым цікавым месцы. Таму вельмі раю знайсці і прачытаць гэтую ды іншыя казкі Карэла Чапека – яны абавязкова будуць цікавыя дзецям, магчыма, і дарослым. Дарэчы, казкі К. Чапека ўжо выходзілі па-беларуску ў 1997 годзе ў выдавецтве «Полымя» з ілюстрацыямі самога пісьменніка і яго брата Йозефа. З чэшскай мовы іх пераклалі Яўген Курто і Аляксандра Чаркасава.

Таксама арт-студыя «Казка» зладзіла дабрачынную акцыю – госці імпрэзы маглі прынесці з сабою кнігі для дзетак, альбомы, фарбы, алоўкі, якія потым былі перададзеныя ў дзіцячы дом № 7 Мінска. Спраўджаная гэтая акцыя была пры дапамозе Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў і асабіста яго віцэ-прэзідэнта па культуры Ануш Бабаян.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота Уладзіміра

ПУЧЫНСКАГА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.