Што ў сэрцы тваім?

Рубрики: Культура, Новости.

Зусім нядаўна, 14 лютага, у мінскай галерэі Леаніда Шчамялёва збіраліся закаханыя ды ўлюбёныя людзі, каб маляваць… канешне, маляваць каханне! Такую магчымасць для мінчукоў стварыла газета «Культура» разам з добра вядомай нашым чытачам мастачкай Ганнай Гадзіравай.

Тэмай сустрэчы сталі словы «Калі ў сэрцы жыве каханне…». Акурат пад час сустрэчы і можна было падумаць-паразважаць, што ж такое незвычайнае, чароўнае, дзівоснае адбываецца з чалавекам, калі ён зведвае гэтае пачуццё? Ды і якое яно, як і адкуль з’яўляецца? Ці прарастае нясмелым кволым падснежнікам, ці ўпартым парасткам прабіваецца ў сэрцы праз абалонку зацятасці ды нявер’я? А можа, каханне – гэта бура, шторм, што нішчыць дашчэнту ўсё мінулае жыццё, а на абломках яго і паўстае каханне? Або ж гэта, кажучы словамі з Бібліі, «веянне ціхага ветру», у якім адчуваецца прысутнасць Бога?

Выказаць свае думкі на гэты конт якраз і маглі ўдзельнікі сустрэчы. Кожны атрымаў вялікае картоннае сэрца, а далей была ўжо справа тэхнікі ды фантазіі – уявіць, як каханне з’яўляецца ў сэрцы, ды перадаць яго з дапамогай фарбаў і пэндзля. Так цікава было назіраць за гэтым!

…Вось картоннае сэрцайка ў руках зусім малой яшчэ дзяўчынкі становіцца ярка-жоўтым; напэўна, так і кахаюць шчырыя людзі, у якіх душа і сэрца – наросхрыст, а ў самім чалавеку нібы адбіваецца сонца.

…А пад акуратнымі штрыхамі іншай мастачкі сэрцайка-валянцінка робіцца сапраўднай карцінай – на ёй і аксамітная трава, і тонкія бярозкі, і два буслы пасярод гэтай прыгажосці – «як сімвал менавіта беларускага кахання», – заўважыла Ганна Гадзірава.

…Спачатку выклікае здзіўленне іншая карціна – на ёй пад пэндзлем мастака паступова з’яўляецца цагляная сцяна. А ў цэнтры сцяны нібыта вакенца ў форме сэрца, а за ім – неабсяжны далягляд, да якога ў высокай траве імкнецца дарога, і шчабечуць-заліваюцца птушкі…

Пабачылі ўдзельнікі сустрэчы і сэрца, патрапанае і пакамячанае жыццёвымі нягодамі, але цэлае, здольнае на каханне, ды і шмат іншых сэрцаў і сэрцайкаў, змененых любоўю. А з-пад пэндзля Ганны Анфімаўны з’явіўся цудоўны анёл з вачыма, поўнымі таямніцаў, – напэўна, такія ж самыя Божыя пасланцы пасяляюцца ў нашых сэрцах, калі мы кахаем.

Пра каханне…

• Калі ў нас жыве каханне, мы вечныя. (Генрых Гейнэ)

• Каханне без павагі далёка не ідзе і высока не падымаецца: гэта анёл з адным крылом. (Аляксандр Дзюма-сын)

• Разлука для кахання – тое ж, што вецер для агню: малое каханне яна гасіць, а вялікае раздзімае яшчэ мацней. (Аляксандр Купрын)

• Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, не радуецца з няпраўды, а разам цешыцца з ісціны; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць. Любоў ніколі не мінаецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца. <…> А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў з іх найбольшая. (1-е Пасланне да Карынфянаў 13: 4-8, 13)

 

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.