Нам у жыцці патрэбна казка

Рубрики: Новости.

Але бясконца верыць сэрца:

Навекі казка застанецца.

Яна дабру, любові вучыць,

Яна не можа надакучыць.

У ёй спагада ёсць і ласка.

Нам у жыцці патрэбна казка.

Уладзімір Мазго

А ў нас працягваюцца святы! 30 студзеня для членаў Кастрычніцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў (старшыня праўлення – Валянціна Міхайлаўна Махнач) была зладжаная святочная імпрэза «Вадохрышчанскія сустрэчы», якая стала водгуллем калядных святаў.

А Новы год, Каляды – гэта ж казка! І няхай сабе няўмольныя скептыкі сцвярджаюць, што казкі – толькі для малых, але ж усе, хто мае ў сабе яшчэ хоць кропельку дзяцінства, ведае, што гэта не так. Калі б кнігі з казкамі даваліся ў рукі толькі дзецям, уявіце, якімі б няшчаснымі былі ўсе тыя дарослыя, хто можа і любіць часам заглыбіцца ў мары-летуценні!

Самыя чароўныя казкі ажывалі пад час святочнай сустрэчы. Якіх толькі персанажаў там не было! Мімаволі прарывалася шкадаванне, што мне даводзіцца быць вось тут, па іншы бок дзейства, з фотаапаратам і дыктафонам – і нельга на колькі гадзінаў забыцца пра працу, пераўвасобіцца ў… У каго толькі не хацелася ператварыцца! У прынцэсу, у добрую чараўніцу альбо ў вяртлявую рыжую ліску, як было некалі ў дзяцінстве: самаробная маска з востранькімі чуйнымі вушкамі, аранжавы швэдар і абавязкова – сапраўдны лісіны хвост (то бок, колішні каўнер ад старога футра). Дарэчы, ліска-прыгажуня з хітрынкай у вачах была і на нашым свяце – добра вядомая і дарослым, і дзецям ліса Аліса са сваім заўсёдным сябрам – катом Базіліа. Абое яны былі такія экстравагантныя і ўсмешлівыя, і так натуральна трымаліся ў сваіх казачных вобразах!

Мяне асабіста ўразіла вельмі незвычайная пара з самай любімай маёй дзіцячай казкі – Папялушка і Прынц. Не тыя маладзенькія ды наіўныя, якімі яны ўяўляліся ў дзяцінстве, а сталыя, паважныя, у куточках вачэй заўважныя зморшчынкі (напэўна, яны з’явіліся ад частых усмешак) – нібыта абое пражылі доўгае і шчаслівае жыццё разам. Мне здаецца, гэта і ёсць самае шчаслівае заканчэнне для любой казкі.

Асабліва ж упадабалі гледачы калядную госцю Казу, тую самую галоўную спецыялістку па шчасці і дабрабыце, якой яе лічылі нашыя продкі, кажучы: «Дзе каза рогам, там жыта стогам, дзе каза хвастом, там жыта кустом, дзе каза нагой, там жыта капой…». А пасля беларускай Козачкі ў залу завітала яе заакіянская родзічка – амерыканскай Каза, якая з лёгкім акцэнтам зычыла гасцям поспехаў ды здароўя.

Былі сярод тых, хто ствараў для прысутных свята, і маляўнічыя Баба і Дзед, і жвавы Зайчык-Папрыгайчык, і яркая Цыганка, якая з такім запалам танчыла. Адным словам, кожны з удзельнікаў знайшоў для сябе вобраз на свой густ, па-майстэрску пераўвасобіўся і, можа быць, сапраўды адчуў сябе іншым чалавекам – больш непасрэдным, шчырым, а магчыма – і больш шчаслівым. А калі так, тады свята сапраўды атрымалася.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.