Будучыня для Брагіншчыны

Рубрики: Новости.

З Мінска наш шпаркі мікрааўтобус выбраўся яшчэ зацемна. Мы едзем у Брагін – мястэчка на самым поўдні Беларусі, пра якое звычайна кажуць з жалем і асцярогай: як жа, чарнобыльская зона… Ад Мінска да яго ехаць шэсць гадзінаў, паўз Бабруйск і Гомель, праз дробны сняжок і бясконцыя белыя прасторы. Можа, вы ўзгадаеце дні, калі студзень яшчэ не дайшоў да сярэдзіны, – якія марозныя ды снежныя яны былі. Зірнеш у вакно – і праз колькі хвілінаў ледзь не моташна робіцца ад гэтае бясконцае белі, непрагляднай, як вясельны вэлюм нявесты-скромніцы. Было б цяжка нават зразумець, дзе заканчваецца зямля і пачынаецца неба, калі б не панурыя чорныя рысы і прамакутнікі лесу.

Брагін – мястэчка ў Гомельскай вобласці, на беразе рэчкі Брагінка. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыя Брагінскага раёна была забруджаная радыяцыяй. З-за гэтага цягам дзесяці гадоў пасля аварыі амаль пяць тысячаў сем’яў (больш за 12 тысячаў чалавек) былі пераселеныя. Колькасць жыхароў раёна паступова змяншаецца, у 1999 годзе на Брагіншчыне жыло каля 17 тысячаў чалавек, пяць гадоў таму – 15,5 тысячаў, летась – каля 13 тысячаў.

Жывуць тут людзі

Нарэшце мы ўязджаем у Брагін, мікрааўтобус вырульвае да раённага дома культуры. Менавіта там гасцей са сталіцы сустракаюць мясцовыя жыхары, адпойваюць нас, заледзянелых ад доўгае дарогі, гарачым чаем і запрашаюць у залу. На самы пачатак мерапрыемства мы, на жаль, не паспелі: яшчэ колькі гадзінаў таму ў Брагінскім гістарычным музеі супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Дзмітрый Салодкі зладзіў для дзетак батлейкавы спектакль (бо нядаўна ж былі Каляды!).
Цяпер жа на сцэне выступаюць танцавальны калектыў Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі сямейнага клуба «Матулін рушнік» Брагінскага дома культуры ды іншыя творчыя брагінчане.
Нагадаю ж для паездкі і сустрэчы ў Брагіне стала добрая навіна: тымі студзеньскімі днямі атрымаў пачатак Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё патэнцыялу сетак сямейных клубаў у чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі», што рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Беларускага Зялёнага Крыжа. Іншымі словамі, людзі, якія жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях – асабліва шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і, пажылыя людзі і, канешне, інваліды – атрымаюць разнастайную дапамогу, сэнс якой можна акрэсліць проста: на Брагінскім ды іншых «чарнобыльскіх» раёнах не варта ставіць крыж. Жывуць жа тут людзі! І будуць жыць, і хочуць жыць як найлепей, святкаваць вяселлі (і не проста, а па-свойму, асабліва – пра гэта я скажу далей), нараджаць і выхоўваць дзяцей…
Як сказала пад час прэс-канферэнцыі Наталля Святкіна, кіраўнік праекта сямейных клубаў, пра Брагінскі раён трыццаць гадоў запар казалі, што гэта зямля пад чорнымі крыламі. «Але я ўпэўненая, што надыйшоў час мяняць гэты стэрэатып, – з упэўненасцю казала Наталля Аляксееўна. – Таму што, па-першае, так немагчыма далей жыць, а па-другое, увесь гэты час мы атрымлівалі дапамогу з розных краінаў, і ў нас ёсць значныя напрацоўкі бадай што ў любой галіне дзейнасці, імі можна дзяліцца і з іншымі рэгіёнамі».
Выйсці з-пад крылаў Чарнобыля

Наталля Святкіна.

Больш падрабязна пра сямейныя клубы расказала Ганна Бабрынёва, намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама. З Беларускім Зялёным Крыжам яна супрацоўнічае больш за пятнаццаць гадоў, да таго ж і нарадзілася Ганна Мікалаеўна на Брагіншчыне і нікуды не захацела з’ехаць з родных мясцінаў.
– Мы пачыналі з таго, што мы горшыя за ўсіх, мы ахвяры Чарнобыля, а потым неяк узялі разбег, – распавядае жанчына. – Усё пачалося з міжнароднай Праграмы «Супрацоўніцтва для рэабілітацыі ўмоваў жыцця ў пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы раёнах Беларусі» (CORE), таксама мы працавалі і працуем з Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторыяў.
Магчыма, у кагосьці гэта выкліча здзіўленне: навошта развіваць сельскую гаспадарку на Брагіншчыне? Няўжо іншых мясцінаў не знайшлося? Але, здаецца, самі мясцовыя жыхары ставяцца да гэтага нашмат спакайней, і іх няцяжка зразумець: ці ж можна жыць у вёсцы (ды і ў горадзе таксама), каб не пасадзіць каля сваёй хаты гародчык хоць бы з самым патрэбным? Што ўжо казаць пра людзей сталага веку, якія да зямлі, без перабольшвання, душою прыкіпелі. А пакінуць палі ды гароды зарастаць – які ж беларус-вясковец гэта вытрымае? А кароўка, а куры? Без іх жыццё ў вёсцы і ўявіць нельга. Нездарма адзін з праектаў сямейных клубаў мае назву «Доўгая карова». Сутнасць яго ў тым, што жыхары вёсак атрымліваюць на свае падворкі кароваў, а калі народзяцца цяляты, перадаюць іх іншым гаспадарам.
Для сельскай жа гаспадаркі выбраныя два накірункі: «Наш сад» і «Хутарок». Плануецца, што ў іх будуць выкарыстоўвацца новыя тэхналогіі – для таго, каб сельскай гаспадаркай людзі займаліся не як аматары, але на больш прафесійным узроўні. А з цягам часу, магчыма, і ў прамысловых маштабах.
Ганна Бабрынёва выказала спадзяванне, што праект развіцця сямейных клубаў «удыхне новае паветра ў нашых людзей. Тым больш што за гэтыя амаль трыццаць гадоў вырасла ўжо новае пакаленне». Сапраўды, цяжка ўвесь час жыць мінулым, нават калі яно і не адпускае так проста.
«Мы хочам захаваць гэты рэгіён»
Паразмаўляла я і з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Брагінскага раёна Сяргеем Міхайлавічам Пархамцом. Ён расказаў, што тэрытарыяльны цэнтр у праекце развіцця сямейных клубаў таксама будзе браць удзел, гэтая прапанова ад Беларускага Зялёнага Крыжа была прынятая з радасцю.
Сяргей Міхайлавіч лічыць, што сямейныя клубы – гэта найлепшая форма працы, асабліва калі справа датычыцца інвалідаў ды пажылых людзей. Як бы ні было ўсё выдатна ў дзяржаўных установах, там ёсць свае праграмы і накірункі працы, ад якіх нельга адыходзіць. Клуб жа, тым больш сямейны, збярэ людзей згодна з іх зацікаўленнямі ў той ці іншай дзейнасці. Сяргей Міхайлавіч упэўнены, што плён з гэтае задумы абавязкова будзе.
– Мы людзей у сямейныя клубы не штурхаем, проста прапануем, бо хочацца, каб да гэтага свядома падыходзілі. У аддзяленні кругласутачнага

Куточак у Брагінскім гістарычным музеі.

знаходжання плануем гародзікі зрабіць, каб можна было сябе адчуваць як дома. Сёлета для інвалідаў зрабілі цяпліцу, і там можна будзе нешта вырошчваць. Увогуле, звычайным здаровым людзям амаль што не пад сілу зрабіць тое, што інваліды робяць, – кажа Сяргей Пархамец.
А для статыстыкі – крыху лічбаў. Цяпер у Брагінскім раёне каля трохсот людзей з інваліднасцю, сто дваццаць з іх знаходзяцца на ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры. Але раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў у Брагіне няма. Дакладней, яна была раней, але потым па нейкіх прычынах спыніла існаванне. Зрэшты, гэтаму і не здзіўляешся, бо раён, так бы мовіць, «неперспектыўны», невялікі, ды яшчэ і Чарнобыль пад бокам. Каму захочацца ў такіх умовах працаваць? Аднак, як бачым, знаходзяцца людзі. Як сказаў Сяргей Пархамец, «у нас ёсць тое, чаго няма ў іншых. Брагіншчына знаходзіцца на мяжы з Украінай, тут перасякаюцца розныя культуры. Мы хочам захаваць гэты рэгіён».
Самыя беларускія мясціны
Дарэчы, што адразу ўразіла ў Брагіне – беларуская мова. Яна гучыць так натуральна і правільна! Па-беларуску размаўляюць нават чыноўнікі, і робіцца зразумела, што гэта не толькі знак ветлівасці да беларускамоўных гасцей, але звычайная справа.
Дзмітрый Салодкі з захапленнем назваў мясцовую гаворку «сапраўднай купалавай мовай», а Брагіншчыну – самымі беларускімі мясцінамі: «Гэта не толькі рэгіён, што спажывае, але ён можа яшчэ і шмат аддаваць – у духоўным сэнсе. Таму што тут ёсць неабыякавыя людзі і жывая культура».
Пра адну з цікавых традыцыяў распавяла галоўны захавальнік Брагінскага музея Надзея Мялешка. Так, у мястэчку Камарын і сёння існуе звычай завіваць вёльцы, або вельца. Вёльцы – гэта адмысловае ўпрыгожанне, якое рабілася напярэдадні вяселля ў сем’ях жаніха і нявесты. Для гэтага трэба было знайсці галіну дрэва (звычайна грушы) з трыма разгалінаваннямі ўверсе. Потым некалькі жанчынаў (але абавязкова замужніх і з дзецьмі) пачыналі завіваць вёльцы: на іх навязвалі авёс, ягады каліны, кветкі – напрыклад, бяссмертнік. На заканчэнне вяселля малады і маладая абменьваліся вёльцамі, якія потым прыбіваліся да даху дома. Так робіцца і сёння.

Надзея Мялешка расказвае пра абрад завівання вёльцаў.

Напэўна, у кожнай беларускай вёсачцы можна знайсці сваю традыцыю. Важна толькі паспець пра іх даведацца. Менавіта гэта супрацоўнікі музея прапануюць зрабіць дзецям, падлеткам, моладзі, для якіх сёлета будзе зладжаны фестываль «Зямля і людзі». Плануецца, што ўдзельнічаць у ім будуць не толькі навучэнцы з Брагіншчыны, але і з суседніх раёнаў. Менавіта так, лічыць Надзея Мялешка, можна будзе даведацца больш пра традыцыі і культуру сваіх родных мясцінаў.
Можа, камусьці гэта падасца незразумелым. Маўляў, ну куды ім? Тут бы з праблемамі разабрацца, дзяцей падлячыць, зямлю ад радыяцыі ачысціць. А ўсё роўна атрымліваецца, як у Бібліі: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек». Заўсёды хочацца мець яшчэ і нешта для душы – традыцыі і памяць.

Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.