У нашай хатачцы парадак ідзе!

Рубрики: Новости.

28 лістапада ў Палацы Рэспублікі ў Мінску члены Беларускага таварыства інвалідаў па зроку святкавалі 90-годдзе сваёй арганізацыі. Узрост, як вы разумееце, паважны – акурат 23 лістапада 1924 года і было ўтворанае таварыства, якое на той час аб’яднала трыццаць чалавек. Сёння ж іх тысячы і тысячы.

Напачатку сустрэчы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання, калі дасягненні членаў таварыства з розных куточкаў Беларусі былі адзначаныя і ацэненыя па заслугах. Узнагароды ўручалі асабіста старшыня Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Алег Аляксандравіч Шэпель, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Афанасьевіч Тозік, намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы і сацыяльных пытаннях Зінаіда Мікалаеўна Мандроўская ды іншыя асобы, якія не па чутках ведаюць пра дзейнасць гэтай арганізацыі.

На святочным канцэрце, што пачаўся пасля цырымоніі ўзнагароджання, слова мелі госці ГА «БелТІЗ», якія прыехалі ў Мінск адмыслова для таго, каб павіншаваць калегаў. Так, пра неабходнасць памятаць аб гісторыі стварэння таварыства – з нагоды цяперашняга юбілею і ў чаканні наступнага, вельмі значнага – нагадаў прэзідэнт Усерасійскага таварыства сляпых Аляксандр Неўмывакін.

Шчырыя, калі-нікалі ўсхваляваныя словы гучалі і гучалі, часам – з лёгкім акцэнтам, часам – з дапамогай перакладчыка. Але і яго праца не заўсёды была патрэбная; так, калі пачала казаць да «шановнего паньства» старшыня Саюза сляпых Рэспублікі Польшча Анна Вазняк-Шыманьска, з залы чуліся словы: «Розумем! Не трэба перакладаць, мы разумеем!», а на заканчэнне прамовы нехта са слухачоў выгукнуў: «Бардзо дзенькуем!». Ды і з жартаў пані Анны смяяліся, не чакаючы перакладу.

Прысутныя ў зале былі ўзрушаныя пад час выступлення намесніка старшыні Украінскага таварыства сляпых Аляксандра Міхайлавіча Асадчага:

– Дорогі друзі! Я быў на святкаванні шасцідзесяцігоддзя вашага таварыства, і вось цяпер яму дзевяноста гадоў.

Аляксандр Міхайлавіч падарыў таварыству некалькі дыскаў з запісамі твораў Тараса Шаўчэнкі (сёлета адзначаецца дзвесце гадоў з дня яго нараджэння), якія чытаюць артысты ўкраінскіх тэатраў. А скончыў ён сваю прамову словамі з усім вядомай нашай, беларускай песні:

Чаму ж мне не пець,

Чаму ж не гудзець,

Калі ў маёй хатачцы

Парадак ідзець?

– Спявайце, гудзіце, у сваёй хаце парадак вядзіце! – пажадаў Аляксандр Міхайлавіч.

Лішне казаць, што пасля такіх словаў атмасфера ў зале была сапраўды сяброўскай, а еднасць адчувалася, здаецца, нават фізічна.

Пісьмовыя віншаванні даслалі прадстаўнікі Сусветнага саюза сляпых, Еўрапейскага саюза сляпых, Літоўскага таварыства сляпых, Таварыства сляпых і глухіх Туркменістана ды іншых арганізацыяў з розных краінаў.

Гасцямі на канцэрце сталі як знаныя майстры беларускай эстрады, так і не менш таленавітыя выканаўцы з таварыства інвалідаў па зроку. Тым вечарам спявалі Аляксей Крэчат і Пётр Ялфімаў, Патрыцыя Курганава, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Святлана Старадзетка і студэнт Расійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Валянцін Станкевіч, сямейны і музычны дуэт Наталлі і Дзяніса Голубевых, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, якая, згодна з яе словамі, убачыла ў глядацкай зале «самых радасных, самых шчырых і адданых сваіх слухачоў», і ўсім вядомыя «Беларускія Песняры». А на заканчэнне была песня, якая, напэўна, кранула кожнага:

Вместе мы с тобой,

Мы всё время рядом:

Летом и зимой,

В дожди и холода.

 

Вместе мы с тобой,

Мы друг другу рады

И в мороз, и в зной,

А значит, будем вместе

Мы всегда!

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Марго

2014-12-13 20:57:21

Класное мероприятие. Были от начала и до конца.

Марина Васильева

2014-12-13 22:31:06

Не знаю, не знаю, мне так с наглым Тузиком сидеть вместе противно в одной компании.

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.