Габеленавая восень

Рубрики: Культура, Новости.

Выставка в библиотеке № 5, Минск, улица КозловаУ апошні дзень кастрычніка ў мінскай бібліятэцы № 5, што на вуліцы Казлова, адкрылася яшчэ адна выстаўка, зладжаная пры ўдзеле Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Чытачы нашай газеты ўжо добра знаёмыя шмат з якімі таленавітымі асобамі МГА, гэтым жа разам магчымасць раскрыць перад гледачамі свой творчы сусвет атрымаў яшчэ адзін чалавек – майстрыха Надзея Рэшэтава, якая стварае чароўныя карціны-габелены.

Выстаўка атрымалася надзвычай восеньскай. Спрыяла гэтаму і тое, што першымі словамі, якія пачулі прысутныя, сталі радкі з верша Мікалая Забалоцкага, вядомыя, бадай што, кожнаму:

Обрываются речи влюбленных,

Улетает последний скворец.

Целый день осыпаются с кленов

Силуэты багровых сердец.

Что ты, осень, наделала с нами!

В красном золоте стынет земля.

Пламя скорби свистит под ногами,

Ворохами листвы шевеля.

Вершаваныя радкі прачытала загадчыца бібліятэкі Алена Паўлаўна Калейнік, яна ж распавяла, што выстаўка была зладжаная менавіта для таго, каб дадаць гэтым восеньскім дням цеплыні ды радасці. Цеплынёю поўніліся і перапаўняліся вочы наведнікаў выстаўкі, а што датычыцца радасці – яе прынеслі з сабою ўдзельнікі студыі «Палітра радасці», адной з якіх  з’яўляецца і Надзея Рэшэтава.Выставка в библиотеке № 5, Минск, улица Козлова

Пра маладую майстрыху наведнікам бібліятэкі расказала мама. Яе дачцэ яшчэ ў дзяцінстве падабалася маляваць, падчас вучобы ў школе ніводная насценгазета не была зробленая без удзелу Надзеі. Таму з выбарам будучай прафесіі ў дзяўчыны праблемаў не было: яна скончыла Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».

Карціны Надзеі Рэшэтавай уражваюць. Уражвае яркасць колераў (а іх так не хапае восенню!), удаваная прастата і адначасова – вытанчанасць сюжэтаў. Лішне казаць, што такое па сілах толькі сапраўднаму майстру, які бачыць тое, што, магчыма, не заўсёды заўважаюць вочы іншых, і ўвасабляе гэта ў сваіх працах.

Як расказала кіраўнік студыі Ганна Анфімаўна Гадзірава, у бібліятэцы ладзілася ўжо нямала разнастайных выставак, але пабачыць габелены тут можна ўпершыню. Надзея Рэшэтава сваімі працамі дадала новую фарбу і ў «Палітру радасці». Варта сказаць, што для Беларусі і беларусаў гэты від мастацтва зусім не чужы: амаль два дзесяцігоддзі таму, у 1995 годзе, мастак Аляксандр Кішчанка стварыў вядомы «Габелен Стагоддзя», што занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. І гэта невыпадкова: велічыня палатна чатырнаццаць на дзевятнаццаць метраў, а на стварэнне габелена спатрэбілася больш за васемсот кіламетраў нітак. Таму, як жартам заўважыла Ганна Анфімаўна, майстрам габеленаў ёсць на каго раўняцца.

Распавяла Ганна Гадзірава і пра тэхніку стварэння габеленаў, пра тое, што габелен як твор мастацтва валодае характарам – як чалавек. Ён канцэнтруе каля сябе прастору, патрабуе вольнага месца вакол, таму габеленамі нельга ўшчыльную завесіць сцены. Выявілася гэта і ў экспазіцыі: вольнай прасторы, «паветра» каля выстаўленых працаў было шмат, і карціны ўспрымаліся лёгка ды ненавязліва. Асабліва добра гэта можна было адчуць, паглядзеўшы на вялікі габелен «Цеплыня роднага дома», на працу «Восеньскі букет» ды іншыя.

Здавалася, што подых восені за вокнамі бібліятэкі адчуваецца і тут, ва ўтульнай і светлай зале. Але ад карцінаў як быццам ішла цеплыня.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.