Дзеля Хрыста

Рубрики: Новости.

Не ведаю, як каму іншаму, а мне апошнім часам надта часта сустракаюцца людзі з працягнутай рукою і вачыма, у якіх складана бывае нешта прачытаць. Нельга сказаць, што раней іх не было, але цяпер, здаецца, становіцца болей. Можа, жыццё ў нас такое, раз камусьці даводзіцца ісці і прасіць. Але, думаю, не толькі жыццё вінаватае.

…Апошні раз (ён жа стаў і апошняй кропляй) мне сустрэлася жанчына, што ўмольна прасіла пару тысячаў рублёў на лекі. Прадставілася выкладчыцай саліднага вну, спрабавала паразмаўляць аб праблемах вышэйшай адукацыі. Запэўнівала, што грошы сапраўды патрэбныя на лекі, ні на што іншае. Цікава, на што яна спадзявалася, калі гэта казала, бо перагарам ад яе патыхала добранька.

…Тыя, хто час ад часу ездзіць электрычкамі Мінск – Баранавічы, напэўна, ведаюць мужчыну, што ўвесь час просіць там міласціну. Ягоны душакранальны ў сваёй нязменнасці маналог многія ўжо ведаюць на памяць, і варта бывае яму зацягнуць сваё «Добрый дзень, уважаемыя пасажыры… Ізвініця меня, што я к вам абрашчаюсь…», як сярод «шаноўных пасажыраў» чуецца смех. Здаецца, з большай ахвотай грошы даюць музыкам, што таксама часам спрабуюць зарабляць у электрычках. Але і таго мужчыну нехта шкадуе і падае яму, іначай бы ён так часта не ляжаў п’яны пад плотам на вакзале. Сустрэлася мне аднойчы ў электрычцы і жанчына, што прасіла дапамагчы ёй матэрыяльна. Прычым рабіла гэта вельмі настойліва: выпрошвала, выклянчвала грошы, падсаджвалася то да аднаго, то да другога пасажыра, хапала за рукі, ледзьве не лезла ў кішэню.

…А здараецца і іншае. Ведаю, што ў адной сям’і міласціну прасіў стары бацька, які днямі напралёт сядзеў каля крамы. Яго дзеці, ужо дарослыя, самастойныя людзі, прасілі-малілі: не трэба! Лішне казаць, што, у дадатак да пенсіі, бацьку грашыма яны забяспечвалі. Але той цвёрда стаяў на сваім: «А мне што? Пасяджу, на людзей пагляджу, зараблю рубель-другі». Што ж рабіць, калі сталыя людзі пачуваюць сябе самотнымі, а нехта змагаецца з адзінотай такім вось спосабам?

Разумею, што ёсць тыя, каму сапраўды не будзе на што жыць, калі добрыя людзі не дапамогуць. Але як іх пазнаць? А пасля такога адмоўнага досведу ўжо наўрад ці захочацца падаваць нават бабульцы, што ціха сядзіць у пераходзе, не падымаючы вачэй, бо саромеецца прасіць.

 

Ніна КАЗЛЕНЯ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.