Шукаць адзінае Слова

Рубрики: Новости.

Выступае Мікола Трафімчук

25 верасня ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна ў Брэсце прайшло двуадзінае літаратурнае мерапрыемства: спецыялізаваная бібліятэка-філіял № 12, паслугамі якой карыстаюцца людзі са слабым зрокам, адзначыла сваё дзесяцігоддзе з дня адкрыцця, а брэсцкая паэтка Надзея Парчук прэзентавала чарговы зборнік паэзіі «Берагі надзеі».

Калі вырашылася пытанне аб адкрыцці спецбібліятэкі, узначаліць калектыў было прапанавана Людміле Валюшка. Пазнаёміўшыся бліжэй са сваімі чытачамі, бібліятэкар пераканалася, што гэтыя лю-дзі не толькі ахвотна чытаюць, але і некаторыя самі пішуць вершы. Таму праз некаторы час было вырашана стварыць пры бібліятэцы творчы клуб «Выток». На пасяджэнне клуба Людміла Антонаўна запрашала вядомых берасцейскіх паэтаў, празаікаў, мастакоў, спевакоў, музыкантаў.
Аднойчы на клубнае  мерапрыемства была запрошана і Надзея Парчук, якая на той час друкавалася не толькі ў брэсцкіх газетах, але і ў Мінску, Маскве, мела ўжо тры вершаваныя зборнікі. Таму вакол яе згуртаваліся маладыя празаікі і паэты клуба. Яны папрасілі Надзею Мікалаеўну дапамагчы ім выдаць калектыўны зборнік «Убачыць сэрцамі». Затым Парчук падрыхтавала і ўклала калектыўны зборнік духоўнай паэзіі «Дазволь прычасціцца», яна ж мела самую прамую датычнасць да выхаду ў свет кніжак членаў клуба Валянціны Бакун, Аляксея Капацкевіча, Андрэя Божуля, Аляксандра Стасюка. З яе непасрэднай  дапамагай выйшлі тры зборнікі паэзіі Івана Дацкевіча, тры – Яніны Грыгаровіч ды іншыя.

У вершы «Асуджаная» Надзея прызнаецца, што яна на ўсё жыццё асуджаная на Паэзію, жыве Вершамі і штодзень шукае тое адзінае Слова, якое можа і павінна запасці ў сэрца чалавека, зрабіць яго лепшым.

На творчую вечарыну «Зачараванасць душы» сабраліся вядомыя берасцейскія калегі-паэты, празаікі, творчыя людзі, бібліятэкары, маладыя і сталыя чытачы – прыхільнікі яе творчасці. Былі таксама госці з Мінска, Жабінкі, Моталя. Паэтка вітала ўсіх вершам «Дабрыдзень!», якім адкрываецца зборнік «Берагі надзеі».

Дабрыдзень, шаноўныя людзі!

І вечар хай прыйдзе з дабром,

Хай зорная ноч не забудзе

Святым ахінуць вас крылом!

Слова на прэзентацыі мае Мікола Панасюк

У адрас Надзеі Мікалаеўны выказвалася шмат добрых, шчырых слоў-прызнанняў і вершаваных прысвячэнняў. Паэт і публіцыст Мікола Панасюк

Ля мікрафона Таццяна Дземідовіч

гаварыў пра моцны яе характар (Надзея інвалід з дзяцінства). І гэтая моц адчуваецца ў вершах, што з’яўляюцца з-пад пяра Парчук. Таццяна Дземідовіч зазначыла: «Калі думаеш аб чымсьці добрым, светлым, то адразу ўспамінаецца паэзія Надзеі Парчук. У паэткі незвычайны талент: мастацкім словам дакранацца да сэрца кожнага чытача. Але яна такая чыстая, светлая, добразычлівая  не толькі ў літаратурных вобразах, а і ў жыцці…»

Паэт Мікола Трафімчук – рэдактар альманахаў «Гоман», «Талент» і шматлікіх калектыўных зборнікаў – прыехаў на прэзентацыю з Мінска. На вечарыне ён сказаў: «Ствараючы альманах, мы разумелі, што далёка не кожны зможа прабіцца ў папулярныя, тоўстыя часопісы, так што «Гоман» дапаможа маладым творцам паверыць у свае сілы. Розныя дасылаліся вершы, а калі прыйшлі ад Надзеі Парчук, стала ясна: паэтка адбылася, бо мае свой голас, свой стыль вершаскладання, сваё светаадчуванне. Нездарма ж за 2006 год яна стала пераможцай на лепшую публікацыю ў намінацыі «Паэзія». Я быў сведкам, як ад кніжкі да кніжкі рос яе талент: станавіўся больш важкім сказ, расла ўвага да кожнага радка. Сёння паэтка не баіцца ствараць новыя словы. Вось паслухайце пачатак верша «Гуканне вясны»:

Дзе ж ты, раніца-закаханніца

Ў ясны сонечны весні дзень?..

Дзе яшчэ сустрэнеш слова «закаханніца»? Яно яе, Надзеіна. А як хораша гэты новатвор упісваецца ў верш! Прыгожа гучаць і такія яе радкі:

Ваша чуласць мне сэрца кране

І ў душу западзе светласловам.

Пажадаем аўтару цікавых кніжак і новых знаходак…» Мікалай Трафімчук падарыў Надзеі некалькі сваіх кніжак і скончыў прамову словамі песні, якую напісаў напярэдадні вечарыны і прысвяціў паэтцы. Вось адзін куплет з яе:

Надзея светлая,

Імя прыветнае,

Світанне ветлае…

Заснуў нядаўна гром…

Сяброўка шчырая,

Цяпельца роднае,

Дабро нязводнае…

Нябеснае дабро.

Надзея Парчук, перамагаючы ўсе жыццёвыя нягоды, скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум і доўгі час працавала ў банкаўскай сістэме. Таму павіншаваць паэтку прыйшлі яе калегі з «Беларусбанка» і прадстаўнікі абласной ветэранскай арганізацыі, якія расказалі аб значных дасягненнях Надзеі Мікалаеўны ў гады яе працы ў банкаўскай сферы. А намеснік старшыні Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Любоў Красеўская ўручыла Надзеі Мікалаеўне Ганаровую грамату за шматгадовую плённую працу ў літаратуры, значны асабісты ўклад у скарбонку годных спраў і здзяйсненняў Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, актыўную жыццёвую пазіцыю, прапаганду беларускай літаратуры і беларус-
кага слова.

Кветкамі і шчырымі словамі віталі аўтарку «Берагоў надзеі» паэты Марыя Якімук, Валянціна Бакун, Андрэй Божуль, Яніна Грыгаровіч, Эдуард Цімафееў, празаікі Сяргей Цыплюк, Аляксандр Юдзіцкі, бібліятэкар з Моталя Алена Маліч ды чытачы. Увесь вечар у канферэнц-зале бібліятэкі гучала паэтычнае слова не толькі з вуснаў Надзеі Парчук, але і – творчай моладзі, выконваліся песні, лілася класічная музыка.

Арганізатарамі творчай вечарыны «Зачараванасць душы» выступілі спецбібліятэка-філіял № 12 і цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна. Вяла праграму загадчыца спецбібліятэкі Людміла Валюшка.

Расціслаў БЕНЗЯРУК

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.