Крыж

Рубрики: Новости.

Гэтую гісторыю я пачула гадоў дзесяць таму ад мамы. Пачула – і, сама таго не зразумеўшы, усе гэтыя гады пражыла, уражаная ёю. На жаль, не захавалася ні падрабязнасцяў, ні датаў – толькі разрозныя крупінкі-зярняткі чужого жыцця, якое пакуль яшчэ памятаюць. І памяць гэтую я хачу перадаць вам.

Тую жанчыну звалі цёця Зося. Калі пачалася вайна, яе, яшчэ падлетка, разам з іншымі пагналі ў Нямеччыну. Там дзяўчыне, можна сказаць, пашанцавала – яна не трапіла на завод, а стала дапамагаць па гаспадарцы ў адной нямецкай сям’і. Гаспадары былі харошыя, ставіліся да дзяўчыны добра, а іх маленькі сын вельмі палюбіў сваю беларускую няню.

Пасля заканчэння вайны Зося вярнулася дадому. Яна выйшла замуж, нарадзіла дачку, але і дзіця, і муж памерлі. А праз некаторы час жанчына трапіла ў інтэрнат. Можна сабе ўявіць, на што было падобнае жыццё там у 1990-х гадах, падчас разладу ва ўсёй краіне. Але жыць самастойна цёця Зося не магла б, бо была паралізаваная, у яе дзейнічала толькі адна рука. Усё, што магла яна зрабіць, – гэта падцягнуцца, трымаючыся за свой жалезны ложак, каб легчы зручней.

А аднойчы ў вясковы інтэрнат прыйшоў ліст з Германіі. Цёці Зосі (не, проста Зосі, хаця ёй было ўжо за шэсцьдзесят) пісаў сталы мужчына – той самы, які ў раннім дзяцінстве так любіў сваю няню-беларуску.

Увесь гэты час ён (на жаль, імя яго забылася) шукаў Зосю. І ліст напісаў на дрэннай, але рускай мове – відаць, паспеў вывучыць за гады пошукаў. Ён узгадваў сваё дзяцінства і прасіў дазволу прыехаць – каб быць побач, дапамагаць, даглядаць, як калісьці дзяўчына глядзела за ім, хлапчуком. Гэтае пісьмо мая мама шмат разоў чытала і перачытвала цёці Зосі.

Але яна не дазволіла прыехаць. Напісала ў адказе, што ёй жывецца добра, у яе ўсё ёсць – нават гарачая вада. І забараніла прыязджаць. Бог ведае, чаму яна гэта зрабіла. Можа, пасаромелася сваёй хваробы, якая лягла б цяжарам на плечы іншага чалавека, пашкадавала яго, а магчыма, яна проста добра ведала словы з Бібліі: «…вазьмі крыж свой…». І свой крыж яна не хацела перакладваць на іншага, бо ён быў толькі для яе плячэй, якія падтрымліваў Хрыстос.

Ніна КАЗЛЕНЯ

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.