Дзесяць дзён для натхнення

Рубрики: Новости.

Калі вы, шаноўныя чытачы, атрымаеце свежы нумар газеты, Рэспубліканскі злёт па актыўнай рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў, што сёлета праводзіцца ў Баранавічах з 6 па 18 жніўня (яго ладзіць Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў), будзе паціху падыходзіць да заканчэння. Усё гэтак жа яго ўдзельнікі будуць уставаць раніцай з чаканнем таго цікавага, што рыхтуе ім новы дзень. Але ўжо і будуць падводзіцца вынікі: што было зроблена гэтым летам, чаму навучыліся ўдзельнікі лагера-семінара, і ці стаў ён для іх магчымасцю паверыць у сябе і свае сілы?

Гэтыя пытанні і я задавала сабе, калі збіралася ехаць на аглядную экскурсію ў Баранавічы. Паглядзець, чым жывуць удзельнікі злёту, можна было на Дні адчыненых дзвярэй.

Сёлета ў лагеры сабралася трыццаць чалавек – паводле словаў старшыні РАІК Яўгена Шаўко, гэта самая аптымальная колькасць удзельнікаў. Усе яны размеркаваныя ў групы паводле свайго фізічнага стану і магчымасцяў у самаабслугоўванні, адпаведна гэтаму складаецца і праграма рэабілітацыі.

Сяброўская размова.

Дарэчы, менавіта тут, у Баранавічах, у 1997 годзе праходзіў самы першы лагер па актыўнай рэабілітацыі. Ён праводзіўся на базе санаторыя-прафілакторыя «Атлант», умовы ў якім не ва ўсім падыходзілі для інвалідаў. Тады ўсіх супрацоўнікаў санаторыя на паўдня пасадзілі ў інвалідныя каляскі, і яны на ўласным вопыце зразумелі, што трэба зрабіць ці змяніць, каб інваліды-вазочнікі адчувалі сябе ў санаторыі больш-менш камфортна. А цяпер лагер-семінар зноў вярнуўся ў Баранавічы, і вось ужо другі год ён ладзіцца на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але ёсць важная навіна – сёлетні лагер-семінар упершыню фінансуе Міністэрства спорту.

Паводле правілаў злёту, кожны год у ім удзельнічаюць новыя людзі. Але, прайшоўшы праграму рэабілітацыі, не адыходзяць убок – арганізатары робяць усё магчымае, каб прыцягнуць курсантаў да ўдзелу ў лагеры зноў, але ўжо ў якасці інструктараў. Сапраўды, калі чалавек у нечым можа быць прыкладам, варта выкарыстаць гэта з карысцю для яго і для іншых. Раз на два гады праводзяцца спецыяльныя лагеры для інструктараў, дзе і высвятляецца, ці можа чалавек вучыць іншых, нешта тлумачыць ім, паказваць і рабіць гэта цікава. Як сказалі арганізатары, інструктар павінен не толькі вучыць, але і натхняць.

Заняткі разам з валанцёрам.

Акрамя інструктараў, у лагеры ёсць валанцёры. Звычайна іх стараюцца набіраць з ліку студэнтаў, якім такі досвед будзе карысны і прыдасца ў працы. Кіраўніцтва лагера стараецца дамовіцца і аб тым, каб час валанцёрства залічваўся студэнтам як практыка. Як сказаў каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, падчас злёту студэнты атрымліваюць столькі ведаў і навыкаў, колькі не заўсёды можна атрымаць падчас іншай практыкі. Напрыклад, дзяўчына Дар’я, якая вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, лічыць, што валанцёрства – гэта проста ўнікальная практыка, а таксама магчымасць найбольш даведацца аб праблемах інвалідаў-калясачнікаў і іх патрэбах.

Валанцёры працуюць у лагеры амаль круглыя суткі – кагосьці падтрымліваюць падчас перасоўвання на калясцы, а камусьці могуць дапамагчы апрануцца альбо прыняць душ. Без іх некаторым курсантам рабіць гэта было б складана. Як на маю думку, гэта вельмі яскравы прыклад чалавечай самаадданасці.

Нас, невялікую групу наведнікаў, сярод якіх былі прадстаўнікі Баранавіцкай адміністрацыі і кіраўніцтва ўніверсітэта, павялі на экскурсію. Спачатку глядзім, як жывецца курсантам у інтэрнаце. Глядзім – і проста вачам сваім не верым, таму што для інвалідаў тут створаныя калі і не ўсе, то амаль усе ўмовы: добры пандус на ўваходзе, шырокія дзверы ў калідоры, утульныя пакоі.

Некалькі пакояў прыстасаваныя спецыяльна для пражывання інвалідаў, і тым, хто жыве ў іх, ужо не трэба турбавацца, як лепей скарыстацца ванным пакоем альбо прыбіральняй – там ёсць і шырокія дзверы, і поручні, што значна спрашчае задачу. У такіх спецыяльна прыстасаваных пакоях размясціліся тыя ўдзельнікі злёту, якія маюць найбольш складаныя захворванні; астатнія курсанты жывуць у звычайных інтэрнацкіх умовах.

Зрэшты, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што не ўсё так бездакорна ва ўніверсітэце з безбар’ерным асяроддзем. Нельга было не звярнуць увагу на занадта высокія парогі ў некаторых месцах – у калясцы пераадолець іх было цяжка, не заўсёды гэта атрымлівалася з першага разу, а намаганні даводзілася прыкладаць немаленькія…

Уладзімір Патапенка: а ці зручныя гэтыя поручні?

Не ўсё добра і з поручнямі ў ванным пакоі – здавалася б, яны ёсць, карыстайцеся, калі ласка. Але старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Пятровіч Патапенка, толькі глянуўшы, адразу сказаў: поручні замацоўвалі без удзелу інваліда. Чалавек з інваліднасцю абавязкова сказаў і паказаў бы, як лепей гэта зрабіць, і патлумачыў бы, чаму менавіта так.

Іншымі словамі, тут ёсць яшчэ над чым працаваць, але і ёсць з чаго браць прыклад.

У нас была магчымасць паглядзець, якія заняткі праводзяць з удзельнікамі лагера: гэта стральба з лука, аэробіка, танцы, тэхніка язды ў інваліднай калясцы актыўнага тыпу…

У дзясятачку!

Апошнія заняткі, відаць, найбольш важныя і адначасова самыя складаныя як для ўдзельнікаў, так і для інструктараў. Мяркуйце самі: каб патлумачыць іншым, як падымацца і спускацца па прыступках у інваліднай калясцы, інструктар сам павінен умець рабіць гэта, не пабаюся сказаць, віртуозна. А яшчэ ж трэба паказаць гэта падрабязна і дэтальна, проста як у замаруджанай здымцы на відыё – каб кожны зразумеў, запомніў і змог зрабіць гэтак жа. Для гэтых заняткаў некаторыя курсанты атрымалі інвалідныя каляскі, вырабленыя спецыяльна для іх па замове Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Але трэба сказаць, што інвалідныя вазкі айчыннай вытворчасці пакуль што шмат у чым саступаюць замежным. Пераканацца ў гэтым можна было проста – калі ў каляску сёў інструктар па тэхніцы язды. Можна было лёгка заўважыць, як нязручна яму сядзець, у якой няправільнай паставе – амаль пад вострым вуглом – знаходзяцца яго калені. І гэта не адзіны недахоп нашых інвалідных калясак, які патрэбна выправіць. Члены РАІК выказваюць свае заўвагі і прапановы вытворцам, засталося толькі да іх прыслухацца.

На заканчэнне скажу пару словаў пра адну з сёлетніх удзельніц злёту. Вольга Матусевіч апынулася ў інваліднай калясцы пасля траўмы менш як паўтара гады таму. Яна паспяхова праходзіла рэабілітацыю ў Аксакаўшчыне, а цяпер прыехала ў лагер, дзе атрымала шэраг новых навыкаў. Уражанні ад злёту ў дзяўчыны самыя лепшыя, а заўвага толькі адна – дзесяць дзён праходзяць прыехала ў лагер, дзе атрымала шэраг новых навыкаў. Уражанні ад злёту ў дзяўчыны самыя лепшыя, а заўвага толькі адна – дзесяць дзён праходзяць вельмі хутка, а хацелася б застацца тут даўжэй.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.