«Спасцігаю быцця таямніцы…»

Рубрики: Культура, Новости.

Роздум над старонкамі паэтычнага зборніка Эдуарда Дубянецкага «Покліч самотнага неба».

Каля дзесяці гадоў Эдуард Дубянецкі – інвалід другой групы з дзяцінства – з’яўляецца членам праўлення Савецкай раённай арганізацыі Грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Мінска, арганізатарам і актыўным удзельнікам літаратурна-музычных вечароў, конкурсаў і спаборніцтваў па розных відах спорту. Неаднаразова атрымліваў ганаровыя граматы, медалі і дыпломы. Ён кандыдат гістарычных навук, аўтар грунтоўных прац па праблемах міжнацыянальных адносінаў, беларускай ментальнасці, развіцця айчыннай і сусветнай культуры. Выкладаў  беларусазнаўства, гістарычную псіхалогію і гісторыю сусветнай культуры ў Інстытуце сучасных ведаў, БДУ і БДПУ імя М. Танка. 

Але ёсць у Эдуарда Дубянецкага яшчэ адна, не менш важная сфера для раскрыцця сваіх творчых магчымасцей і здольнасцей – Паэзія. Тут ён праявіў сябе як сапраўдны прафесіянал, майстар мастацкага слова, апублікаваў дзве кнігі паэзіі, мноства літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ. У пачатку 2012 года быў прыняты ў члены Саюза беларускіх пісьменнікаў. З’яўляецца пастаянным удзельнікам літаратурнай студыі «Пролог» пры Інвацэнтры Беларускага таварыства інвалідаў.

Вершы з новай кнігі паэзіі Эдуарда Дубянецкага «Покліч самотнага неба», якая летась выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор», вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, абвостранай пачуццёвасцю, душэўнас-
цю і шчырай усхваляванасцю, яснасцю і празрыстасцю стылю. Пра гэта яскрава сведчаць змешчаныя тут творы лірычнага, філасофскага, грамадзянскага і (сама)іранічнага гучання. Усе яны аб’яднаны жаданнем аўтара спасцігнуць складаныя праблемы быцця, яго заклапочанасцю лёсам і будучыняй роднага краю, спа-
дзяваннямі на асабістае шчасце, духоўнае ўзвышэнне кожнага чалавека і грамадства ў цэлым.  І ў гэтым  плане ён, нібы пачуўшы «покліч самотнага неба», выяўляе адказнае стаўленне да выбару сваёй жыццёвай дарогі, свайго прызначэння як чалавека і творцы.

Характэрнай асаблівасцю паэтычнай творчасці Э. Дубянецкага з’яўляецца наватарскі пошук мастацкай выразнасці ў галіне формы і зместу, кампазіцыі, рытмікі і рыфмоўкі верша. Таму ў сваім зборніку ён прапануе чытачу пазнаёміцца са шматлікімі класічнымі вершаванымі формамі, вядомымі з гісторыі еўрапейскай і ўсходняй (пераважна персідскай) паэзіі, а некаторыя разнавіднасці і жанры верша ўпершыню ўведзены ім у беларускую паэзію. У асобных раздзелах кнігі падаюцца вынайдзеныя самім аўтарам віды верша, паэма «Галасы», а таксама ягоныя «праменьчыкі» — адмысловая форма паэтычных афарызмаў і мініяцюр.

Адметна, што сваю біяграфію ён змог арганічна ўключыць у кантэкст агульнага духоўна-маральнага і сацыяльнага жыцця нашага грамадства. Перш за ўсё гэта любоў да роднага краю, да сваёй «малой жыццядайнай Радзімы», удзячнасць бацькам, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу – і трывожнай цёмнай ноччу, і ў светлы радасны дзень. Гэта і пранікнёны зварот да матулі, вобраз якой параўноўваецца з добрым анёлам, з пуцяводнай зоркай, што свеціць нязгасна ўначы, а таксама з жыватворным агнём, які «ў сцюдзёнай нат цемры // душы дасць цяпло і спакой» (вершы «Радня», «Матуля»). Акрамя таго, Э. Дубянецкі нагадвае, да якіх душэўных і фізічных пакутаў можа прывесці абыякавасць тых, хто не здольны ўспрымаць звычайны людскі боль, хто адгарадзіўся ад свету сцяною празмернага індывідуалізму і прагматызму (верш «Адчужынцы»).

Яшчэ адзін прынцыпова важны аспект кнігі Эдуарда Дубянецкага – сцвярджэнне гуманістычных крытэрыяў і нормаў маралі, якія ўтвараюць аснову і змест нашай нацыянальнай культуры. Тут на адно з першых месцаў, на яго думку, выходзіць праблема захавання шматвяковых традыцый нашага народа, гістарычнай памяці, якую ён разглядае ў кантэксце беларускай мінуўшчыны:

…Так, было столькі ліха на нашай зямлі,

што хапіла б на дзесяць народаў.

Адрадзіся, як Фенікс, мой край, і жыві

пад нязгаснаю зоркай свабоды!

Праз увесь зборнік вершаў Э. Дубянецкага праходзіць ідэя сцвярджэння ва ўзаемаадносінах людзей пацуцця прыгожага, узнёслага і адмаўлення ўсяго агіднага, амаральнага і разбуральнага. Тут і замілаванне краявідамі роднай прыроды, і ўслаўленне прыгажосці чалавечай душы, бескарыслівай любові і спагады, сяброўства і кахання, якое выступае ў выглядзе «асвяжальнага дзівоснага дажджу» (вершы «Гімн пяшчоце», «Танец кахання»). Тут і палымяны заклік супрацьстаяць злу, несправядлівасці, «завалам хлусні», зайдрасці, прыстасавальніцтву і іншым праявам маральнай дэградацыі, якія атручваюць наша паўсядзённае жыццё (вершы «Знітаваны», «Ліст юнаму сябру», «Канфармісты»).

Безумоўна, аўтара кнігі «Покліч самотнага неба» хвалюе праблема духоўна-рэлігійнай сутнасці асобы і ўсяго чалавецтва, якое ніяк не можа наблізіцца да «палаца мудрасці ці храма любові». Надзвычай усхвалявана і шчыра ён звяртаецца да Бога з малітвай даць «радасці белай, квяцістай», натхнення і шчасця, глыбокай і чыстай веры, збавення ад зла і бяды, а таму цалкам апраўдана заяўляе: «Спасцігаю быцця таямніцы // пад містычныя гукі званіцы». Але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і цяжкасці, паэт удзячны лёсу і Богу:

за ціхую ліру маю

й сэрца, дзе правяць любоў

з надзеяй, за шлях мой дамоў

па сцежках пакутаў і болю,

за пошукі волі й спатолю

бясконцае смагі кахання,

за горкі бальзам развітання,

за слодыч сяброўства й святло…

Перагортваючы апошнія старонкі кнігі Эдуарда Дубянецкага «Покліч самотнага неба», пераконваешся, што сапраўдная паэзія становіцца дзейсным сродкам духоўнага ўзвышэння чалавека, умацавання ў грамадстве ідэалаў дабра, прыгажосці і сацыяльнай справядлівасці. І менавіта ў гэтым – падмурак для далейшага плённага развіцця айчыннай культуры  і  надзея на тое, што «абудзіцца наш край калісьці і // будзе кветкаю нябачанай цвісці // у  неабсяжным і чароўным Зямным Садзе».

Станіслаў  ПАЛЕСКІ

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.