Прэзентацыя новай кнігі

Рубрики: Культура, Новости.

Напрыканцы студзеня бягучага года з Брэсцкай друкарні выйшаў у свет дванаццаты па ліку празаічны зборнік берасцейскага празаіка Сяргея Цыплюка «Жураўліны клін», аб чым у газете  «Вместе!» ўжо пісалася ў артыкуле  «Нястомны творца» (№ 18-19 ад 7 мая 2014 г.), а ў чэрвені ў бібліятэцы № 12 Брэста прайшла прэзентацыя зборніка.

На свята аўтарскай кнігі сышліся вядомыя празаікі і паэты Бярэсця (Іван Мельнічук, Аляксей Філатаў, Надзея Парчук, Марыя Якімук, Яніна Грыгаровіч і інш.), мастакі, музыканты, сябры і нават суседзі Сяргея Фёдаравіча, а таксама шматлікія чытачы – прыхільнікі ягонай творчасці. Пад назвай «Няўрымслівы творца» ў актавай зале на відным месцы стаяла выстаўка аўтарскіх кніг і калектыўных выданняў рэспубліканскага значэння, у якіх публікаваўся празаік.

Пад ціхія, чароўныя гукі класічнай музыкі неяк надзвычай натхнёна і па-ўрачыстаму хвалююча па запоўненай зале паліліся шчырыя прывітальныя словы загадчыцы бібліятэкі Людмілы Валюшка – арганізатара і вядучай праграмы літаратурнага мерапрыемства.

Першаму слова для выступлення яна дала, канечне, аўтару новай кнгі, але перад гэтым сказала:  «За плячыма ў Сяргея Фёдаравіча – доўгі і складаны жыццёвы шлях, шлях стараннага вучня, галоднага, але ўдумлівага, здольнага юнака-студэнта філасофскага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава. Шлях марака-сувязіста з чатырохгадовым стажам плавання па бязмежных прасторах акіяна, выкладчыка гісторыі і філасофіі ў школах і вузах краіны. Доўгі вандроўны шлях па планеце Зямля ў пастаянным, як ён сам выказаўся,  «пошуку ісціны і справядлівасці». Сяргей Фёдаравіч авалодаў усімі будаўнічымі спецыяльнасцямі, сваімі рукамі пабудаваў дом, выгадаваў пяцёра дзяцей, з 2007 года працуе на літаратурнай ніве і лічыць сябе шчаслівым чалавекам, хаця жыццё яго ніколі не песціла.

Самай запатрабаванай з усіх яго выдадзеных кніг лічыцца  «Лесвіца ў неба», у якую ўвайшлі шэсць аповесцей, чатыры змястоўныя расказы і падборка вершаў. А прадмовай да гэтых твораў служыць аўтарская прытча пра чалавека, які ўсё сваё жыццё майстраваў лесвіцу, каб  узысці па ёй на неба і сустрэцца там з Богам…»

Сяргей Фёдаравіч коратка азнаёміў прысутных са зместам новай кнігі, расказаў, як збіраўся матэрыял па той ці іншай тэме, як складаліся сюжэты, распавёў пра сустрэчы з цікавымі людзьмі – вобразы якіх сталі прататыпамі для ягоных літаратурных герояў.

Шчырасцю і цеплынёй было напоўнена выступленне паэта і празаіка  Івана Міхайлавіча. Ён даўні сябра Сяргея Фёдаравіча, добра ведае яго творчасць і высока яе цэніць за актуальнасць і сучаснасць тэматыкі, праўдзівае адлюстраванне жыцця, вастрыё ўздымаемых пытанняў, смеласць уласных дамак, упартае адстойванне сваёй пазіцыі.

Не менш уважліва слухалі прысутныя і цікавае разважанне, з зачытваннем адпаведных цытат, празаіка Аляксея Філатава пра абыякавасць, празмерную бессаромнасць, нявыхаванасць і бездухоўнасць некаторых маладых людзей, амаральнасць іх паводзін. Ён падкрэсліваў, што гэты сучасны пласт бесчалавечнасці і бяздушша пісьменнікам трэба ўсё ж актыўней уздымаць і апрацоўваць.

Слова для выступлення бралі ўсе прысутныя пісьменнікі і некаторыя прыхільнікі творчасці Сяргея Фёдаравіча, яму ўручалі кветкі, у яго гонар выконвалі песні, чыталі вершы-прысвячэнні. А старшыня гарадской арганізацыі  «БелТІЗ» Вера Жук уручыла цэнны сувенір – электронны размаўляючы гадзіннік.

Паэтка Надзея Парчук у сваёй прамове між іншым заўважыла:  «Сяргей Фёдаравіч хоць і лічыцца ў асноўным празаікам, але назвы ўсім сваім творам яму ўдаецца падабраць па-паэтычнаму прыгожа і незвычайна. Чаго варта, напрыклад, назва яго першай кнігі   «Лесвіца ў неба», альбо  «Белы свет – не аколіца»,  «Полымя ранішняй зары». Такую ж цудоўную, шчымліва-кранальную назву атрымала і апошняя кніга няўрымслівага літаратурнага рупліўца –  «Жураўліны клін»…

Дык падзякуем мужнаму чалавеку, нястомнаму празаіку за бясцэнныя падарункі яго творчай душы, за нялёгкую  літаратурную працу, за тое, што пісьменнік хоць і з’яўляецца інвалідам па зроку, але не шкадуючы сябе, свайго здароўя – творыць, піша, стараецца данесці да чытача ўсё спасцігнутае, перажытае і набалелае!»

І ў заключэнне ўсяму сказанаму Надзея прачытала сваё прысвячэнне Сяргею Фёдаравічу.

Празаіку

С.Ф. Цыплюку

Пра вас, празаіку руплівы,

Не прозай – рыфмаю скажу,

Радком лірычным і чуллівым

Сагрэю вашую душу.

 

Я музу – добрую сяброўку –

Пазвала ўночы да стала,

Каб мне падказвала па слоўку,

Каб верш стварыць дапамагла.

 

Пра вас ужо няблага знаюць

Суседзі нашы з-за мяжы

І кнігі вашыя чытаюць: 

Сюжэт ізноў заварыжыў.

 

…Жыццёвы лёс ваш – не зайздросны,

Але анёлак не драмаў –

Заўсёды спосабам дзівосным

Ад чорнай смерці ратаваў.

 

Агонь, ваду і тыя ж трубы 

Вы за сваё прайшлі жыццё,

Каб зараз тут, у краі любым, –

Распальваць творчасці касцёр.

 

Каб кожны з нас любой парою

Каля іскрыстага кастра 

Мог сагравацца дабрынёю

І спасцігаць закон дабра. 

 

Дык дзякуй вам за вашу шчодрасць,  

Наш апантаны праўдалюб!

За вашу мужнасць і за годнасць,   

За аптымізм я вас хвалю. 

 

Надзея Ладаражанка,

Брэст

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.