Парогі і прыступкі
19 і 20 чэрвеня грамадскае аб’яднанне «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» зладзіла трэнінг «Бяспечнае суправаджэнне і перамяшчэнне інвалідаў-калясачнікаў». Падчас другога дня заняткаў члены арганізацыі мелі магчымасць навучыцца таму, як дапамагчы чалавеку ў інваліднай калясцы пераадолець фізічныя бар’еры – а менавіта, як пераадолець парог, як увайсці ў грамадскі транспарт і інш.
Мэтай мерапрыемства было падрыхтаваць трэнераў, якія пасля будуць перадаваць гэтыя ўменні людзям, што маюць непасрэдныя стасункі з інвалідамі – сацыяльным і медыцынскім работнікам, ды і кожнаму ахвочаму ўвогуле. Не сакрэт – здараецца, што, апынуўшыся побач з інвалідам, чалавек часам не ведае, з якога боку лепей падступіцца да інваліднага вазка. Што ўжо казаць пра той выпадак, калі трэба, напрыклад, дапамагчы вазочніку падняцца ў аўтобус. Без ведання, як правільна гэта робіцца, можна нашкодзіць
і чалавеку ў інваліднай калясцы, і самому атрымаць траўмы. Менавіта для таго, каб такога не здаралася, і быў зладжаны трэнінг.
Ёсць некалькі нескладаных, але важных момантаў, пра якія трэба помніць чалавеку, што дапамагае інваліду-вазочніку. Перш за ўсё – бяспека. Абавязкова трэба паведаміць чалавеку, што вы будзеце рабіць,
каб для яго гэта не было нечаканасцю і ён не разгубіўся. Можа здарыцца, што чалавек выпаў з інваліднай каляскі. У такім выпадку паднімаць яго лепей не аднаму, а ўдвох. Але перш чым паклікаць на дапамогу, трэба пераканацца, што інвалід знаходзіцца ў больш-менш зручнай падставе і, нават лежачы, не атрымае пашкоджанняў.
Удзельнікі трэнінгу былі раздзеленыя на тры групы, кожная з якіх правяла трэніровачныя заняткі па пэўнай тэме – пераадоленне парога, перамяшчэнне інваліда з каляскі на кушэтку, суправаджэнне ў грамадскім транспарце. Пры гэтым увага была звернута не толькі на правільнае выкананне пэўнага дзеяння, але і на тое, як будучыя трэнеры трымаюцца падчас размовы і як рэагуюць на пытанні аўдыторыі. Вядучыя трэнінгу Вітаўт і Лана Руднік давалі парады аб тым, як наладзіць кантакт са слухачамі і не страціць іх увагу:
– Ёсць аўдыторыя, якая глядзіць на вас, – казалі яны. – Звяртайцеся да яе, усміхайцеся, усталёўвайце кантакт. Задавайце пытанні, задзейнічайце аўдыторыю ў тым, пра што расказваеце. У рэшце рэшт, прапануйце слухачам паўтарыць на практыцы тое, пра што вы казалі.
Зрэшты, навучыцца гэтаму можна, было б жаданне і магчымасць. Складаней бывае зразумець, што інваліды – гэта не тыя людзі, якія хочуць ускладніць жыццё іншым. Проста так склалася жыццё. Варта пра гэта памятаць.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.