Машынка-«партызанка»

Рубрики: Новости.

Ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава быў заснаваны ў Драгічыне 14 лістапада 1990 года па ініцыятыве Пінскага таварыства партызан-ветэранаў. Першых наведвальнікаў установа прыняла ў жніўні 1994-га.

У снежні 1995 года музею прысвоена ганаровае званне «народны», а яшчэ праз год нададзена імя Дзмітрыя Удовікава, былога начальніка штаба партызанскай брыгады імя Молатава.

Пры музеі працуе падлеткавы клуб «Азімут», які займаецца ўстанаўленнем імёнаў загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, якія лічацца невядомымі. Члены клуба знайшлі тры брацкія магілы часоў вайны, вызначылі 92 прозвішчы партызан і байцоў Чырвонай арміі. Вядзецца праца па пошуку і выяўленні пахаванняў перыяду Першай сусветнай вайны.

— Сёння ў экспазіцыі прадстаўлена амаль 390 арыгінальных экспанатаў і 260 фотаздымкаў, а яшчэ 720 унікальных прадметаў знаходзіцца ў фондах, рарытэты час ад часу дэманструюцца падчас выставак, — расказаў дырэктар музея Сяргей Гранік. — У асноўным гэта фотаздымкі, дакументы, успаміны і лісты партызан. Ёсць у калекцыі асабістыя рэчы кіраўнікоў партызанскага руху, узоры зброі часоў Вялікай Айчыннай.  Хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, можа прыйсці да нас і пазнаёміцца з нашымі знаходкамі, якія захоўваюцца ў фондах, папрацаваць з дакументамі.

Сапраўды ўнікальны экспанат прадэманстраваў дырэктар музея. Гэта аўтамат, а дакладней, пісталет-кулямёт, які выпускалі ў асаджаным Ленінградзе. Зброя сканструявана вельмі проста, лёгкая, мае доб-рую хуткастрэльнасць. Выкарыстоўвалася для бліжняга бою ў горадзе і памяшканнях. На працягу 1943 — 1944 гадоў савецкія самалёты з-за лініі фронту даставілі партызанам брыгады імя Молатава каля 200 такіх аўтаматаў.

Яшчэ адной унікальнай рэччу могуць пахваліцца супрацоўнікі музея — машынкай фірмы «Кантыненталь», якая прадстаўлена ў экспазіцыі «Зямлянка». Пісар штаба партызанскай брыгады імя Молатава Масальская друкавала на ёй загады кіраўніцтва партызанскага злучэння.

— Пра гэтую машынку я даведаўся ад Юрыя Масальскага, які распавёў мне пра тое, што ў яго маці ёсць такая не-
звычайная рэч, прытым, у рабочым стане — жанчына працягвала працаваць на ёй, — паведаміў дырэктар Ваенна-гістарычнага музея. — Машынка і цяпер спраўная. Спецыяльна ездзіў па яе ў Гомель да маці Юрыя. Жанчына моцна расчулілася і падарыла рарытэт нашаму музею, каб яго маглі бачыць многія.

Раіса МАРЧУК

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.