Успаміны пра вайну

Рубрики: Новости.

Ідуць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, але не сціраюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны з памяці людзей. Асабліва тых, каму давялося зведаць яе горыч, цяжар і жахі.

Мне пашанцавала сустрэцца са сведкам тых далёкіх і памятных падзей, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Мар’янам Іосіфавічам Янчэўскім, які пражывае ў Нясвіжскім раёне, што на Міншчыне. Сёлета яму споўнілася 90 гадоў! Нягледзячы на свой узрост, ён дакладна апавядае пра сваю маладосць і тыя жыццёвыя выпрабаванні, якія ляглі на ягоныя плечы не толькі ў ваенны час, але і ў аднаўленчы перыяд.

Мар’ян Іосіфавіч у юнацкім узросце ваяваў у партызанскім атрадзе імя Панамарэнкі ў брыгадзе імя Чапаева. За ўдзел у ваенных дзеяннях сярод узнагарод – ордэн Айчыннай вайны I ступені, медаль «Партызану Айчыннай вайны I ступені», яшчэ больш за дзесяць дзяржаўных узнагарод.

За Радзіму

У баявой характарыстыцы ад 8 жніўня 1944 года, копія якой беражліва захоўваецца ў хатнім архіве ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, гаворыцца: «Партызан Янчэўскі М.І. паступіў у партызанскі атрад імя Панамарэнкі 13 лютага 1943 года. За час прабывання ў партызанскім атрадзе паказаў сябе як мужны і дысцыплінаваны партызан, удзельнік 12 буйных баёў. На сваім асабістым рахунку мае 16 знішчаных нямецкіх салдат. Узяў у палон 4 салдат і 1 афіцэра. Спусціў пад адхон 6 варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай. Удзельнічаў у падрыве чыгуначнага палатна, падарваў 15 рэек шляху. Падарваў 2 чыгуначныя масты па дарозе Брожа – Бабруйск, два масты па шашэйнай дарозе Бабруйск – Парычы. Знішчыў тэлеграфнай сувязі 5 км. Падарваў тры варожыя аўтамашыны. Быў два разы паранены.

За доблесць і адвагу камандаваннем атрада прадстаўлены да ўрадавай узнагароды» (арфаграфія захаваная).
Юнацтва, апаленае вайной, часта ўзгадваецца Мар’яну Іосіфавічу. Са свайго роднага Мястэчка Брэсцкай вобласці Мар’ян Іосіфавіч паехаў яшчэ да вайны. Атрымаў прафесію токара і працаваў у Арлоўскай вобласці на чыгуначнай станцыі Унеча (сёння Бранская вобласць).

З пачаткам ваенных дзеянняў вяртаўся з таварышам на радзіму. Дабірацца давялося ў асноўным пешшу. Потым – ваяваў у партызанскім атрадзе.

– Апошні выбух я здзейсніў недалёка ад Гарадзеі (паміж Гарадзеяй і Свержнем). Было ўказанне Чырвонай арміі падрываць чыгунку, – распавядае ветэран. – Але немцы наладзілі пасткі – усе падыходы былі замініраваны схаванымі пяхотнымі мінамі. Вялікая частка ўдзельнікаў нашых дыверсійных груп загінула з-за таго, што міны трэба было закласці пад покрывам ночы практычна навобмацак. І калі штосьці не так, ад сваёй міны можаш і загінуць. Таму патрэбны былі веды і дакладнасць.

Нас было шасцёра. Групу ўзначальваў я. Мы прыйшлі да сувязнога чыгуначніка, пагаварылі з ім. Жыхар Стаўбцоўшчыны паспрабаваў адгаварыць нас: «Хлопцы, дарэмна загінеце. Пакіньце міны, і калі я змагу, то падкладу сам». Але, абмеркаваўшы лепшыя падыходы, улічваючы размяшчэнне дотаў, я вырашыў усё ж падпаўзці да чыгункі. Група мяне прыкрывала. І калі я пачаў падкапвацца, пачуў чужую мову, якая нагадвала «гыр-гыр-гыр-гыр». Па чыгунцы ішлі немцы – ахова. Адпоўз, прыціх. Пасля зрабіў чарговую спробу. Месца выбралі такое, каб пры выбуху склад круціла з вышыні ў нізіну.

Па ўмоўным сігнале мой сябар Іван Станіслававіч Гардзіевіч (ён родам таксама з Нясвіжчыны) падцягнуў міну, і я яе заклаў. Заставалася галоўнае – своечасова тузануць шнур, каб ад выбуху пад адхон не пайшлі платформы з пяском, а паравоз з вагонамі тэхнікі і жывой сілы. Я выканаў заданне. Праўда, атрымаў кантузію. Але хлопцы выцягнулі мяне з-пад абстрэлу.

У той дзень 18 вагонаў пайшло пад адхон – 3 вагоны жывой сілы, 15 танкаў. Гэта была апошняя дыверсія перад прыходам Чырвонай Арміі…

Пасля вызвалення Беларусі, у 1944-м
годзе, вярнуўшыся з партызанскага атрада, маладому хлопцу давялося даведацца аб трагедыі, якая напаткала ўсю яго сям’ю ў 1942 годзе. Бацька, маці, два браты і сястра загінулі ад рук фашыстаў. Іх, як і многіх іншых жыхароў пасёлка, які размяшчаўся ў лясной мясцовасці, жыўцом спалілі карнікі. Пра гэта яму расказалі відавочцы.

Успамінаючы гэта, ветэран і цяпер не можа стрымаць слёзы…

Яго другая вайна

Але жыццё працягвалася. Застаўся жывы, значыць, трэба дапамагчы астатнім і стаць на абарону інтарэсаў закона. У ліпені 1944 года, калі Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, Баранавіцкі абкам партыі накіраваў М.І. Янчэўскага на працу ў органы дзяржаўнай бяспекі, у Расонскі аддзел НКУС. Затым яго перавялі ў раённы аддзел унутраных спраў.

– Мы працавалі да дзвюх ночы. Пісалі пры святле трафейных свечак. Вячэралі на працы. Кавалак хлеба, пасыпаны соллю, шклянка вады – вось і ўся вячэра. Картачная сістэма была тады. Таго, што давалі на месяц, хапала на некалькі дзён. На рынку кілаграм сала ў той час каштаваў 500 рублёў. Прыкладна столькі ж мы зараблялі ў месяц.

Аператыўная абстаноўка ў раёне ў пасляваенныя гады была вельмі напружанай. Банды складаліся з мясцовых жыхароў – былых паліцыянтаў, нямецкіх памагатых, дэзерціраў. Бандыты забівалі людзей, рабавалі. Хаваліся яны ў лясах Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў. Адна з бандаў пад кіраўніцтвам Лазоўскага дзейнічала каля 16 месяцаў. Для яе ліквідацыі быў створаны адмысловы атрад з супрацоўнікоў НКУС і ўнутраных спраў. Я ўваходзіў у гэты атрад. Кіраваў атрадам капітан Кузняцоў. Спецатрад пастаянна знаходзіўся ў начных засадах. Прачэсвалі лясныя масівы, сялібы. Вясной 1946 года банда была акружана. На прапанову здацца яны адкрылі агонь, спрабуючы выйсці з акружэння. Завязаўся бой. Больш за 20 бандытаў было забіта, астатніх захапілі ў палон.

Надзёйны тыл

Многае давялося перажыць і перанесці Мар’яну Іосіфавічу Янчэўскаму за ўсё яго міліцэйскае жыццё працягласцю больш за трыццаць гадоў. Але ў яго быў надзейны тыл – сям’я.

З жонкай Марыяй Міхайлаўнай ён пазнаёміўся пасля вайны. У сям’і з’явіліся дзве дачкі, якія выраслі годнымі людзьмі. Старэйшая – Вольга Мар’янаўна – жыве ў Нясвіжы, працавала ў раённай бальніцы. Малодшая – настаўніца замежнай мовы, жыве ў Слуцку. Абедзве ўжо на заслужаным адпачынку.

Пасля выхаду на адпачынак Мар’ян Іосіфавіч часта бярэ ў рукі альбомы. І нават сёння, калі падводзіць зрок, распавядае аб здымках: «Гэта я з маім баявым таварышам. Гэта ў аддзеле міліцыі. Гэта наша сямейнае фота». І так з кожным здымкам…

Дома ў М.І. Янчэўскага шмат кніг. У бібліятэцы – Астроўскі, Шолахаў, Жукаў – усяго больш за тысячу асобнікаў.

Побач з фатаграфіямі ветэрана вайны са шматлікімі ўзнагародамі – сямейны чорна-белы партрэт маладых мужа і жонкі Янчэўскіх. Без сваёй вернай спадарожніцы жыцця Мар’ян Іосіфавіч жыве ўжо больш за дзесяць гадоў. Апошнія гады яму давялося даглядаць Марыю Міхайлаўну, якая хварэла. Але для яго яна была і застаецца самай галоўнай жыццёвай узнагародай, бо на працягу паўвекавога сумеснага шляху ў іх сям’і цесна перапляталіся перамогі і няўдачы, дасягненні і ўзнагароды – усё тое, з чаго складалася няпростая біяграфія чалавека, які па праву можа называцца легендай.

Усё далей адыходзіць ад нас 9 мая 1945 года. Але мы па-ранейшаму моцна памятаем, якой цаной дасталася нашым дзядам і прадзедам Перамога.

Са святам Вас, дарагія ветэраны!

Падрыхтавала Лілія ЗІЗІКА

Фота з сямейнага архіва
М.І. Янчэўскага.

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.