«Чорнае балота» – пачатак пакут дзевяцігадовага Косціка

Рубрики: Новости.

Яго ведаюць не толькі ў Глуску, але і ў раёне. Перш за ўсё як аўтакранаўшчыка, бо толькі ў Глускай ПМК-249 Канстанцін Эдуардавіч Куніцкі адпрацаваў без малога трыццаць гадоў. Цяжка нават уявіць, колькі работ перароблена ім на розных будаўнічых пляцоўках! Гэта добры і чулы чалавек, словы якога ніколі не разыходзяцца са справай, паважаны і сярод паляўнічых. Аднак мне хочацца расказаць пра малавядомы эпізод з яго жыцця.

Было яму 9 гадоў, як апынуўся разам з маці Лідзіяй Іванаўнай і бабуляй Домнай Фёдараўнай у сакавіку 1944 года ў лагеры смерці пад Азарычамі. А схапілі іх гітлераўцы ва ўрочышчы «Чорнае балота», якое знаходзілася непадалёк ад роднага пасёлка Акцябрскі, дзе старыя, жанчыны і дзеці хаваліся ад нямецкіх салдат. Тое, што вытваралі гэтыя нелюдзі з мірным неабароненым насельніцтвам, нельга ўбачыць нават у самым жудасным сне. У падпаленым фашыстамі рудабельскім клубе загінулі сотні чалавек. Сярод іх былі тры цёткі і два браты Косціка.

Спачатку схопленных ва ўрочышчы адправілі ў Ляскавічы, а праз некаторы час – у лагер смерці пад Азарычы, які знаходзіўся сярод балота. У лагерныя вароты людзі ішлі калонамі пад канвоем. Пляц быў абнесены калючым дротам, а па вуглах стаялі вышкі з кулямётамі. У варотах гітлераўцы праводзілі «сарціроўку»: дарослых – у адзін бок, дзяцей – у другі. Разлучылі і Косцю з роднымі. Але ў нейкі момант, калі ўжо маці з бабуляй ішлі ў напрамку нейкага хлява, Косцік кінуўся ўслед за імі. Ці немцы не прыкмецілі ўцекача, занятыя сваёй справай, ці проста не звярнулі ўвагі, ці, можа, такі яго лёс… Але ён застаўся разам з роднымі.

Да ночы барак быў набіты вязнямі, якія ў большасці былі апранутыя слаба, і таму, калі стаў мароз мацнець, яны, каб абагрэцца, пачалі “збівацца” ў кучы. У цемры не проста было разабрацца, хто каля цябе: здаровы ці тыфозны хворы, каб хоць неяк засцерагчыся ад хваробы. У такой цеснаце зараза пераносілася хутка. Менавіта з гэтай нечалавечай па сваёй жорсткасці мэтай – распаўсюджанне эпідэміі тыфу сярод вязняў і ў часцях наступаючай Чырвонай Арміі – быў і створаны гітлераўцамі Азарыцкі лагер смерці.

Зняволеныя, якія засталіся пад адкрытым небам, размяшчаліся проста на снезе. У здаровых было больш шанцаў выжыць, паколькі, рухаючыся, яны саграваліся. Хворыя доўга на марозе не вытрымлівалі і даволі хутка замярзалі. Тым больш, што паліць кастры строга забаранялася. А каб напіцца вады, людзі рукамі капалі ямкі ў балоце і пілі брудную, падобную на жыжу, ваду. Кармілі зрэдку хлебам, які фашысты кідалі людзям з машын. Галодныя кідаліся на хлеб, давячы адзін аднаго. І пасля кожнай такой звалкі заставаліся ляжаць трупы. Давалі хлеб і па чарзе, буханку на чатырох чалавек. Многім, таксама, яго не хапала, не даходзіла чарга. Згаладаўшыя людзі абгрызалі на дрэвах кару.

Дзякуючы маці і бабулі, якія сагравалі Косцю нейкімі анучамі, а галоўным чынам – чалавечым цяплом, ён застаўся жыць, выжылі і яны, бо войскі 61-й арміі Першага Беларускага фронта 19 сакавіка 1944 года авалодалі Азарычамі. На поўначы ад іх разведчыкі выявілі тры лагеры смерці, дзе пакутавалі тысячы мірных жыхароў – дзеці, жанчыны, старыя. Воіны вызвалілі ад немінучай пагібелі 33 480 вязняў лагера.

З той жудаснай пары прайшло 70 год. У Канстанціна Эдуардавіча ўжо і галава даўно пасівела, але гэта больш заканамернасць, як і пабудаваная хата, пасаджаныя дрэвы, станаўленне на ногі сыноў, нараджэнне ўнукаў. Толькі не даюць пакою хваробы – следства тых халодных і галодных дзён і начэй, праведзеных у лагеры смерці. Хтосьці прачытае гэтыя радкі, паверыць альбо не, потым і забудзе. Але тыя, хто перажыў пакуты фашысцкага пекла пад назвай «Азарычы», нічога ніколі не забудуць!

Валерый ВАСІЛЕЎСКІ,

г.п. Глуск

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.