«Званы Палесся»

Рубрики: Новости.

Словы шчырыя праспяваю

Пра Радзіму маю – Беларусь,

Водар лесу, палі без краю,

Дзе натхненне душы бяру.

(Ал. Стасюк)

У сярэдзіне сакавіка бягучага года з выдавецтва «Альтернатива» выйшаў у свет зборнік паэзіі Аляксандра Стасюка «Званы Палесся». А ўжо 26 сакавіка ў спецбібліятэцы № 12 Брэста была арганізавана прэзентацыя кнігі. На жаль, без аўтара. 2 сакавіка мінулага года Сашы не стала… А паэт жа так марыў убачыць сваю кнігу, патрымаць яе ў руках, падарыць сябрам, знаёмым… І вось мару паэта ажыццявілі яго родныя, сябры па літаб’яднанню, добрыя шчодрыя людзі.

Нарадзіўся Аляксандр 6 жніўня 1965 г. у вёсцы Кучавы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў Моладаўскую сярэднюю школу, будаўнічае ДПТВ № 65, служыў на флоце, працаваў мантажнікам-высотнікам у «Будтрэсце № 8».

У 1987 годзе лёс крута паламаў усё яго ранейшае жыццё: у выніку няшчаснага выпадку на адным з будаўнічых аб’ектаў Саша быў сур’ёзна траўміраваны, поўнасцю страціў зрок, але цудам застаўся жывы.

Кажуць: паэта без лёсу не бывае. Хочацца дадаць – без складанага, выпрабавальнага лёсу. Дык вось ён, гэты самы лёс, ці інакш кажучы, чалавечая доля – ох, якая цяжкая, якая невыносная дасталася Аляксандру Стасюку – берасцейскаму паэту, песенніку. З 22-х гадоў ён жыў у поўнай цемры, але не зламаўся, не страціў любові да жыцця, да людзей, да ўсяго прыгожага, непаўторнага, аб чым са шчырасцю і пісаў у сваіх вершах, паэмах, песнях, якія, дарэчы, выконваў сам і з сябрамі.

Страціўшы зрок, Саша не страціў надзеі, што справіцца са сваім новым цяжкім становішчам; верыў, што будзе жыць не толькі ўспамінамі, уяўленнямі ды высокімі марамі, але – як усе  здаровыя людзі – будзе патрэбны сям’і, сябрам, грамадству. Будзе тварыць, выхоўваць дзяцей. Няўрымслівая душа паэта заўсёды цягнулася да людзей, імкнулася ў гушчу народа, і не толькі, каб самой сагрэцца і наталіцца чалавечай дабрынёй, але і аддаць людзям часцінку свайго цяпла, свайго святла.

Дзякуючы сваёй настойлівасці і сіле духу, непахіснай волі і веры ў самога сябе, паэту пры такіх складаных абставінах і сапраўды ўдавалася быць клапатлівым бацькам, добрым мужам, любячым сынам,  патрэбным чалавекам у калектыве, грамадстве. Гэта па яго прапанове пры спецбібліятэцы быў арганізаваны творчы клуб «Выток», а затым з яго актыўнай падтрымкай быў ператвораны ў літаб’яднанне з адпаведнай назвай, з яго ўдзелам праводзіліся розныя літаратурныя вечары, мерапрыемствы, конкурсы, канцэрты.

Друкаваўся Аляксандр Стасюк у калектыўных зборніках «Убачыць сэрцамі», «За всё тебя благодарю», «Дазволь прычасціцца», у альманаху «Гоман», газетах – «Чырвоная звязда», «Товарищ». Вершы пісаў на беларускай і рускай мовах.

Саша ўмеў радавацца за сяброў, якія выдалі свае кнігі, і марыў аб уласным зборніку. І вось, з Божай ласкі, ягоная кніжачка блакіціцца і ззяе не толькі на маім стале, але і на стале многіх прыхільнікаў яго паэзіі. Значыць, памяць аб сабе на зямлі паэт пакінуў. Яго вершы, паэмы, песні, оды, прысвечаныя Радзіме, зямлі палескай, роднаму куточку, дарагім людзям, не прапалі. Шчырыя словы паэта, светлыя думы, узнёслыя мары і надзеі засталiся ў спадчыну яго дзецям, унукам і ўсім наступнікам нашым.

Дык няхай жа душа Аляксандра спакойна спачывае ў нябеснай прасторы ад усіх сваіх зямных праблем! І дзякуй ёй за пакінуты творчы след на зямлі берасцейскай!

Надзея ПАРЧУК

г. Брэст

Светлай памяці паэта

                      Аляксандру Стасюку

 

Пайшоў ад нас навекі ты, паэце!

У вечны шлях нязведаны пайшоў.

Але паспеў пакінуць след на свеце –

Уласны зборнік, створаны душой.

 

І хоць табе яго не давялося

Вачыма ўбачыць, ў рукі ўзяць свае,

Але «Званоў палескіх» адгалоссе

Цябе не раз узнёсла апяе!

 

Твая душа, напэўна, зараз з намі,

Глядзіць удзячна, слухае й маўчыць…

Цяжэй за ўсіх – тваёй любімай маме,

Што нарадзіла сыначка, каб жыць.

 

Любіў ты свет, жыццё любіў, Радзіму –

Любові шмат у сэрцайку было.

Калі б не лёс – ты белы свет не кінуў,

А праслаўляў бы хораша яго.

 

Пайшоў ад нас навечна ты, паэце,

Ды ў нашых душах будзеш жыць заўжды.

Дасць Бог, унукі родныя і дзеці

Твае прадоўжаць справы і гады.

 Надзея Парчук

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.