Каму расказаць…

Рубрики: Новости.

На мінулым тыдні на мой мабільны тэлефон пазваніў старшыня Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка і папрасіў зайсці да яго ў кабінет.

Дарэчы, і сама збіралася да яго, каб падзякаваць за тое разуменне, з якім Ула-дзімір Пятровіч аднёсся да нашай просьбы. На машыне ЦП «БелТІ» арганізаваў для карэспандэнтаў газеты паездку ў дзіцячы інтэрнат, які знаходзіцца ў вёсцы Вяснова, што ў Магілёўскай вобласці.

Уладзімір Пятровіч выслухаў маю падзяку і сказаў:

– А я хачу пажурыць рэдакцыю за тое, што не ўзгадалі пра юбілей першага галоўнага рэдактара нашай газеты. Івану Капыловічу споўнілася 70 гадоў.

Апошні раз бачылася з Іванам Іванавічам у пачатку сакавіка 2011 года. З нагоды выхаду ў свет тысячнага нумара газеты. Мы доўга тады гаварылі з ім. У асноўным, пра газету. Дарэчы, у наступным годзе штотыднёвік «Вместе!» таксама адзначыць свой 25-гадовы юбілей. 21 верасня 1990 года выйшаў першы нумар газеты. Называлася тады яна «Наша доля». І гэтую назву выданню даў Іван Капыловіч. Ён казаў, што члены ЦП «БелТІ» хацелі, каб газета называлася «Голас міласэрнасці». Маўляў, доля інвалідаў і так цяжкая. Але Іван Капыловіч усё ж такі адстаяў «Нашу долю». Ён тады сказаў ім, каб думалі над тым, як зрабіць гэту долю лепшай.

І вось новая сустрэча. Ідучы да Івана Іванавіча, усю дарогу думала аб тым, з чаго пачну размову, якія пытанні буду задаваць. Насамрэч, ніякія мае так званыя «загатоўкі»не спатрэбіліся. Іван Іванавіч сам вёў нашу гутарку ў патрэбным кірунку. Праўда, у гэты раз яна адбывалася не ў рабочым кабінеце. Апошні год, з-за стану здароўя, шмат часу праводзіць у ложку ў сваёй спальні, якая адначасова стала і яго рабочым кабінетам. Тут і тэлевізар, і інвалідная каляска, і яшчэ шмат чаго, што складае атрыбуты жыцця чалавека, які мае інваліднасць. Нагадаю, што ў адной з камандзіровак Іван Капыловіч, калі працаваў пасля заканчэння факультэта журналістыкі ў газеце «Чырвоная змена», трапіў у аўтамабільную аварыю, зламаў пазваночнік і доўгі час быў прыкуты да бальнічнага ложка.

Івану Капыловічу было 46 гадоў, калі члены Цэнтральнага праўлення толькі што створанага тады Беларускага таварыства інвалідаў даручылі яму ўтварыць газету для інвалідаў. Перасоўваўся Іван Іванавіч на кавеньках. Але колькі ў яго было запалу, энергіі, бляску ў вачах! Голас бадзёры. Ніколі не бачыла, каб у яго быў дрэнны настрой. Яшчэ здалёк на калідоры было чуваць, што ў рэдакцыю (тады яна таксама знаходзілася у памяшканні ЦП «БелТІ») ідзе Іван Капыловіч. Я яшчэ дзіву давалася, як ён мог так свабодна размаўляць на беларускай мове. Вучыла яе і ў школе, і ва ўніверсітэце, а словы трэба было падбіраць, перакладаць з рускай мовы на беларускую. Гэта ўжо тады, калі пачала працаваць карэспандэнтам у «Нашай долі» і па загаду Івана Капыловіча пісала матэрыялы толькі на беларускай мове, стала больш-менш свабодна і размаўляць на ёй. Потым, калі быў ужо другі галоўны рэдактар і газета стала выходзіць толькі на рускай мове, мне было цяжка перайсці з беларускай на рускую.

Між іншым, хачу ўзгадаць сваё першае рэдакцыйнае заданне. Калі газета толькі ўсталёўвалася, было шмат арганізацыйных пытанняў. Да таго ж, гэта быў час вялікіх зменаў у грамадстве. Была перабудова. І ва ўсім, так мне здавалася, быў нейкі хаос. У РУУС Першамайскага раёна Мінска трэба было атрымаць дазвол на выраб пячаткі для новай установы «Рэдакцыя газеты «Наша доля». Начальнік гэтага РУУС чапляўся да кожнай паперкі і ніяк не хацеў даваць гэты дазвол. Тады Іван Іванавіч выклікаў мяне да сябе ў кабінет і даў рэдакцыйнае заданне. Заключалася яно ў тым, каб я апранула сваю кароткую спадніцу (а было мне тады 26 гадоў) і пайшла на прыём да гэтага начальніка. Пры гэтым Іван Іванавіч мяне папярэдзіў, што калі міліцыянер той будзе гаварыць мне кампліменты, моўчкі слухаць і ківаць галавой. А калі што, дык ён будзе чакаць мяне на калідоры пад дзвярыма кабінета. Я зрабіла ўсё так, як сказаў мне галоўны рэдактар. Праз нейкі час я выйшла з кабінета з дазволам на пячатку і ўручыла яго Івану Іванавічу. Ён аж зазіхацеў ад шчасця. Потым яшчэ доўга ўзгадваў гэты, як казаў ён, удалы нумар і ўсё хацеў, каб я расказала яму нейкія падрабязнасці. Ён так і не паверыў, что міліцыянт той моўчкі, без усялякіх кампліментаў, падпісаў мне тую паперу.

Але вернемся ў цяперашні час. На ложку, дзе ляжыць Іван Іванавіч, побач з ім заўважаю рукапісы, блакнот, часопісы.

– Магчыма, – гаворыць ён, – каб не трапіў у тую аварыю, дык і пісьменнікам не стаў. Часу свабоднага стала шмат. Усе свае гады пасля аварыі трэніраваўся, каб падтрымліваць здароўе, і пісаў.

Дарэчы, Іван Капыловіч – вядомы беларускі пісьменнік. Ён аўтар кніг прозы «Сонца садзіцца ў травы», «Два дні ў лютым», «Асенні гром», «Сны не вяртаюцца», «Імянны гадзіннік», «Пасынак», «Крумкач», «Лісты з далёкай чужыны», «Калі трэба жыць». Таксама ён піша вершы, якія друкуюцца ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя» і «Маладосць». Нядаўна ў часопісе «Полымя» была надрукавана апошняя яго аповесць «Правінцыялка», якую ён прысвяціў сваёй маці.

– Я ведаю, – зноў кажа, – якая гэта страшэнная мука – быць інвалідам. Кожны крок – гэта пакута. Мне ў туалет пайсці – праблема. У ванную – таксама. Праблемы на кожным кроку. Трэба ўвесь час змагацца з самім сабой, са сваёй хваробай, немаччу. У канцы красавіка будзе 45 гадоў інваліднага стажу. Маіх знаёмых, якія ў той час сталі інвалідамі, ужо няма. Яны ўсе памерлі. Таму што сталі піць гарэлку. Я стараюся глядзець за сабой, падтрымліваць свой стан здароўя.

На працягу ўсіх гэтых гадоў кожны дзень ён пачынае з зарадкі на тапчане, які спецыяльна для гэтага прыладзіў у прыхожай. Потым ходзіць з хадункамі па хаце. 10 кругоў па 18 метраў. Раней хадзіў і па сорак кругоў. Затым робіць для рук практыкаванні з гумавымі жгутамі.

– Хутка лета, – кажа, – буду ездзіць на дачу. Праўда, у хату па ступенях на калясцы ўжо не заеду. Буду сядзець у двары. А вечарам паеду назад у Мінск. Канечне, мяне маглі б і жонка з дачкой закаціць на калясцы ў хату. Але я не хачу. Бо там праблемы, нічога не прыстасавана. У кватэры я магу сам сябе абслугоўваць.

Загаварылі пра ліфт. Аказваецца, у доме ёсць грузавы ліфт. Але ён не заўсёды працуе. Не раз ужо былы першы рэдактар газеты для інвалідаў шукаў рады ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Пісаў туды. Прыходзіў адказ, што ліфт знаходзіцца ў спраўным стане.

– А які ён спраўны? – абураецца мой суразмоўца. – Едуць людзі, і раптам ліфт спыняецца паміж паверхамі. Аднойчы з’ехаў на калясцы ўніз. А калі надумаўся вяртацца – ліфт ужо не працаваў. Добра, што пры мне былі яшчэ і хадункі. Я пад’ехаў да звычайнага ліфта, абапёрся на хадункі, склаў каляску, бо на ёй у ліфт не ўедзеш, і так падняўся на свой паверх. А калі б не было тых хадункоў! Трэба было б каго-небудзь прасіць, каб па лесвіцы мяне на трэці паверх усцягнулі.

Іван Іванавіч прызнаецца, што ва ўсім яму дапамагае жонка, Валянціна Паўлаўна. Ёй таксама хутка споўніцца семдзесят год. А разам яны ўжо з 1971 года. Прычым, замуж за яго пайшла, калі ён быў ужо інвалідам.

Гаварылі і пра абраную ім прафесію.

– Калі б давялося пачынаць жыццё зноў, – кажа, – на журфак наўрад ці паступаў бы. Лепш пайшоў бы вучыцца на ўрача. Гэтая прафесія патрэбная людзям. Альбо ў інстытут замежных моваў. Быў бы выкладчыкам нямецкай мовы. Сёння літаратурная праца абясцэнена. За яе не пражывеш. Раней, у сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя, калі выйшла ў свет мая першая кніжка, за ганарар я купіў машыну. Выхо-
дзілі іншыя мае кніжкі, і за гэтыя ганарары я пабудаваў дачу, купіў дабротную мэблю. А зараз гэтыя кніжкі нікому не патрэбныя. Што тычыцца таго перыяду майго жыцця, калі наладзіў выпуск газеты «Наша доля», дык лічу, што зрабіў добрую справу.

І ўжо чытачам нашай ці нават сваёй газеты ў канцы гутаркі Іван Капыловіч параіў, нягледзячы на цяжкі лёс інваліда, заўсёды заставацца Чалавекам.

Жанна КАНОПЛІЧ

Фота з архіва Івана Капыловіча 

Іван Капыловіч

Мой шлях зямны – выпрабаванні:

Пражыты кожны дзень і міг,

І халады, і спадзяванні,

І летуценныя світанні

Парою сцюжаў і адліг.

 

Мой спадарожнік – адзінота,

Яна са мною там і тут,

Парою сонца, часам слоты,

І гэтым днём не без турботаў,

Не без надзеяў і пакут.

 

Ісці мне давядзецца многа,

Дарогай той не без імжы,

Дзе я шукаў сябе самога,

Звяртаўся да людзей і Бога,

Не знаючы, як далей жыць.

 

Хачу вярнуцца да вытокаў,

Якія гоняць карані

Таго, што мае сэнс глыбокі,

У часе блізкім і далёкім

Сябе чым буду бараніць.

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.