Прафесія – любоў да людзей

27 сакавіка ў дзяржаўнай установе «Спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў № 1» у Мінску было свята. І няхай так яго зможа назваць зусім не кожны, але для людзей, якія ў той дзень сабраліся разам, такіх сумненняў не было. Сусветны дзень сацыяльнай працы разам адзначылі работнікі сацыяльнай сферы і людзі, якім яны дапамагаюць.

Начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Дзіяна Дзямідава заўважыла: «Сацыяльная праца – гэта нашае паўсядзённае жыццё». Яна сцісла расказала пра тое, чым займаецца камітэт: пра ўніверсітэт трэцяга ўзросту, дзе ідзе навучанне камп’ютарнай пісьменнасці, замежным мовам, журналістыцы; пра мерапрыемствы для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (а сёлета будзе адзначацца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў); пра фестываль маладых інвалідаў і іншае.

Дырэктар ДУ «Спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў № 1» Эла Багданава сказала, што сацыяльны работнік сваёй працай звязвае тых лю-дзей, якім дапамагае, нябачнай нітачкай з усім астатнім светам. І гэтыя шчырыя словы сказалі болей, чым магло б прагучаць у самай доўгай і змястоўнай прамове.

А потым пачаўся канцэрт, вядоўцай якога была любімая ўсімі Надзея Лядоўская. Удзельнікаў было шмат – гэта і ансамбль «Суседушкі», калектыў усходняга танца «Багіня» Ленінскага ТЦСАН Мінска, спявачкі Тамара Анісковіч і Вольга Патрый. Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі расказаў пра літаратурную студыю «Пралог», школу танца «Дар», музычную студыю «Эўрыдзіка», якія дзейнічаюць у «Інвацэнтры». Пасля пачаліся выступленні маладых людзей, якія займаюцца ў студыі «Эўрыдзіка» – напрыклад, у выкананні Марыны Нерушавай прагучала «Прэлюдыя До-мажор» Ёгана Себасцьяна Баха, і інш.

І хочацца думаць, што ніхто з удзельнікаў не адчуваў сябе лішнім на свяце, ні пра каго з іх не сказалі, няхай сабе і не проста ў вочы, што ён тут не патрэбны. Іначай ад каго чакаць ім спагады і падтрымкі? Толькі ад сацыяльных работнікаў, якія абралі сваёй прафесіяй любоў да людзей.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.