Калі дом становіцца турмой

Рубрики: Новости.

Пытанні безбар’ернага асяроддзя і даступнасці жылля былі абмеркаваныя нядоўна падчас сустрэчы з экспертамі Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Мэта дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы – павышэнне якасці жыцця і дасягненне не меншага яго ўзроўню, чым у людзей, якія не з’яўляюцца інвалідамі. Відавочна, што жыллё ў гэтым плане мае ці не найважнейшае значэнне. То бок, страта жылля або няякаснае жыллё проста ператвараюць жыццё чалавека ў суцэльную праблему. Іншымі словамі, жыллё – важны паказчык узроўню якасці жыцця. У той жа час, як адзначыў каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, усе дзяржпраграмы, звязаныя са стварэннем безбар’ернага асяроддзя, на жаль, ніякім чынам не разглядаюць гэтае пытанне, не кажучы ўжо пра яго вырашэнне.

Дарэчы, сёння не існуе карэктных звестак нават аб даступнасці аб’ектаў грамадскай інфраструктуры, не кажучы ўжо пра дакладныя звесткі наконт жылля. Спроба ацаніць яго была зробленая два гады таму, але поспеху не мела. Адзіныя звесткі, якія сёння існуюць, – гэта дадзеныя грамадскіх арганізацыяў. Так, Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў заяўляе, што сярод тых яе членаў, якія пастаянна карыстаюцца інваліднай каляскай, дзевяць з дзесяці чалавек пастаянна маюць цяжкасці з тым, каб выйсці з дому альбо трапіць дадому. Нягледзячы на тое, што за апошнія гады ў стварэнне безбар’ернага асяроддзя ўкладзеныя значныя сродкі, нельга сказаць, што на вуліцах можна ўбачыць болей людзей у інваліднай калясцы або з белай тросцю, чым тры-чатыры гады таму. «Радыкальных зменаў няма», – падсумаваў Сяргей Драздоўскі.

– Таксама не варта было б забываць, што для нармальнага жыцця чалавеку з абмежаванай мабільнасцю патрэбны не толькі пандус каля пад’езда, – працягнуў размову выступоўца. – Інваліднасць, асабліва набытая, накладвае свае патрабаванні на ўмовы пражывання чалавека. Гэта якраз той самы выпадак, калі жыццё не павінна быць пастаянным пераадольваннем бар’ераў. Фіксуецца нямала выпадкаў, калі чалавек у інваліднай калясцы атрымлівае траўмы ва ўласнай кватэры, спрабуючы патрапіць, да прыкладу, у ванны пакой. Канешне, у такой сітуацыі неабходная рэканструкцыя жылля, а калі гэта немагчыма зрабіць – напрыклад, у старым доме, – патрэбная змена жылля. І дзяржава намагаецца садзейнічаць гэтаму. У Беларусі такі вопыт ужо быў, і цяпер мы зноў да яго вяртаемся. Пры гэтым новае жыллё павінна знаходзіцца непадалёк ад месца пражывання сваякоў чалавека з інваліднасцю альбо каля месца яго працы.

Нехта можа падумаць, што нормы даступнасці жылля заўсёды выконваюцца. Як сцвярджае Сяргей Драздоўскі, гэта не заўсёды так. Якраз такі большасць новых будынкаў не адпавядаюць нормам безбар’ернага будаўніцтва, нават пры тым, што ў праектах гэта можа быць закладзена. Чытачы могуць успомніць, што ў мінулым нумары газеты быў змешчаны матэрыял пра Рычарда Паўлоўскага, які вырашаў гэтую праблему праз суд. Больш падрабязна пра яшчэ некалькі падобных выпадкаў расказала Вольга Трыпуцень, юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Сяргей Драздоўскі ўзгадаў, што ён асабіста сустракаўся з чалавекам, які сем гадоў не выходзіў са сваёй кватэры. У такой сітуацыі вядомае выслоўе «Мой дом – мая крэпасць» можна перафразіраваць на «Мой дом – мая турма».

Бадай што адзіны станоўчы прыклад, які можна знайсці на сёння – будаўніцтва квартала «Маяк» у Мінску, забудоўшчыкі якога адзначаюць, што гэты раён у параўнанні з іншымі ў большай ступені прыстасаваны для пражывання ў ім людзей з абмежаванай мабільнасцю. Але такі падыход яшчэ не стаў нормай. Дарэчы, у Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях ёсць раздзел, дзе змешчаныя нормы адказнасці за парушэнні ў архітэктуры. Забудоўшчыкам добра было б пра гэта памятаць.

На праблему стварэння безбар’ернага асяроддзя ў сельскай мясцовасці таксама звярнула ўвагу Вольга Трыпуцень. У параўнанні з горадам, дзе для гэтага ёсць якія-ніякія ўмовы, у вёсцы зрабіць гэта нашмат цяжэй, а здараецца, што і амаль немагчыма.

– Часам адбываюцца ўвогуле нейкія неверагодныя рэчы, – пераходзіць да іншага пытання Сяргей Драздоўскі. – Напрыклад, калі ўзяць стварэнне дапаможніка па безбар’ерным асяроддзі. Ён павінен быў дапамагчы любому чалавеку зразумець, што гэта такое. У выніку быў створаны шэраг дакументаў, якія можна адшукаць ў інтэрнэце, але яны знаходзяцца ў платным доступе. Выдатны спосаб зарабіць грошай на праблеме. Іншымі словамі, час ідзе, а пытанняў не робіцца меней. Многа можна сказаць пра тое, як сёння ствараецца безбар’ернае асяроддзе, але, па вялікім рахунку, калі чалавек не можа выйсці з дому, то для яго не мае сэнсу, ці з’яўляюцца даступнымі іншыя аб’екты інфраструктуры, – слушна заўважыў выступоўца.

– Добра было б, каб усе зразумелі, што людзі з інваліднасцю не патрабуюць нейкіх звышнатуральных умоваў жыцця для сябе, – падкрэсліў Сяргей Драздоўскі. – Для іх гэта простая неабходнасць, без якой нельга абысціся, нельга нармальна жыць. Дзіўна было б, згадзіцеся, калі б цяпер раптам пачалі будаваць дамы без элементарных выгодаў, без вады і святла, напрыклад. А для інвалідаў безбар’ернае жыллё і ёсць тое, без чаго немагчыма абысціся.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.