Расповед на вольную тэму

Насамрэч, тэма ў нашай размовы была зусім не адна. Нядаўна мой субяседнік, дырэктар Баранавіцкага філіяла «Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра» Юрый Уладзіміравіч Мазалевіч адзначыў два важныя юбілеі. 26 студзеня споўнілася дваццаць пяць гадоў яго працы, а чацвёртага лютага сам Юрый Мазалевіч адсвяткаваў пяцідзесяцігоддзе. Яму ёсць што ўспомніць і чым падзяліцца.

 

Пра Божую волю і наканаванне

– Я не зусім сціплы чалавек. Я ўмею рабіць сваю справу і ўмею расказаць пра яе. Вось як пах для кветкі – так характар для чалавека. Напэўна, калі б я быў кветкаю, дык на мяне ні адна пчала не села б, – з усмешкай пачынае размову Юрый Ула-дзіміравіч, – вось такі ў мяне характар. Але я лічу, раз Бог яго мне даў, значыць, ён патрэбны на гэтым свеце.

Што тычыцца маёй прафесійнай дзейнасці… У мяне пытаюцца часам, як я апынуўся там, дзе працую. Раней я адказваў, што апынуўся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, а потым адна жанчына, інвалід-калясачнік, у іншы бок схіліла мой светапогляд. Яна сказала, што калі б не было наканавана, то не апынуўся б я ў той час і ў тым месцы. Значыць, так было трэба, Бог глядзеў зверху і бачыў, што ад гэтага будзе і людзям карысць, і я сам лепшым стану.

Цяпер я магу сказаць: я такі, як ёсць, толькі таму, што Госпад падарыў мне цудоўную жанчыну, маю другую палавінку, і таму, што ён паставіў мяне на тое месца, дзе я ёсць. Я раблю сваю справу і адчуваю задавальненне ад вынікаў.

 

Пра чалавечую дабрыню і правільныя словы

Юрый Уладзіміравіч узгадвае выпадак, які, здавалася б, быў зусім звычайным і ў той жа час – змяніў усё яго жыццё:

– Дваццаць чатыры гады таму (я тады ўжо год працаваў на сваім прадпрыемстве) мне ўпершыню давялося атрымаць задавальненне ад таго, што я дапамог чалавеку. Раней я не ведаў гэтай асалоды, – шчыра кажа мой суразмоўца. – Хаця выпадак гэты быў не зусім адназначны. Уявіце: майстэрня ў Баранавічах, я раблю прымерку пратэза, людзі чакаюць, і тут адзін чалавек просіць дазволу прайсці без чаргі, іначай ён спозніцца на цягнік і не зможа даехаць дадому. Ён ужо спытаў у людзей, ці можна яму прайсці хутчэй, але яго не прапусцілі. Тады я сам папрасіў за яго. Ведаеце, я ніколі не прасіў для кагосьці. Для сябе – так, здаралася, а каб для другіх – не было такой сітуацыі. І я зразумеў, што прасіць за кагосьці вельмі лёгка. Вось я выйшаў і кажу, што здарылася, прашу: «Прапусціце чалавека, калі ласка». І ўсе пагадзіліся – няхай ён пройдзе. І я ўбачыў, якімі людзі могуць быць адкрытымі і зычлівымі. На дабрыню яны заўсёды адкажуць дабрынёю.

– А потым адбылася такая справа… – Юрый Уладзіміравіч на некалькі імгненняў задумваецца, але потым дадае: – Ну, усё як на духу кажу. Насупраць майстэрні быў магазін. Гэты чалавек, якога прапусцілі без чаргі, пабег туды, вярнуўся, падзякаваў мне яшчэ раз і паставіў на мой стол бутэльку каньяку. І я адказаў яму такімі словамі, якіх сам ад сябе не чакаў: «Што ж вы робіце? З-за такіх, як вы, мы, маладыя, і співаемся. Лепей бы вы ў царкве свечку за маё здароўе паставілі, і гэта была б найлепшая падзяка». Той мужчына разгубіўся, не ведаў ужо, што сказаць, ды і сышоў. Мне потым так стала брыдка за свае словы! – прызнаецца мой суразмоўца. – Гэта ж трэба было такога нагаварыць.

А гады праз паўтара ці два пасля таго выпадку мы зноў з тым чалавекам ўбачыліся ў майстэрні. Я адразу не ўзгадаў, а ён пытаецца: «Помніце, я вам хацеў бутэльку даць?» Тут я і ўспомніў, пачаў прасіць прабачэння за тое, што калісьці сказаў. А ён раптам: «Вы мне тады ўсё правільна сказалі. Вы ведаеце, я царкоўны стараста, і цяпер я кожны раз на службе стаўлю вам свечку за здароўе». Дарэчы, я ў той час, пасля арміі, цяжка хварэў, а за тыя паўтара-два гады, што мінулі з нашай першай сустрэчы, я ў госпіталь не трапляў і нават на бальнічным ні разу не быў. Вось так атрымалася.

 

Пра адданасць сваёй справе і мамін паратунак

Узгадаўся Юрыю Уладзіміравічу і іншы цікавы выпадак:

– Калі я толькі пачынаў працаваць, то на некаторы час прыехаў у Мінск з Баранавічаў. Вучыўся ўсяму, бо нічога ж не ведаў, а столькі ўсяго трэба было ўмець рабіць. І раптам мяне разам з начальнікам аддзела кадраў запрашаюць да генеральнага дырэктара. Дырэктар мне паціскае руку, віншуе, а я гляджу на яго з неразуменнем і пытаюся: «А з чым?» – «Сёння ж чацвёртага лютага? У вас дзень нараджэння! Вам дваццаць пяць гадоў спаўняецца!» А я настолькі паглыбіўся ў сваю справу, што забыўся на ўласны дзень нараджэння. Тады начальнік аддзела кадраў паглядзела на мяне і кажа: «Ён будзе тут працаваць. Раз ужо ён так запрацаваўся, што пра свой дзень нараджэння забыў, то з яго будзе толк».

– Я ніколі не думаў, што буду займацца менавіта гэтай справай. Быў вельмі імпульсіўны, гарэзлівы. Адным словам, хуліган, – усміхаецца Юрый Уладзіміравіч. – А пасля службы ў войску я вярнуўся з пашкоджаным здароўем. Можа, так і трэба было, каб я потым крыху прызадумаўся. Думаў, як часам кажуць, што ў сарочцы нарадзіўся. А мяне матуля зберагла, бо яна ўгаварыла ўзяць з сабою ў армію хрысцільны крыжык. Гэта, вядома, было забаронена, таму я ў асабістых дакументах падрэзаў падкладку, у вугалочак залажыў крыжык, і ён быў са мною. Ён мяне і збярог.

Потым я быў на лячэнні ў госпіталі імя Машэрава. Прыехаў туды міністр сацыяльнага забеспячэння Крывулін на так званы адзіны палітдзень. А гэта была перабудова, дэмакратыя… Мне сказалі, што я буду задаваць пытанні міністру. Пытанні загадзя падрыхтавалі і нават дазволілі адно сваё задаць. Праўда, я не адно, а два пытанні ад сябе задаў. Пачуў свабоду, – жартуе Юрый Уладзіміравіч. – Я тады жыў у доме на пятым паверсе, ліфта не было, і падымацца і спускацца было складана. А на заводзе аўтаматычных ліній не мог працаваць па сваёй спецыяльнасці, таму мяне ўвесь час ставілі то дыспетчарам, то загадчыкам складу. Калі нейкая жанчына сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак, я яе падмяняў. Часам жартавалі, што я ўсіх жанчынаў у дэкрэт адпраўляю, – з усмешкай узгадвае Юрый Мазалевіч. – І я задаў два свае пытанні – пра кватэру і пра працу. Мінула некалькі месяцаў, і мяне выклікалі да першага сакратара гаркама партыі, назвалі тры адрасы  і дазволілі выбраць кватэру. Таксама ў Баранавічах збіраліся адкрываць пратэзна-артапедычную майстэрню і прапанавалі для гэтага маю кандыдатуру. Я пачаў даводзіць, што нічога ў гэтым не разумею. Тады мне сакратар гаркама сказаў: «Мы пасылаем камсамольцаў на БАМ. Вы ж камсамолец? Дык мы вам камсамольскую пуцёўку сюды аформім». Тут ужо я сказаў, што не трэба пуцёўкі, я згодны без яе.

 

Пра прафесійнасць і жаданне дапамагаць людзям

– Вось так дваццаць пяць гадоў я і займаюся гэтай справай. Асалоду адчуваю ад таго, што дапамагаю людзям. Вось нядаўна было такое – дзяўчынка выпала з восьмага паверха, у яе праблемы з нагой. Мы з доктарам параіліся і сказалі, што зробім усё, каб яна зноў добра хадзіла. І мы ў гэта ўкладзем усё старанне, усю прафесійнасць і сваю душу.

Былі, канешне, не лепшыя часы і ў нашага прадпрыемства. Грошай не хапала, але мы ўбачылі, што і іншую карысную справу можам рабіць. Ёсць зараз вялікая праблема прафілактыкі захворванняў апорна-рухавага апарату ў дзяцей, праблема прафесійных захворванняў – напрыклад, у галіне лёгкай прамысловасці. Мы пачалі працаваць у гэтых накірунках. Сёння нашая прадукцыя выйграе па якасці і па кошце ў прыватных вытворцаў, а ўсё гэта дзякуючы таму, што мы не толькі выжылі ў складаных эканамічных умовах, але і ўвесь гэты час не стаялі на месцы, развіваліся. Нашае прадпрыемства знаходзіцца на самаакупнасці і не патрабуе фінансавання з дзяржаўнага бюджэта, і адначасова мы вырашаем важныя праблемы, дапамагаем людзям. Цяпер у нашым цэнтры адкрыўся корпус па прафесійным навучанні інвалідаў, у тым ліку інвалідаў-калясачнікаў. Пабудаваны інтэрнат, дзе могуць жыць тыя, хто прыедзе ў Мінск з іншых гарадоў.

Шчыра кажучы, я вельмі ўдзячны Богу, што знаходжуся там, дзе ён мяне паставіў, і раблю тое, што ён мне даручыў. У маладосці я даведаўся, як гэта – быць абмежаваным у сваіх магчымасцях. Цяпер я магу разумець людзей, якія апынуліся ў такім жа становішчы. Разумець не толькі для таго, каб пашкадаваць, але, у першую чаргу, – каб дапамагчы.

 

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.