Прыйшла Каляда… Адзначыць святы ніколі не позна

Рубрики: Новости.

15 студзеня ў мінскім Палацы культуры чыгуначнікаў члены Кастрычніцкай раённай арганізацыі ГА «БелТІ» сабраліся на Калядны баль, каб адзначыць разам ужо надышоўшы Новы год і Божае нараджэнне.

Згадкай пра яго і пачалася імпрэза. Выступоўцы спелі ўсім вядомую «Ціхую ноч», успомнілі падзеі, што адбыліся дзве тысячы гадоў таму – калі анёлы з нябёсаў абвясцілі людзям пра нараджэнне Ісуса Хрыста, а ў небе з’явілася новая зорка.

На свяце чакалі і Дзеда Мароза са Снягурачкай, але Снягурка прыйшла адна, а Дзеда Мароза, як высветлілася, яна згубіла па дарозе. Зрэшты, пасля таго як усе разам дружна яго паклікалі, дзядуля хуценька адшукаўся – відаць, ён хадзіў дзесьці непадалёк, заблукаўшы ў хітраспляценнях Палаца чыгуначнікаў. А каб даказаць, што ён – самы сапраўдны, а не які-небудзь Дзед Мароз-халтуршчык, навагодні чараўнік пры падтрымцы ўсіх прысутных прымусіў загарэцца каляровымі агеньчыкамі ёлку. Гэта быў важкі аргумент. І пажаданні Дзеда Мароза для ўдзельнікаў свята былі самыя сапраўдныя: каб усе няшчасці засталіся ў мінулым годзе, а ў новы год прыйшло ўсё найлепшае – радасць, поспех, здароўе. Каб сяброў было столькі, колькі іголак на ёлцы, і каб яны ззялі кожнаму ўсё жыццё, як ёлачныя агеньчыкі.

Але якое ж можа быць свята без чароўнай казкі? Вось і гэтым разам гледачы ўбачылі гісторыю Папялушкі, за якой усе сачылі з уважлівасцю і інтарэсам. Вядома, у цуды верыцца ў любым узросце –

таму, напэўна, і карыстаецца такой любоўю гэтая немудрагелістая казка са шчаслівым заканчэннем.

З прыказкай «Прыйшла Каляда – адчыняй варата!» завіталі на свята калядоўшчыкі:

Гаспадынечка, журавіначка,

Пойдзем у хатачку на бяседачку…

Іх справа была простая – услаўленне гасцінных гаспадароў, зычанне шчасця і багацця ў новым годзе, жарты, песні. Цыганка з гурта калядоўшчыкаў прасіла пазалаціць ёй ручку, даволі ўкормленая Каза – абавязковая гераіня каляднага дзейства – скардзілася, як доўга яна не ела ды як пахудзела, і збірала пачастункі.

Былі на свяце і іншыя госці – напрыклад, завіталі на яго з далёкай Швецыі ажно два Карлсаны, адзін з якіх размаўляў выключна па-беларуску. Відаць, вельмі ён упадабаў Беларусь, можа, нават тут і застанецца.

Іншымі словамі, свята сапраўды атрымалася. А старшыня Кастрычніцкай раённай арганізацыі Валянціна Міхайлаўна Махнач заўважыла:

– Ад кожнага новага году заўсёды чакаеш нейкага цуду. Калі сёлета нешта не атрымалася, хочацца думаць, што ў наступным годзе ўсё зменіцца. І вы ведаеце – атрымаецца, абавязкова атрымаецца, і гэта ад нас залежыць. Трэба проста ўстаць, паглядзець у вакно, павітацца з сонейкам… Дождж ідзе? Павітайцеся з дожджыкам! Усміхайцеся і радуйцеся ўсяму, дарыце адно аднаму шчасце, і яно вернецца да вас, – параіла ўсім Валянціна Міхайлаўна.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.