Пяць залатых дзесяцігоддзяў
Выбівана дарожка маладым.
Хто ж гэту дарожку выбіваў,
Хто ж гэту дарожку выбіваў?
Выбіваў дарожку Грышанька,
Да сваёй Зоінькі ездзячы…
Залатое вяселле – заўсёды светлае свята. Яно нібы сцвярджае, што ёсць у нашым жыцці, такім хісткім і няпэўным, сапраўднае пастаянства, больш за тое – сапраўднае каханне ёсць. 18 лютага ў гарадскім пасёлку Шуміліна, што на Віцебшчыне, адзначалі пяцьдзясят гадоў, разам пройдзеных па жыцці, Рыгор Афанасьевіч і Зоя Дзянісаўна Гуґсаравы.
Свята арганізавалі члены Шумілінскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Восем гадоў Рыгор Афанасьевіч узначальваў Дабейскую пярвічную арганізацыю, цяпер з’яўляецца намеснікам старшыні пярвічкі і членам праўлення Шумілінскай раённай арганізацыі. Увогуле ж Рыгор Афанасьевіч больш за дваццаць гадоў быў сакратаром Дабейскага сельскага Савета, а Зоя Дзянісаўна ўсё жыццё працавала ў калгасе. Там жа, на Шуміліншчыне, маладыя людзі некалі і пазнаёміліся. Было гэта так.
Пасля заканчэння тэхнікума Рыгор Афанасьевіч – не, відаць, тады яшчэ проста Рыгор, Рыгорка – вярнуўся ў свой родны калгас, дзе пачынаўся яго працоўны шлях. Ён працаваў заатэхнікам, і яго службовым абавязкам было кожную раніцу аб’язджаць фермы сваёй гаспадаркі. Але асабліва цягнула хлопца на ферму ў вёску Сосніна, дзе працавала прыгожая і смяшлівая дзяўчына Зоя (гледзячы на твар Зоі Дзянісаўны цяпер, гэтую смяшлівасць не-не ды і заўважыш. Тая дзяўчына, якая любіла ўсміхацца, нібыта проста схавалася за зморшчынкамі і сівізною…) Часта маладым людзям даводзілася разам ездзіць на раённыя і абласныя нарады, Рыгору – як сакратару партыйнай арганізацыі гаспадаркі, Зоі – як сакратару камсамольскай арганізацыі. Агульныя інтарэсы і аб’ядналі іх, і не дзіўна, што хутка хлопец і дзяўчына пакахалі адно аднаго.
Гісторыя знаёмства і кахання гэтых двух людзей вельмі простая, немудрагелістая – зрэшты, а хіба не так знаёміліся нашыя бацькі, бабулі, дзядулі? І стваралі моцныя сем’і, і ўмела гадавалі дзяцей, а ў нашай памяці засталіся іх простыя і чыстыя гісторыі кахання.
Сёння, азіраючыся на пражытае разам жыццё, Рыгор Афанасьевіч і Зоя Дзянісаўна могуць сказаць, што зрабілі ўсё самае важнае: пабудавалі дом, пасадзілі сад, вырасцілі дзвюх дачок – Аксану і Веру. Сваім прыкладам яны даказваюць, што каханне можна пранесці праз паўстагоддзя, не згубіўшы ані кропелькі, ані драбочка, а толькі прымножыўшы яго. Канешне, шмат чаго было перажыта за гэтыя гады (зрэшты, як і ў любой сям’і), але два сэрцы засталіся па-ранейшаму блізкімі. А да любові далучыліся яшчэ і ўзаемапаразуменне, пяшчота, клопат адно пра аднаго і глыбокая павага, без якіх сапраўднае каханне бадай што і не можа існаваць.
***
Ёсць такая традыцыя – на залатым вяселлі сужэнцы абменьваюцца новымі пярсцёнкамі. За столькі гадоў паспелі змяніцца іх рукі, ды і золата пярсцёнкаў за гэты час сціраецца і блякне, вось і з’явіўся звычай абнаўляць іх. А Рыгору Афанасьевічу і Зоі Дзянісаўне прапанавалі абмяняцца пярсцёнкамі з золата іншага кшталту – зробленымі з залатой саломы. Гэтыя пярсцёнкі сталі сімваламі доўгай працы мужа і жонкі Гусаравых на сваёй зямлі і для карысці краіне.
Ёсць і яшчэ звычай: на залатым вяселлі бацькоў дзеці дораць маці хустку, абавязкова вышытую залатымі ніткамі. Яркую хусцінку накінулі на плечы і Зоі Дзянісаўне Гусаравай. А яшчэ маладым прапанавалі на выбар два пакункі. Зоі Дзянісаўне дастаўся прыгожы, абшыты футрам боцік, Рыгору Афанасьевічу, як ні дзіўна, таксама боцік. Тут і пацвердзілася народная мудрасць, што два боты – пара, а муж і жонка – найлепшая суполка.
Павіншаваць сужэнцаў Гусаравых з залатым вяселлем і ўручыць ім падарункі прыехалі старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі
Міхаіл Ягоравіч Каралюн і начальнік аргсацаддзела Беларускага таварыства інвалідаў Ганна Ігнатаўна Цыганкова.
Завітаў на залатое вяселле і айцец Фёдар Пучынскі, настаяцель шумілінскага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Пакуль што царква яшчэ будуецца, нядаўна на яе званіцы быў усталяваны купал, яшчэ адзін чакае сваёй чаргі. Уласна кажучы, царква ў Шуміліне была пабудаваная яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя, але гісторыя яе трагічная: у 1944 годзе нямецка-фашысцкія захопнікі разабралі храм, каб пабудаваць абарончыя бліндажы. І толькі чатыры гады таму пачалося будаўніцтва новай царквы. Айцец Фёдар пажадаў сужэнцам Божага спрыяння і дабраславення на многая лета, падарыў ім абраз Мікалая Цудатворцы і Святое Евангелле. А яшчэ выказаў Рыгору Афанасьевічу і Зоі Дзянісаўне выдатнае пажаданне: павянчацца ў новым храме.
Як распавялі завітаўшым на свята гасцям, імёны сужэнцаў Гусаравых унесеныя ў кнігу
ганаровых юбіляраў Шумілінскага раёна. А супрацоўніца шумілінскага загса ў гонар 50-годдзя сямейнага жыцця папрасіла мужа і жонку Гусаравых паставіць подпісы ў юбілейным запісе акта аб заключэнні шлюбу. На памяць Рыгор Афанасьевіч і Зоя Дзянісаўна атрымалі юбілейнае пасведчанне аб залатым вяселлі.
***
Кажуць, што ў старасці на твары чалавека можна ўбачыць яго душу. Я яшчэ раз пераканалася ў гэтым, гледзячы на Рыгора Афанасьевіча і Зою Дзянісаўну Гусаравых: такая пяшчота, такая цеплыня бачная на іх тварах! А самі муж і жонка нібыта свецяцца дзівосным святлом, якое запалілася ў іх паўстагоддзя таму і дагэтуль не згасае.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.